На працягу ўсяго конкурсу мы разам з арганізатарамі на чале са старшынёй раённага Савета ветэранаў Людмілай Камёнкай наведалі 56 удзельнікаў, 16 з іх удзельнічалі ўпершыню. У лік лепшых камісія ўключыла 40 ветэранскіх падворкаў, гаспадары якіх – сапраўдныя творцы і працаўнікі. Паверце, вартых увагі на Капыльшчыне шмат.
Капыльскі раён у вобласці прадстаўляла Святлана Сапешка. Калі яна выйшла на заслужаны адпачынак, з’ехала ў вёску і ўсю сябе аддала любімай справе. Прысядзібны ўчастак гаспадыні зроблены ў вясковым стылі. На гаспадарчыя пабудовы прымацаваны старадаўнія прылады працы. Зона адпачынку плаўна спалучаецца з альтанкай, у якой размешчана велічная печ, збудаваная залатымі рукамі гаспадара Анатоля Валянцінавіча. Гаспадарка здзіўляе сваімі маштабамі – авечкі, коні, свінні, куры, гусі і грозны алабай.
Разнастайнасць падвор’я здзіўляе. Дарэчы, вы на свае вочы можаце ўбачыць яго ў нашым тэлеграм-канале: Капыль: па сакрэту ўсяму свету. А відэа, прадстаўленае на абласны конкурс, зманціраванае карэспандэнтам «СП», адзначана як самае лепшае, цікавае і маляўнічае.
Але гэтыя дасягненні – не адзіныя для Савета ветэранаў. У конкурсе цэнтральнага рэгіёна вылучылі і іншых удзельнікаў, якія прадстаўлялі Капыльскі раён. Старшыня раённага Савета ветэранаў Людміла Камёнка дадала, што ў кожнай намінацыі капылян адзначалі прызамі і граматамі. Так, за актыўную падтрымку ветэранаў і дзейнасці пярвічнай арганізацыі Падзякай Савета Мінскай абласной арганізацыі ўзнагароджаны старшыня Пацейкаўскага сельвыканкама Сяргей Цвірка. У намінацыі «Кветнік каля пад’езда» Дыпломам Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў і грашовым сертыфікатам узнагароджана Валянціна Базаркіна. За добрасумленную працу ветэранаў-валанцёраў узнагароджана Граматай і грашовым сертыфікатам Ганна Хацько. У намінацыі «Арганізацыя работы пярвічнай арганізацыі» першае месца заняла пярвічная арганізацыя ветэранаў філіяла «Вялікая Раёўка» ААТ «Крыніца». А дыпломам Мінскай абласной арганізацыі і каштоўным падарункам узнагароджана яе старшыня Ганна Лупанос.
Комментарии