З жыхарамі вёсак Шамы, Язвіны, Цялядавічы і аграгарадка Пясочнае праводзіліся гутаркі па выкананні правілаў пажарнай бяспекі ў зімовых умовах.
Таксама праведзены практычныя заняткі з асабовым складам па арганізацыі работы пунктаў абвесткі і збору сельвыканкамаў.
Працавалі старанна
Вялася работа па расчыстцы снегу па ўсіх вуліцах 32 населеных пунктаў сельсавета.
Асноўныя работы выконваліся тэхнікай УП «Пік-Лясное». Актыўны ўдзел у прадастаўленні звестак аб стане вуліц бралі дэпутаты сельскага Савета дэпутатаў Галіна Дрожжа, Надзея Баранава і Любоў Цыбульская. Заяўкі паступалі ў сельвыканкам і ў дыспетчарскую гаспадаркі.
Да акцыі «Прыбяром снег разам» актыўна далучыліся і валанцёры атрада «Доб-рае Сэрца» Лясноўскай СШ. Дапамогу ў расчыстцы тэрыторый ад снегу моладзь аказвае адзінокім пажылым грамадзянам, людзям з інваліднасцю, а таксама на тэрыторыі сваёй установы адукацыі.
Асаблівым людзям – асаблівая ўвага
У нашым рэгіёне людзям з абмежаванымі магчымасцямі – асаблівая ўвага.
Таму ў Дзень інвалідаў да пастаяльцаў Бабаўнянскай бальніцы сястрынскага догляду ў госці прыехалі работнікі культуры Лоцвінскага цэнтра аматарскай творчасці (на здымку) і Песачанскага цэнтра культуры і вольнага часу. Песні і гумар даставілі вялікае задавальненне гледачам.
Не засталіся без увагі і жыхары Калінаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Навучэнцы Песачанскай БШ сумесна з Песачанскім цэнтрам культуры і вольнага часу, а таксама Лоцвінскім цэнтрам аматарскай творчасці, пастараліся стварыць святочную атмасферу. Гледачы былі вельмі ўдзячныя гэтай незвычайна цёплай сустрэчы.
«Усякі майстар на свой лад!»
Цікавая выстава была арганізавана ў Песачанскім цэнтры культуры і вольнага часу.
Яна знаёміць з творамі народных умельцаў – старажытнымі і сучаснымі. Да ўвагі наведвальнікаў прадстаўлены вырабы з папяровых трубачак, нітак, лазы, розныя кошыкі, без якіх у гаспадарцы нават і сёння абысціся вельмі цяжка.
Комментарии