Сонечным днём у раённым цэнтры ткацтва сабраліся родныя і блізкія, сябры і калегі Веры Васільеўны, каб павіншаваць яе са святам. Шчырыя пажаданні моцнага здароўя, даўгалецця, аптымізму, веры, надзеі і любові гучалі ў адрас юбіляркі ад супрацоўнікаў РЦК Людмілы Давідоўскай, Аксаны Мелюх, кіраўніка клуба народнай творчасці «Скарбонка» Галіны Гурло і іншых гасцей.
Зацікавіла прысутных персанальная выстава работ майстра, на якой былі прадстаўлены не толькі вытканыя за час яе працы майстрам-метадыстам РЦТ вырабы, але і больш ранняга часу.
– Пройдзены 75-гадовы шлях... За плячыма назапашаны жыццёвы вопыт, вопыт сталасці і мужнасці, – узгадала дырэктар цэнтра ткацтва Таццяна Волкава. – Вера Васільеўна – клапатлівая маці і бабуля, надзейная сяброўка, энергічная і вельмі працавітая жанчына, чулы і добры чалавек, высакакласны спецыяліст ткацкай справы. Сваё захапленне ткацтвам, любоў да народнага мастацтва пранесла праз усё жыццё. Вырабы, створаныя яе рукамі, – гэта кавалачак душы Веры Васільеўны, яе радасці, свет яе захаплення. Майстар – пастаянная ўдзельніца мясцовых, раённых, рэгіянальных свят і конкурсаў народнай творчасці. Дыпламант абласных святаў-конкурсаў па ткацтве «Матчыны кросны», удзельнік Рэспубліканскіх фестываляў-кірмашоў народных мастацкіх рамёстваў «Вясновы букет».
Прыгажосць, якая ствараецца ткачом, – гэта вынік доўгіх і карпатлівых пошукаў. Працуючы на пасадзе майстра-метадыста, з новым размахам занялася жанчына матулінай навукай – ткацтвам. У кожнага майстра свой узор, свая адметнасць. Але вынік адзін: прыгажосць, якую ствараюць іх рукі і сэрцы. І яшчэ вельмі важна, каб тое майстэрства засталося нашчадкам і паслядоўнікам. Таму сваю справу, свой вопыт і ўменне, непаўторны ўласны стыль, душу Вера Васільеўна перадае маладому пакаленню, для шматлікіх наведвальнікаў Цэнтра ткацтва праводзіць майстар-класы па ткацтве на кроснах.
Цёплыя і шчырыя словы падзякі за талент, захаванне народнага рамяства, жаданне дзяліцца сваім вопытам з маладым пакаленнем гучалі і ў адрас народнага майстра Беларусі Валянціны Міхайлаўны Кіені, якая таксама ў сакавіку адзначыла свой чарговы дзень нараджэння. Гэтыя жанчыны па-сапраўднаму ўлюбёныя ў сваю справу. Па словах Таццяны Волкавай, можна толькі па-добраму пазайздросціць маладосці іх душы. Гэтая дата – дзень нараджэння – добрая магчымасць сказаць словы падзякі за іх залатыя рукі і нястомнае сэрца, за тую жывую спадчыну, якую яны захоўваюць і перадаюць падрастаючаму пакаленню.
Юбіляру дарылі свае музычныя нумары Вольга Касач і Валянціна Шэлег пад баян Уладзіміра Выскваркі, а таксама віншаванні прагучалі ад навучэнцаў «Школы ткачоў».
Комментарии