ПЕРШАЕ. ВЫТВОРЧАСЦЬ
Паводле інфармацыі ўрада, у цэлым Міністэрства прамысловасці апошнія некалькі гадоў забяспечвае стабільны рост аб’ёмаў вытворчасці. «За тры гады прыраслі амаль на 40 працэнтаў. Ёсць вынік і ў мінулым годзе. Прамысловай прадукцыі выраблена амаль на Br30 млрд, тэмп росту – амаль 113 працэнтаў», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
ДРУГОЕ. РЭАЛІЗАЦЫЯ ПРАДУКЦЫІ
У апошнія гады знешні гандаль арганізацый Мінпрама характарызаваўся, з аднаго боку, ростам экспартных паставак, з іншага – вымушаным пакіданнем заходніх рынкаў. У 2023 годзе галіна выдала рэкордны за апошняе дзесяцігоддзе экспарт – $6,5 млрд. Прырост да ўзроўню 2022 года – амаль паўмільярда, або каля 8 працэнтаў. Прычым экспарт стабільна павялічваецца тры гады запар. Значыць, прамысловасць змагла нівеліраваць негатыўныя тэндэнцыі 2019-2020 гадоў, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
ТРЭЦЯЕ. ІМПАРТАЗАМЯШЧЭННЕ
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі могуць ствараць канкурэнтаздольную тэхніку з выкарыстаннем айчынных матэрыялаў і камплектуючых. Аднак, паводле яго слоў, па шэрагу напрамкаў абнаўленне прадукцыі і вытворчасцей ідзе вельмі марудна. «Трэба выбудаваць надзейную абарону ад любых знешніх фактараў – яшчэ адна задача для ўсіх. Вось чаму так жыццёва важна імпартазамяшчэнне, якім трэба займацца пастаянна», – падкрэсліў Прэзідэнт.
ЧАЦВЁРТАЕ. ДЫСЦЫПЛІНА
«Мы зноў вяртаемся да пытанняў выканальніцкай дысцыпліны, дакладней да яе адсутнасці і слабага кантролю на ўсіх узроўнях. Як вынік, пастаянна выкрываюцца карупцыйныя схемы і, што абсалютна непрымальна, колькасць іх расце», – абазначыў сутнасць праблемы кіраўнік дзяржавы.
ПЯТАЕ. ЯКАСЦЬ
«У Год якасці (ды і заўсёды) выпускаемая прадукцыя павінна быць на самым высокім узроўні. І ніяк інакш. Гэта не капрыз, а суровая жыццёвая неабходнасць. Пытанне будучыні краіны і народа. Наша прадукцыя павінна быць якаснай па ўсіх характарыстыках і параметрах», – падкрэсліў беларускі лідар.
ШОСТАЕ. КАДРЫ
«Усё важна – інвестыцыі, тэхналогіі, дысцыпліна, якасць прадукцыі. Але важней за ўсё – кадры, кадры і яшчэ раз кадры. Высакакласны спецыяліст вырашыць любую праблему, невук загубіць справу. Аднак мы сёння вымушаны гаварыць не пра якасць падрыхтоўкі кадраў, а пра іх павальны дэфіцыт. Асабліва рабочых», – адзначыў Прэзідэнт.
ШТО Ў ВЫНІКУ?
Падводзячы вынікі нарады, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: тое, што дзяржава і народ не адчуваюць дзікага санкцыйнага націску, – заслуга прамысловасці, аднак дасягнутых вынікаў пакуль недастаткова. Кіраўнік дзяржавы згадзіўся, што працаваць на знешніх рынках няпроста, канкурэнцыя там вялікая. «Трэба настроіцца не на дзясяткі тысяч продажаў нашай тэхнікі, а па два, па тры, па чатыры, па пяць. Потым і да трох тысяч дойдзеце», – адзначыў ён.
А як на Капыльшчыне?
Меркаваннем дзеліцца намеснік старшыні райвыканкама Святлана Маліноўская:
– Уважліва азнаёмілася з вынікамі вялікай нарады Прэзідэнта на тэму стану і задач развіцця прамысловасці. сёння вытворчасць з’яўляецца флагманам для развіцця рэспублікі, у тым ліку і раёна. Што датычыцца Капыльскага рэгіёна, то ў нас назіраецца рост прамысловай вытворчасці і яе аб’ёмаў. За два месяцы бягучага года тэмп росту склаў 117,8% – гэта вельмі добры вынік. Атрымана прамысловай прадукцыі на 5,5 млн рублёў. У асноўным гэта харчовыя тавары, якія вырабляюць Капыльскі кааппрам, «Саліта-Біс», а таксама Капыльская ЖКГ – па вытворчасці пары і цяпла.
На тэрыторыі раёна дзейнічае і шэраг іншых прадпрыемстваў. Добрыя вынікі па нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці паказваюць «БетонБокс» і «БелКарПластык».
Асаблівая ўвага на нарадзе была ўдзелена рэалізацыі прадукцыі. І сапраўды, нам мала вырабіць, трэба яшчэ і ўмець прадаць прадукцыю, каб яна не залежвалася на складах. Дык вось прадукцыя кааппрама, Капыльскага філіяла Слуцкага сыраробнага камбіната, «Саліта-Біс» на складах не затрымліваецца і заўсёды запатрабавана не толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, але і за яе межамі. Каб дабіцца такіх вынікаў, павінна быць мадэрнізацыя вытворчасці і рэалізацыя розных праектаў, якія могуць дазволіць эфектыўна працаваць нашым прадпрыемствам. Так, у 2023 годзе на Капыльскім філіяле Слуцкага сыраробнага камбіната быў рэалізаваны не проста інавацыйны, а яшчэ і імпартазамяшчальны праект па выпуску сухога малака з капілярна-порыстай структурай: штодня вырабляецца больш за 20 тон гатовага прадукта. У 2024-2025 гадах у рамках праграмы «Адзін раён – адзін праект» на філіяле правядуць рэканструкцыю сырасховішча з прыбудовай камер паспявання элітных сыроў. Гэта дазволіць не толькі вырабляць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю, але і будуць створаны новыя працоўныя месцы.
У канцы снежня Капыльскі кааппрам запусціў новы від вытворчасці крэмавых вырабаў. Будзе накіравана каля 500 тыс. рублёў на набыццё новага абсталявання, закупку печы, абсталявання для каўбаснага, кандытарскага і цэха хлебапячэння. На працягу пяці апошніх гадоў наш кааппрам выконвае заданне па імпартазамяшчэнні: па выніках першага квартала бягучага года заданне выканана на 135%, або на 41% да гадавога задання.
Раздзяляю меркаванне кіраўніка дзяржавы і ў тым, што асаблівую ўвагу трэба надаваць кадрам. Сёння мы таксама адчуваем дэфіцыт, асабліва рабочых спецыяльнасцей. Таму кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў вядуць плённую працу з навучальнымі ўстановамі, асабіста сустракаюцца з будучымі спецыялістамі, матывуюць на паспяховае супрацоўніцтва.
Комментарии