Вяртанне да родных мясцін
Ужо прыкладна пятнаццаць гадоў удалечыні ад гарадскога тлуму адзначае Навагоднія і Калядныя святы ў Варонаўшчыне сям’я Дубовік. Гэта родныя мясціны Уладзіміра Генадзьевіча. Пасля службы ва Узброеных Сілах на Брэстчыне (на радзіме жонкі Святланы Сцяпанаўны) яны вярнуліся ў бацькоўскую хату. І ўвесь гэты час яе адраджаюць.
— У доме да нашага перасялення ўжо многа часу ніхто не жыў, — пачала размову Святлана Сцяпанаўна, — таму давялося прыкласці намаганні, каб аднавіць будынак, зрабіць яго сучасным, камфортным для пражывання. Правялі ваду, ацяпленне, зрабілі ў хаце ванну і туалет. Але ж і рускую печ пакінулі, бо гэта ж — святое! Стравы, у ёй прыгатаваныя, ні з чым нельга параўнаць.
Прыдбалі былыя гараджане і невялікую падсобную гаспадарку. Па вуліцы важна разгульваюць качкі, насупраць дома — загароджа з курамі, хляўчук з козачкамі. Ну а кожны вясковы ранак пачынаецца з кукарэкання пеўняў. Ахоўвае гаспадарку сабака, паўнапраўнымі членамі сям’і лічаць сябе чатыры каты, а ў зімовы перыяд «сталавацца» прыходзяць і іншыя, якія на гэты час засталіся пакінутымі. Усім хапае корму і месца… Летам тэрыторыя навокал патанае ў кветках, перамяжоўваючыся з агароднінна-ягаднымі градкамі. Зямлі хапае, толькі апрацоўвай!
— Мне здаецца, у глыбінцы больш захавалася нечага сапраўднага, спрадвечнага, асабліва, калі гэта мясціны, дзе ты нарадзіўся і ўзрос, — расказвае Уладзімір Генадзьевіч. — Мяне заўсёды цягнула на радзіму, люблю свае мясціны, здаецца, няма больш прыгожых за іх. Тут сумаваць не даводзіцца: шмат работы па абкошванні, у садзе, агародзе, маё захапленне — пчолы, з імі нашуся як з малымі дзеткамі. Які сум?! Толькі і паспявай увіхацца.
Пад увагай мясцовай улады
— Ці не забывае пра вяскоўцаў мясцовая ўлада? — цікавімся ў нашых суразмоўцаў.
— Не, не было такога выпадку, каб нас пакінулі сам-насам з якой праблемай, — чуем у адказ. — Магазіна няма, але аўталаўка заўсёды прывязе неабходнае. Калі ўжо што вельмі патрэбна, то на асабістым аўтамабілі паедзем у Капыль ці Цімкавічы. З боку мясцовай улады адчуваем пастаянны клопат. Наш дэпутат раённага і сельскага Савета дэпутатаў Алена Острыкава нягледзячы на аддаленасць вёскі і сваю занятасць знаходзіць час, каб пераведаць нас, вывучыць праблемы, а бывае, і проста выслухаць. З ёй мы заўсёды знаходзім агульную мову.
Жыццё працягваецца ў дзядулевай хаце
Самым дарагім і мілым сэрцу куточкам Варонаўшчыну лічыць яе карэнная жыхарка Аліна Наркевіч. Але, мабыць, яна яшчэ больш дарагая яе сыну Віталію. Зараз ён аднаўляе дзядулеву хату, якой звыш 100 гадоў. Яна дабудоўваецца, набывае сучасны выгляд, ствараюцца ўсе ўмовы для годнага жыцця.
Напярэдадні Новага года ў Віталія з’явіўся нашчадак. Разам з жонкай, дарэчы, мінчанкай, і нованароджаным сынам не збіраюцца пакідаць дзядулевы мясціны з чыстым паветрам і неверагоднай чысцінёй, а даглядаюць іх і ўпрыгожваюць.
Віталь добра вядомы ў раёне як кіраўнік прыватнага прадпрыемства па грузаперавозках, якое ў 2022 годзе перамагло ў раённым спаборніцтве сярод суб’ектаў малога прадпрымальніцтва. У скарбонцы дасягненняў ёсць яшчэ адно — па выніках нацыянальнага конкурсу за 2020 год «Прадпрымальнік года» прызнана лепшым у намінацыі «Эфектыўны бізнес у сферы паслуг». Некалькі гадоў таму адкрыта яшчэ сялянска-фермерская гаспадарка.
Пра знакамітых землякоў
Варонаўшчына — зямля багатая на таленавітых людзей. Тут бяруць пачатак радаслоўныя многіх вядомых урачоў, вучоных. Пазнаёмім з некаторымі знакамітымі землякамі.
10 сакавіка 2024 года навуковая грамадскасць нашай рэспублікі адзначыць 95-годдзе з дня нараджэння аднаго з самых таленавітых беларускіх мовазнаўцаў, доктара філалагічных навук Аркадзя Іосіфавіча Наркевіча, які прайшоў цікавы жыццёвы шлях ад настаўніка да прафесара. Хлопец з вёскі Варонаўшчына стаў славутым беларускім вучоным з еўрапейскім іменем. Выпуснік МДПІ імя М. Горкага 1951 года А.І. Наркевіч унёс велізарны ўклад у даследаванне культуры мовы, стылістыку і граматыку беларускай мовы.
Аркадзь Іосіфавіч вылучаўся вельмі патрэбнай для нашага часу асаблівасцю: калі ён уваходзіў у аўдыторыю, кабінет, рэдакцыю, то фізічная прастора напаўнялася беларускасцю. Усё ў ім спалучала лепшыя рысы з народа: душэўная цеплыня, спагадлівасць, мудрасць, мяккая інтэлігентнасць, талерантнасць, прыхаваная ва ўсмешцы рахманасць і бязмежная дабрыня. Хаця апошняя рыса не перашкаджала яму быць справядлівым і прынцыпова катэгарычным у справах, якія тычыліся інтарэсаў кафедры або канкрэтных асоб.
Неабходна прызнаць, што такіх вучоных, фізічная прысутнасць якіх фарміравала маўленчыя густы і вызначала грамадзянскія прыярытэты, засталося няшмат. І сёння іх так не стае…
Залатымі літарамі ў гісторыю медыцыны ўпісана імя лейтэнанта медслужбы Соф’і Кунцэвіч, яна вынесла з поля бою каля 200 салдат і афіцэраў. Адзіная ў Беларусі ўзнагароджана залатым медалём Флорэнс Найцінгейл. У першыя дні вайны Соф’я Адамаўна, зусім яшчэ дзяўчынка, стала камандзірам санітарнага ўзвода. Пад кулямётным агнём ворага ратавала параненых салдат, а ў адным з баёў каля Растова яе саму цяжка параніла. Урачы шпіталя пасля папраўкі парэкамендавалі нашай зямлячцы папрацаваць у тылавых бальніцах, але яна адмовілася і папрасілася на фронт. Дагнала сваю 261-ю стралковую дывізію на Паўночным Каўказе і патрапіла адразу ў полымя баёў. Яе батальён утрымліваў вышыню ад націску фашыстаў. Воіны стараліся не даць ворагу зламаць сябе, бо немцы маглі выйсці ў тыл дывізіі і нанесці ёй удар. Але ад выбуху снарада загінуў камісар, а камбат быў цяжка паранены. У гэты крытычны момант лейтэнант Соф’я Кунцэвіч замяніла камандзіра і арганізавала абарону. Дзівішся мужнасці нашай 18-гадовай зямлячкі. Немцы бесперапыннымі атакамі штурмуюць вышыню, Соф’я падбадзёрвае байцоў, і калі фрыцы вось-вось гатовы ўварвацца ў нашы акопы, дзяўчына ўзнімае пехацінцаў у атаку, і яны скідваюць ворага ўніз. За гэты бой Соф’я Адамаўна была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга. За доўгія гады вайны яна перажыла шмат яркіх эпізодаў. У адным з баёў выратавала і вынесла з поля бою паўсотні байцоў. А затым зноў была паранена. I самым радасным днём для яе быў дзень Перамогі, калі яна распісалася на сценах самога Рэйхстага.
Фота аўтара і з адкрытых крыніц
Комментарии