Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Маршрут построен… или О том, как работают водители автобусов на Копыльщине

14.12.2023

У век інтэрнэту нават у самай аддаленай вёсцы не адчуваеш сябе адрэзаным ад свету. З адной агаворкай: пры зручным транспартным абслугоўванні. Тыя вяскоўцы, у каго няма асабістага аўтамабіля, едуць у горад ці да цэнтральнай сядзібы гаспадаркі, у магазіны, сельвыканкам, райвыканкам, паліклініку, у банк ці зямельную службу на аўтобусе. На прыкладзе канкрэтнага маршрута філіяла «Аўтапарк № 21» наведаліся ў адзін з самых аддаленых населеных пунктаў раёна.

Рэйсавы аўтобус «Капыль — Бор» раніцай і ў пасляабедзенны час па будзённых днях праязджае каля 87 км, пры гэтым ахоплівае 15 населеных пунктаў. Назавём некаторыя з іх: Нізкавічы, Дусаеўшчына, Слабада-Кучынка, Вялешына 1, Харытонаўка, Карзуны і іншыя. Гэта дапаможа вам, нашым чытачам, уявіць прыкладны маршрут.

— Дадзены маршрут можна лічыць даволі папулярным, у сярэднім за месяц ім карыстаюцца звыш 700 чалавек, — адзначае начальнік сектара арганізацыі перавозак філіяла «Аўтапарк № 21» Дзмітрый Бурак. — Стараемся, каб у рэйс ён выходзіў заўсёды. Разумеем, што ўмовы надвор’я не кожны раз спрыяюць бездакорнаму руху, таму пры якіх-небудзь праблемах адразу ж сігналізуем у дарожную службу. Каб максімальна задаволіць людзей, у некалькі разоў перавыконваем існуючыя нарматывы па ахопе вёсак з малой колькасцю насельніцтва. Напрыклад, стандарты пасажырскіх перавозак для населеных пунктаў, дзе пражывае ад 20 да 50 жыхароў, перавыконваюцца больш чым у 8 разоў. Акупнасць такіх маршрутаў вельмі нізкая. І ўсё ж мы прыслухоўваемся да вяскоўцаў і, аптымізуючы маршруты, арганізуем іх з улікам меркавання большасці.

— Рэнтабельнасць  можна назваць хваробай усіх прыгарадных аўтобусаў, у дадзеным выпадку яна знаходзіцца на сярэднераённым узроўні  — 12,5%, — расказвае вядучы эканаміст філіяла Кацярына Кадран. — Самы высокі паказчык мае маршрут на Пясочнае (22,7%), крыху ніжэй — на Смалічы (22,2%) і Чырвоную Дубраву (20,5%).

У капыльскім аўтапарку распрацаваны графік, згодна з якім адзін вадзіцель на адным маршруце працуе па тры дні. Падчас паездкі ў Бор нам пашчасціла, што гэты напрамак абслугоўваў прафесіянал сваёй справы, якой аддаў ужо звыш 30 гадоў, — Юрый Дарашэвіч.

— Сёння мне давялося працаваць на вельмі прыгожым маршруце: абапал дарог — капыльскія пагоркі, жывапісныя раўніны, балоты. Каля Казакоўкі, напрыклад, больш сустракаюцца змешаныя лясы, а на поўначы, каля Чарнічнага — сасновыя бары. Адным словам, прыгажосць! — заўважае Юрый Міхайлавіч.  — Я ўжо вывучыў месцы, куды выходзяць ласі, касулі, зайцы. Дзе ж ты ўбачыш яшчэ такія пейзажы?!

Юрый Дарашэвіч у юнацтве марыў кіраваць чыгуначным саставам, але лёс распарадзіўся інакш, і ён перавозіць пасажыраў на рэйсавым аўтобусе.

— Падчас службы ў арміі, — дзеліцца Юрый Міхайлавіч, — вадзіў аўтамабіль. А калі вярнуўся дадому, вырашыў асвоіць гэту прафесію больш дасканала. Прываблівала праца на аўтобусе.  Хацеў, праўда, з’ехаць у сталіцу, але ад гэтага кроку адгаварыў мяне мой бацька.

І, відавочна, хлопец не памыліўся з выбарам. сёння кіраўніцтва пра яго  адгукаецца выключна са станоўчага боку, адзначаючы працавітасць і імкненне заўсёды быць у перадавіках.

Па родзе дзейнасці Юрый Дарашэвіч практычна пастаянна ў дарозе: дзень у дзень, з года ў год. Увесь назапашаны вопыт працаўнік з радасцю перадае маладому пакаленню.

— На працу прыходзіць моладзь, — кажа вадзіцель аўтобуса, — я з задавальненнем бяру над імі настаўніцтва, расказваю і паказваю тое, што ведаю сам, вучу ўсім тонкасцям нашай прафесіі.

Юрый Міхайлавіч за сваю працоўную дзейнасць неаднаразова быў адзначаны граматамі, таксама ўзнагароджаны нагрудным знакам «Ганаровы працаўнік» ААТ «Мінаблаўтатранс» і значкамі «За працу без аварый», мае ганаровае званне «Ветэран працы».

Пасажыры ведаюць яго як культурнага і ветлівага вадзіцеля рэйсавага аўтобуса. Заўсёды з усмешкай і добрым словам ён сустракае іх у салоне. Напрыклад, на маршруце нашага падарожжа большую частку перавезеных складаюць школьнікі. Кожную раніцу і вечар яны на камфартабельным аўтобусе едуць на вучобу і вяртаюцца дамоў. аўтапарк па дамоўленасці з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама займаецца дадаткова перавозкай школьнікаў, дзе не паспяваюць спецыялізаваныя аўтобусы. Напрыклад, у Слабадакучынскай СШ такой паслугай карыстаюцца 16 чалавек.

Так, адзіны вучань з в. Роспы Уладзіслаў Тарасевіч расказаў, што ў іх няма  ніякіх  нараканняў на адхіленні ў раскладзе руху, г.зн. мерзнуць на вуліцы доўгі час не трэба, вадзіцелі з вясёлым настроем сустракаюць кожнага пасажыра. Больш сталыя людзі, разумеючы ўсе складанасці з эканамічным становішчам, выказваюць спадзяванне, што аўтобус яшчэ доўга будзе радаваць іх сваім з’яўленнем на жывапісных дарогах.

Фота аўтара


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/31833-marshrut-postroen-ili-o-tom-kak-rabotayut-voditeli-avtobusov-na-kopylshchine#sigProIde816eb2879
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей