Сёння прэстыжна валодаць замежнымі мовамі: англійскай, нямецкай, кітайскай. А роднай, беларускай? Беларускую мову мы вывучаем у школах, каледжах, нядрэнна разумеем. Аднак, для большасці грамадзян нашай краіны пастаянным сродкам зносін з’яўляецца руская мова. На жаль, беларуская мова мала выкарыстоўваецца ў паўсядзённасці. Тым не менш, эксперты лічаць, што беларуская мова апошнім часам стала больш актыўна ўжывацца ў сферы рэкламы, культуры, бізнесу, а таксама ў інтэрнэт-прасторы.
Міжнародны дзень роднай мовы падштурхоўвае нас задумацца аб месцы матчынай мовы ў нашым жыцці, яе захаванні і перадачы наступным пакаленням.
Сваёй роднай мовай я лічу ў першую чаргу беларускую. Бо менавіта яна гучала з вуснаў маіх матулі і бабулі. Прычым, не ўсе словы былі літаратурнымі, успамінаецца шмат дыялектызмаў. Мабыць, назаўсёды застанецца ў памяці расповед бабулі Ганны, якая расказвала, што матуля і яе суседкі ўзялі ровары (веласіпеды) і паехалі на абору (кароўнік, ферму) даіць кароў. Здавалася, што бульбу ці картофлю яны капалі толькі рыдлёўкамі...Гэтыя словы ўжываліся толькі ў нашай мясцовасці.
Пазней спасцігаць вывучэнне беларускай мовы пашчасціла ў Пацейкаўскай СШ у Лідзіі Брэль і Ірыны Кандрукевіч, вялікім дасягненнем лічу знаёмства з вядомымі капыльскімі-беларусістамі Кларай Сідзельнікавай і Ліліяй Маргелавай, шматлікімі вучонымі з Белдзяржуніверсітэта.
З роднай мовай сустракаюся кожны дзень: большасць матэрыялаў у раённай газеце стараюся пісаць па-беларуску, што дазваляе пэўную асалоду. А калі чуеш водгук, што чытаць заметку было прыемна, і менавіта таму што яна была пададзена на роднай мове, радуешся за тое, што прывіваеш любоў да роднага слова.
Комментарии