Як звычайна, штогод прыкладна каля 22 лістапада (дзень смерці пісьменніка) у філіяле «Літаратурны музей Кузьмы Чорнага» ўстановы «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры» праводзяць дзень ушанавання памяці Кузьмы Чорнага — беларускага класіка, празаіка, публіцыста, перакладчыка, драматурга, крытыка і стваральніка першага беларускага рамана, нацыянальнай сацыяльна-псіхалагічнай і інтэлектуальна-філасофскай прозы. Творца пакінуў багатую літаратурную спадчыну, яго творы ўключаны ў праграму агульнаадукацыйнай школы і ВНУ, папулярныя за межамі краіны, яго імем названа школа і вуліца ў Цімкавічах, імя пісьменніка таксама нададзена вуліцам у Мінску, Бабруйску, Нясвіжы, Слуцку, Капылі.
— У параўнанні з папярэднімі зборамі твораў (у 6 т.: 1954–1955; у 8 т.: 1972–1975 і ў 6 т.: 1988-1992) корпус выдання павялічаны за кошт матэрыялаў, якія не друкаваліся ці былі змешчаны толькі на старонках перыёдыкі і зборнікаў. Іншыя рэдакцыі пададзены асобным раздзелам у асноўным корпусе адпаведных тамоў. Значна пашыраны раздзел «Каментарыі», — расказала загадчык аддзела выданняў і тэксталогіі Інстытута літаратуразнаўства Алена Васілевіч.
У кнігу ўвайшлі раннія апавяданні 1921–1925 гг., якія друкуюцца ў адпаведнасці з апошняй творчай воляй аўтара. У тэкстах узноўлена мова пісьменніка, адлюстраваны дыялектычныя асаблівасці лексічных адзінак і іх граматычных форм (нам будзе даволі цікава знайсці шмат слоў, якія характэрны толькі для нашай мясцовасці).
— Кніга таксама змяшчае навуковыя каментарыі (гісторыка-літаратурны, тэксталагічны, рэальны), якія ўключаюць звесткі пра ўсе вядомыя на момант падрыхтоўкі друкаваныя крыніцы твораў, месца першай публікацыі і датаванне твораў, тлумачэнне гісторыка-літаратурных падзей, асоб, цытат з твораў іншых пісьменнікаў і г.д., — прадаўжае галоўны бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Юлія Амосава. — Пры падрыхтоўцы выдання выкарыстаны аўтографы, машынапісы, іншыя архіўныя матэрыялы, якія захоўваюцца ў Цэнтры даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў ЦНБ імя Якуба Коласа, Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, а таксама ў прыватным архіве нашчадкаў пісьменніка. У аснову збору твораў пакладзены жанрава-храналагічны прынцып: т. 1–3 — апавяданні, т. 4 — аповесці, т. 5–8 — раманы, т. 9 — п’есы, т. 10 — незавершаныя творы, т. 11–12 — літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы, эпісталярная спадчына, дзённікі.
Загадчык філіяла «Літаратурны музей Кузьмы Чорнага» Людміла Ніжэвіч прэзентавала выставу, якая стала вынікам сумеснага фотапленэру «Родныя мае мясціны», праведенага сумесна з фотаклубам «Мінск». Загадчык Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі Вольга Радкевіч вяла імпрэзу, у якой былі прапанаваны беларускія найгрышы, выкананыя выкладчыкамі мясцовай ДШМ Аляксандрам Карповічам і Веранікай Зянько, а таксама песня «Мой родны кут», якую цудоўна праспявала загадчык Руднянскага СДК Ксенія Валошына. У прэзентацыі прынялі ўдзел педагогі і вучні мясцовай школы.
Меркаваннем дзеліцца адзінаццацікласнік Цімкавіцкай СШ Пётр Сакалоўскі:
— Хачу падзякаваць за такое цікавае мерапрыемства. Было вельмі прыемна ўбачыць на свае вочы і пачуць выступленні цікавых людзей са сталіцы, даведацца пра нашага славутага земляка нешта новае, хаця, здавалася б, мы ўжо ўсё пра яго добра ведаем. Вельмі спадабалася падача матэрыялу: мы ўсе з захапленнем слухалі. Многія з нас пажадалі набыць першы том.
Фота аўтара
Комментарии