Зіма ўжо поўнасцю ўступіла ў свае правы. Зямля спіць, і снег перыядычна замятае дарогі. Здавалася б, зацішша наступіла і ў гаспадарках раёна. Але там па-ранейшаму гарачая пара, толькі ўжо не ў полі. Сёння ў сельгаспрадпрыемствах Капыльшчыны дапрацоўваюць насенне пад яравую сяўбу — чысцяць, убіраюць смецце і прымесі. Праца не складаная, але вельмі адказная: ад таго, якой якасці матэрыял будзе закладзены, залежыць будучы ўраджай.
Адзін з галоўных пунктаў у графіку закладкі — праверка на ўсходжасць. Гэтым займаецца дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін па Капыльскім раёне. Прадстаўнікі інспекцыі выязджаюць у кожную гаспадарку, адбіраюць пробы — невялікую колькасць збожжа з дапамогай спецыяльнага прыстасавання — і праводзяць усе неабходныя аналізы. Гэтыя даследаванні дапамагаюць зразумець, наколькі жыццяздольным з’яўляецца матэрыял, прызначаны для вясновай сяўбы. Аднак гэта не першы этап праверкі. Яшчэ да асноўнай ачысткі і закладкі спецыялісты інспекцыі праводзяць хуткі аналіз, вызначаючы толькі ўсходжасць: калі яна нізкая, то няма сэнсу затрачваць на далейшую падрыхтоўку зерня працоўныя і фінансавыя рэсурсы. Папярэдні этап ужо пройдзены, зараз пачаліся выезды спецыялістаў для адбору асноўных проб. Некалькі сельгаспрадпрыемстваў разам з інспекцыяй наведалі і мы.
У ААТ «Ціміразеўскі» пад яравую сяўбу заклалі 60 тон ячменю гатунку Добры і 8 тон грэчкі гатунку Купава. Днямі тут пачнуць падрыхтоўку проса.
— У 2012 годзе ў нас уведзена ў эксплуатацыю лінія для дапрацоўкі і ачысткі збожжа, — расказвае загадчык склада Таццяна Ярмольчык. — Пасля таго, як пустазелле, смецце, пыл і іншыя дробныя прымесі выдалены, насенне адпраўляецца на склад для працяглага захоўвання. Увесь аб’ём рыхтуем для ўласнага карыстання.
Накіроўваемся ў зернясховішча. Начальнік дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін па Капыльскім раёне Валянціна Кухарчык робіць некалькі адбораў з агульнай масы. Важна, каб пробы былі ўзяты з розных месцаў. Спецыяльная прылада дазваляе дастаць збожжа нават з самай тоўшчы вялікай кучы. Пасля матэрыял фасуецца па пакетах, куды ўкладваецца паперка з указаннем віду, гатунку і іншай неабходнай інфармацыі.
Наступны прыпынак — ЗАТ «Жыліхава», пасля едзем у ААТ «Семежава». У кожнай з гаспадарак праводзяцца аднолькавыя маніпуляцыі. Зусім хутка ўвесь адабраны матэрыял спецыялісты інспекцыі правераць на яго кандыцыйныя якасці і дадуць сваё заключэнне.
А як ідуць справы ў гэтым напрамку ў сельгаспрадпрыемствах Капыльшчыны ў цэлым? Аналізуе Валянціна Кухарчык:
— Пад яравую сяўбу 2023 года засыпана 1444 тоны насення яравых збожжавых і зернебабовых культур, гэта 150% да патрэбнасці асноўнага і страхавога фондаў. Насення шматгадовых траў маецца крыху больш за 75 тон, у тым ліку бабовых — 29,6 тон, злакавых — 45,61 тоны. Насенне яравога ячменю прадстаўлена 9 гатункамі кармавога і піваварнага прызначэння: Фэст, Бровар, Бацька, Радзіміч, Добры, Рэйдэр, Фандага, Аванс, Калдун.
Для вясенняй пасяўной наступнага года сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі плануецца набыццё не менш як 70 тон эліты. Сёння ў большасці сельгаспрадпрыемстваў раёна насенне яравых збожжавых і зернебабовых культур ачышчана і засыпана ў месцы захоўвання. Але ёсць і тыя гаспадаркі, дзе работа выканана не ў поўным аб’ёме. Гэта ААТ «Піянер-Агра», «Скабін», «Капыльскае», ЗАТ «Жыліхава», КСУП «Доктаравічы». Да 18 снежня пастаўленыя задачы неабходна выканаць.
Насенне шматгадовых траў згодна з графікам Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання павінна быць ачышчана да 18 студзеня. Некаторыя сельгаспрадпрыемствы ажыццяўляюць ачыстку ў арганізацыях, якія аказваюць паслугі па дапрацоўцы насення шматгадовых траў да пасяўных кандыцый. Дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін па Капыльскім раёне правяла папярэдні аналіз насення яравых культур у шэрагу сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Па выніках аналізу выяўлена, што насенне гароху ў ААТ «Прагрэс 2010» не прыдатнае для пасеву. Гаспадарцы лепш загадзя знайсці крыніцы, дзе можна набыць неабходную колькасць насення. Таксама, зыходзячы з вынікаў папярэдняга аналізу, у ААТ «Піянер Агра» выяўлена некандыцыя насення аўса. У кіраўнікоў і спецыялістаў агранамічнай службы сельгаспрадпрыемства ёсць час, каб закупіць прыдатны для сяўбы матэрыял.
— Ці засыпана насенне бульбы? — удакладняю ў Валянціны Уладзіміраўны.
— Так, у колькасці 340 тон пад стопрацэнтную патрэбнасць. Вырошчваннем другога хлеба ў раёне займаюцца тры сельгасарганізацыі. Наогул, насенняводства бульбы — справа працаёмкая і адказная. Гэта цэлая галіна сельскагаспадарчай вытворчасці, якая накіравана на атрыманне аптымальнага ўзроўню ўраджайнасці, колькаснага выхаду насенных клубняў стандартнай фракцыі і забеспячэнне якасці насеннай бульбы на ўзроўні нарматыўных патрабаванняў стандартаў, устаноўленых для адпаведных катэгорый насеннага матэрыялу.
Фота аўтара
Комментарии