Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Работа на гончарном круге завораживает, убежден уроженец Копыля, керамист-гончар Василий Щерба

27.01.2024

У кожнага чалавека - сваё захапленне. Хтосьці любіць чытаць, займацца спортам, бавіць час на прыродзе. А для некага заняткі творчасцю, захаванне спадчыны - на ўсё жыццё.

Падчас сустрэчы з мастаком-керамістам, ганчаром, членам «Беларускага саюза майстроў народнай творчасці» Васілём Шчэрбам пазнаёміліся (хоць і віртуальна) з яго работамі, даведаліся пра таямніцы ганчарнага майстэрства, увогуле атрымалася гутарка пра шлях чалавека-творцы.

Спакон веку ганчары былі на асаблівым рахунку. Ва ўяўленнях лю-дзей за кручэннем ганчарнага круга заўсёды хавалася нейкая прывабная таямніца, а ў водблісках полымя ганчарнай печы бачылася асаблівай моцы ачышчальная сіла. Сам жа ганчар уяўляў сабой вобраз пераўтваральніка грубай матэрыі ў нешта ўзвышанае, пры стасунках з якім свядомасць чалавека прасвятлялася, а сіла духу неймаверна ўзрастала.

Вытокі

Адкуль вытокі таленту Васіля Шчэрбы, цяга да прыгожага, бачанне прасторы, уменне адрозніваць адценні і нюансы колеру? Напэўна, у многім аказала ўплыў месца нараджэння майстра. Гэта Семежава, якое славіцца сваімі таленавітымі творцамі. Таму быць нараўне з імі – гэта проста абавязак.  Мабыць, маляўнічыя мясціны  дзяцінства, іх прыгажосць і  велічны спакой таксама паспрыялі таму, што зярняткі творчасці пакрысе прарасталі ў душы. Разуменне таго, што ёсць мастацкія здольнасці, прыйшло да Васіля не адразу. Пераехаўшы з матулей Нінай Рыгораўнай у Капыль, пачаў наведваць Дзіцячую школу мастацтваў па класе жывапісу. За спасціжэнне азоў творчасці вельмі ўдзячны выкладчыцы Святлане Канстанцінаўне Швайбовіч. Браў урокі і ў вядомага самадзейнага мастака, настаўніка СШ № 2 г. Капыля Скрыгана Мікалая Міхайлавіча. Пасля школы паспрабаваў паступіць у Беларускі ўніверсітэт культуры – атрымалася. Там ён займаўся дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Як прызнаецца Васіль, ніколі не думаў, што менавіта кераміка, ганчарства стане справай усяго яго жыцця, бо пачынаў яе вывучаць іх дадатковы від. Але ж сталася інакш.

Таямніцы ганчарства

Пачынаў працоўную дзейнасць у Слуцкім Доме рамёстваў, з гэтай жа пары заняўся продажам сваіх твораў. Яго свістулькі, посуд карыстаюцца попытам як на невялікіх фестывалях, конкурсах, так і на маштабных – кшталту «Славянскага базару» ці Дзён беларускага пісьменства (дарэчы, у 2021 годзе быў запрошаны ў родны Капыль). Разам са сваёй сям’ёй, а жонка таксама мастак, асталяваўся ў Маладзечне, дзе ёсць студыя. Акрамя рознічнага гандлю, паступаюць заказы на закупку прадукцыі з магазінаў. У першую чаргу на дробную пластыку (цацкі, свістулькі) і ганчарныя вырабы. Асаблівае месца ў заказах займае акарына (Шчэрба адзін з нямногіх, хто вырабляе яе ў Беларусі) – старажытны духавы музычны інструмент, гліняная свістковая флейта. Яна ўяўляе сабой невялікую камеру ў форме яйка з адтулінамі для пальцаў у колькасці ад чатырох да трынаццаці. Звычайна выканана ў кераміцы. У канцы ХІХ стагоддзя інструмент прыйшоў у Беларусь. Праўда, у нас ён набыў вядомасць больш як народны, у той час як у Еўропе на акарынах іграюць і класічныя творы і нават ладзяць канцэрты акарыны з арганам.

Васілю   Шчэрбу  ёсць з чым працаваць: і электрычны ганчарны круг, і электрычная печ для абпалу гліняных вырабаў. А гліны на Маладзечыншчыне хапае. Зразумела, вельмі хацелася ўбачыць майстра за работай на ганчарным крузе. Але, на жаль, гэта можам уявіць толькі па яго расказах. Вось ён бярэ кавалак гліны. Літаральна за некалькі хвілін прыродны выкапень ператвараецца ў кубак. Здаецца, што ўсё адбылося вельмі лёгка. Пачаў свой бег ганчарны круг, бясформенны матэрыял  пад рукой майстра паслухмяна  выцягваецца ўверх – праяўляецца знешняя форма, затым майстар, прыціскаючы  гліну ўсярэдзіне  ўніз, прымушае  яе разыходзіцца, разбягацца ў бакі, і  з’яўляюцца сценкі пасудзіны.  Але па тым, як грунтоўна Васіль сядае ля круга, як устойліва абапіраецца локцямі, каб не варухнуцца, не пахіснуцца ў час працы, як увесь час трымае напружанымі рукі, разумееш, што лёгкасць зманлівая. Трэба адчуваць рукамі форму, таўшчыню сценак, дно: адзін няправільны рух, лішняе імгненне – і пачынай працу спачатку. У старажытныя часы, калі толькі з’явілася ганчарства, яно было жаночай справай, але са з’яўленнем ганчарнага круга праца з глінай з жаночых далікатных рук перайшла ў моцныя мужчынскія. Адна з апошніх работ Васіля – 10-кілаграмовае кашпо, яно пад сілу сапраўды толькі мужчыне.

Стварэнне вырабу на крузе ці яго лепка –  гэта яшчэ зусім не канец работы. Вырабу патрэбна высахнуць у пэўных умовах, тут неабходна вытрымаць і час, і тэмпературу.  Затым ён пакрываецца глазурай. Тут таксама існуюць свае хітрасці: і ў спосабе глазуравання, і ў выбары матэрыялу: малако, кефір, алей. Можна не глазураваць, а абпальваць гліну, тады атрымліваецца тэракотавы выраб. Глазураванне кефірам, напрыклад, надае гліне своеасаблівы цёмны дымчаты колер.

Антыстрэс

Сапраўдны антыстрэс – ствараць нешта сваімі рукамі, тварыць! У выпадку з ганчарствам – плюс прыемныя тактыльныя адчуванні ад дакранання да цёплай, мяккай і падатлівай гліны, засяроджанасць у моманце і сузіранне плаўнага і прыгожага працэсу стварэння формы.

Гэта цікавы творчы працэс, які можа перарасці ў любімую справу. За ганчарным кругам адшліфоўваецца майстэрства канцэнтрацыі, а ўпрыгожванне гатовых вырабаў фармуе індывідуальны густ і творчы падыход да рашэння задач. Лепка з гліны падабаецца і дзецям, і дарослым.  

Майстар-класы

Васіль Шчэрба ахвотна дзеліцца сваімі ведамі. Некалькі разоў на тыдзень ён праводзіць у Мінску майстар-класы па кераміцы, якія наведвае пераважна моладзь. Сярод тых, хто жадае навучыцца старажытнаму рамяству, усе зацікаўленыя.

– Нягледзячы на адлегласць (а жывём мы, як ужо адзначалася, у Маладзечне), не першы год прыязджаю ў сталіцу на заняткі па кераміцы і ганчарстве, – расказвае Васіль Васільевіч. – Усім цікаўным дапамагаю асвойваць працу з ганчарным кругам ці лепку з гліны. Стараюся даходліва тлумачыць і накіроўваю на праяўленне індывідуальнасці ў сваіх творах. Радуе тое, што канчатковы вынік творчага працэсу нязменна прыносіць задавальненне: адчуваеш пачуццё радасці ад усведамлення таго, што твой вучань трымае адзіны ў сваім родзе, зроблены ўласнымі рукамі выраб.

Пошукі сябе прывялі Васіля да ганчарства, мабыць, нездарма. Яго духоўныя памкненні знайшлі сваё выйсце. «Трэба ствараць толькі добрыя і светлыя вобразы, каб яны дапамагалі людзям, неслі цяпло і прыгажосць», – перакананы Васіль Шчэрба. А яшчэ ён лічыць, што сапраўдны майстар – не той, хто выдатна валодае тэхнікай, а той, хто можа дапамагчы нежывому матэрыялу загучаць, загаварыць.

І круціцца ганчарны круг і апявае адвечную песню жыцця. Яго бег нараджае зноў і зноў новыя вобразы і выдатныя тварэнні, ён – па-за часам і прасторай, ён не спыняецца, дапускаючы служыць сабе толькі пакліканых.

Фота з архіваў Васіля Шчэрбы


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/32238-rabota-na-goncharnom-kruge-zavorazhivaet-ubezhden-urozhenets-kopylya-keramist-gonchar-vasilij-shcherba#sigProIddffb09c522
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей