На фестывальнай сцэне разгарнулася сапраўдная панарама аматарскай творчасці Міншчыны. У ходзе выступленняў калектывы мелі магчымасць паказаць свой талент і прафесійныя навыкі. Іх ацэньвала кампетэнтнае журы з ліку выдатных дзеячаў культуры краіны.
Капыльскі раён прадставілі ўзорны эстрадны аркестр пад кіраўніцтвам Льва Канапляніка, народны аркестр народных інструментаў «Капыльскія дудары», вакальнае трыа «ИЛОНа», харэаграфічныя калектывы Капыльскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Людмілы Беразоўскай. Салістка — Юлія Наумовіч, саліравала на цымбалах — Вераніка Зянько. Артысты запрасілі гледачоў дакрануцца да жывых вобразаў мінуўшчыны, асэнсаваць традыцыі роднага краю, і, магчыма, інакш глянуць на сённяшняе жыццё.
— Наш нумар «Родныя вобразы», створаны на аснове верша Міколы Хведаровіча, — расказвае кіраўнік нумара Любоў Галубовіч. — Туды ўключылі песню «Куток дзівосны гнёздаў салаўіных» на словы нашага земляка, члена літаратурнага аб’яднання «Вясёлка» Мікалая Майсюка. Ідэя нумара была такая, каб показаць любоў да роднага краю, да нашай Капыльшчыны. Лічу, што рэжысёрская задача была паспяхова рэалізавана, і тое, што нас зразумелі гледачы, гэта самае галоўнае. Нагадаем, што ў мінулым годзе выступленне капылян было адзначана Дыпломам за захаванне і развіццё нацыянальных традыцый рэгіёна і дыпломам удзельнiка фестывалю.
Фота Капыльскай ДШМ
Комментарии