У іх ліку і ўраджэнец Капыля, выпускнік Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Павел Галубовіч. У в/ч 5448 г. Мінска пад гукі ўзорна-паказальнага аркестра ўнутраных войскаў МУС Беларусі камандаванне брыгады і адміністрацыя навучальнага збору сустрэлі маладых байцоў і расказалі аб маючых адбыцца буднях.
Дарэчы, вайсковую часць называюць яшчэ 1-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгадай унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь.
Брыгада прайшла няпросты шлях і заўсёды знаходзілася на вастрыні падзей. Важным этапам у гісторыі быў 2020 год, які стаў сур’ёзнай праверкай на трываласць. Нягледзячы на правакацыі, ваеннаслужачыя годна справіліся з нагрузкамі і маральным ціскам і нічым не адрозніваліся ад спецназаўцаў пры выкананні задач. У суровых умовах яны атрымалі добрую загартоўку на Дзяржаўнай мяжы. Дастойныя вынікі таксама паказалі ў барацьбе з тэрарыстамі і экстрэмістамі, якія маюць дачыненне да дыверсій на чыгунцы. На іх і сёння па-ранейшаму ўскладаецца самая вялікая службовая нагрузка па штодзённай ахове грамадскага парадку ў сталіцы, дзе праводзяцца найважнейшыя грамадска-палітычныя, культурна-відовішчныя і спартыўныя мерапрыемствы.
Ва ўнутраных войсках служаць сапраўдныя мужчыны, патрыёты, афіцэры, якія ўкладаюць душу ў навучанне падрастаючага пакалення. Тут падапечныя становяцца мацнейшымі, пераасэнсоўваюць каштоўнасці. Ім прывіваюць любоў да Радзімы і дапамагаюць упэўнена рухацца наперад. У 1-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады разнапланавыя задачы: канваіраванне, патрульна-паставая, кіналагічная і сапёрна-піратэхнічная служба. Прайшоўшы ўсе этапы падрыхтоўкі, маладыя байцы на высокім узроўні спраўляюцца з сур’ёзнымі службова-баявымі заданнямі.
У часці – камфортныя ўмовы і спрыяльная атмасфера. У распарадку дня ёсць месца ў тым ліку і зносінам па тэлефоне з роднымі, удасканаленню фізічнай формы і гэтак далей. Так, падчас выдзеленага часу мы звязаліся з Паўлам, які падзяліўся з намі сваімі навінамі.
– 11 лістапада я і мае саслужыўцы ва ўрачыстай абстаноўцы прынялі Ваенную прысягу, – адзначыў малады чалавек. – А ўвогуле, як маладыя байцы мы праходзім навучальны збор, які ўключае пачатковую ваенную і агульнавайсковую падрыхтоўку. На першым этапе тэрміновай службы авалодваем страявымі прыёмамі, вывучаем заканадаўства аб воінскай службе, знаёмімся з гісторыяй часці і ўнутраных войскаў. На практыцы будзем адпрацоўваць дзеянні салдата ў баі, тактычную медыцыну, ваенную тапаграфію і іншыя дысцыпліны. Ведаю, што ў далейшым буду служыць у аўтароце. Вельмі ганаруся, што трапіў сюды. Кормяць нас вельмі добра: стравы смачныя і каларыйныя. Тым больш, што за гады вучобы ў ВНУ, я ўжо адвык ад мамінай кухні.
Прыемна бачыць, што маладыя хлопцы жадаюць ісці ў войска і не хаваюцца ад прызыву. А прыкладам для многіх з іх служаць бацькі. Дзмітрый Васільевіч Галубовіч у свой час грамадзянскі доўг аддаваў ва ўнутраных войсках у Магілёве. Вядома ж, падтрымаў жаданне сына служыць.
– Лічу, што армія для мужчыны – добрая школа, і кожны з нас проста абавязаны праз гэта прайсці. Для ўсёй сям’і гэта значная падзея, – падкрэсліў Дзмітрый Васільевіч. – З жонкай з гонарам глядзім на сына, які адправіўся ў сапраўднае дарослае жыццё. Імкнуліся прывіць яму традыцыйныя каштоўнасці, дзякуючы чаму ён сам з нецярпеннем чакаў гэтага моманту і ўпэўнены, што насіць ваенную форму – ганарова і адказна. Кожны мужчына ведае: служыць Радзіме – гэта ў першую чаргу абараняць сваю сям’ю, бо ўсё пачынаецца з яе. Спадзяюся, Павел будзе добрасумленна выконваць свой абавязак і з гонарам пройдзе гэты шлях.
Комментарии