Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяпер Казахстан старшынствуе ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), а таксама Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). "Мы ведаем, што ў лютым вы ратыфікавалі ўсе дакументы аб членстве Беларусі ў ШАС. Мы вам вельмі ўдзячны за гэта", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Ён адзначыў, што прыкладна ў ліпені бягучага года ў Астане плануецца правесці чарговы саміт ШАС. "Было б вельмі сімвалічна, і мы гэта віталі б, калі б Беларусь менавіта ў Астане стала паўнацэнным членам ШАС. Мы вас будзем аб гэтым прасіць. Ад старшынствуючага боку, зразумела, многае залежыць. І Міністэрству замежных спраў нашаму трэба больш актыўна папрацаваць у гэтым плане", - заявіў беларускі лідар.
Парадак пераводу дзяржорганаў з мірнага на ваенны час
Падпісаны Указ "Аб пераводзе дзяржаўных органаў і іншых арганізацый на работу ва ўмовах ваеннага часу".
Дакумент удасканальвае парадак пераводу дзяржаўных органаў і іншых арганізацый з работы ва ўмовах мірнага часу на ваенны, забеспячэння іх узгодненага і эфектыўнага ўзаемадзеяння пры ўзнікненні пагроз нацыянальнай бяспецы з улікам змянення ваенна-палітычных умоў. Указам вызначана кола дзяржаўных органаў, на якія распаўсюджваецца яго дзеянне, у тым ліку яно дапоўнена Усебеларускім народным сходам, палатамі Нацыянальнага сходу, Канстытуцыйным і Вярхоўным судамі.
Прадугледжана таксама магчымасць прысваення пры ўвядзенні ваеннага становішча кіраўнікам асобных дзяржаўных органаў і шэрага арганізацый воінскіх званняў. Выданне ўказа дасць магчымасць забяспечыць сістэмнае і бесперабойнае функцыянаванне дзяржаўнага апарату ў перыяд нарастання ваеннай пагрозы і ў ваенны час.
Льготы ўвозе абсталявання
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 сакавіка падпісаў Указ № 77 "Аб вызваленні ад падатку на дабаўленую вартасць", накіраваны на стымуляванне правядзення мадэрнізацыі існуючых і стварэнне новых вытворчасцей.
У адпаведнасці з дакументам ад ПДВ вызваляецца ўвозімае ў Беларусь тэхналагічнае абсталяванне, аналагі якога ў краіне не вырабляюцца, а таксама камплектуючыя і запасныя часткі да яго.
Устаноўлены абавязковыя ўмовы прымянення суб'ектам гаспадарання дадзенай ільготы. Гэта, у прыватнасці, прадстаўленне заключэння ўпаўнаважанага ўрадам органа аб адсутнасці ў Беларусі вытворчасці аналагаў, а таксама прыняцце ўвезенай маёмасці на ўлік у якасці аб'екта асноўных сродкаў і выкарыстанне яе пры вытворчасці прадукцыі (выкананні работ, аказанні паслуг).
Пытанні беларуска-расійскіх адносін
Адбылася тэлефонная размова прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі актуальныя пытанні беларуска-расійскіх адносін, падвялі вынікі праведзеных раней мерапрыемстваў і кантактаў на вышэйшым узроўні - гэта ў тым ліку сустрэча ў Казані, пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Намечаны перспектывы на бліжэйшую будучыню ў развіцці двухбаковых адносін.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмеркавалі праблематыку ў рабоце інтэграцыйных структур - Еўразійскага эканамічнага саюза, АДКБ і іншых фарматаў. Таксама прэзідэнты абмеркавалі найбольш актуальныя міжнародныя тэмы і сітуацыю ў рэгіёне, перспектывы яе развіцця.
Як паведамляе прэс-служба Крамля, Прэзідэнт Расіі яшчэ раз павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з паспяховым правядзеннем 25 лютага 2024 года парламенцкіх і мясцовых выбараў.
Па матэрыялах БелТА падрыхтавала Таццяна БОХАН
Комментарии