Нарэшце наступілі па-сапраўднаму веснавыя дзянькі. І гэта, безумоўна, дасць новы імпульс правядзенню работ па добраўпарадкаванні тэрыторый. Аднак і ў папярэднія дні жыхары раёна не сядзелі склаўшы рукі. Пра тое, што ўжо было зроблена з моманту аб’яўлення месячніка па навядзенні парадку, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый, аб планах на бліжэйшы час, мы пацікавіліся ў кіраўнікоў некаторых сельвыканкамаў.
Ірына ЗАПОЛЬСКАЯ, старшыня Бабаўнянскага сельскага Савета:
— Мы пачалі сваю работу з таго, што пастараліся арганізаваць суботнікі ў арганізацыях і ўстановах, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, каб навесці парадак на замацаваных тэрыторыях. Працавалі каля помнікаў, устаноўленых у гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны і мірных жыхароў, якія былі знішчаны падчас акупацыі. Вялікую ўвагу традыцыйна надаём пустуючым сядзібам. Ужо навялі парадак на дзевяці з іх, работы вядуцца яшчэ на шасці. Гэтыя аб’екты будуць пад нашай увагай і надалей: мы не толькі арганізоўваем работы па навядзенні там парадку, але (у першую чаргу) шукаем нашчадкаў, высылаем ім прадпісанні, робім усё, каб зусім старыя будынкі былі знесены. Дарэчы, літаральна днямі за сродкі ўладальнікаў пабудоў былі праведзены работы па разборцы аднаго дома і адной гаспадарчай пабудовы. Наводзіцца парадак і на грамадзянскіх могілках: спілоўваем небяспечныя дрэвы, высякаем кустоўе, замяняем старую агароджу. Напрыклад, на могілках в. Думічы было знята 150 м плоту, плануецца, што на працягу гэтага года там за сродкі насельніцтва будзе ўстаноўлена жалезабетонная агароджа. Адпаведнае рашэнне было прынята і на сходах грамадзян у вв. Навасёлкі і Бабоўня.
Леанід ЧАРНІКОВІЧ, старшыня Блеўчыцкага сельскага Савета:
— Работа па навядзенні парадку на тэрыторыі нашага сельсавета заўсёды ў цэнтры ўвагі мясцовай улады. Мы праводзім сходы грамадзян, на якіх нагадваем аб неабходнасці прыбраць не толькі на сваіх падворках, але і вакол іх. Усе нашы ўстановы і арганізацыі правялі суботнікі на замацаваных тэрыторыях. Самая пільная ўвага будзе надавацца пустуючым участкам і грамадзянскім могілкам. Пустуючых сядзіб у нас шмат, асабліва ў такіх вёсках як Сухоўчыцы, Заняведамка, Вострава, Домантавічы. Мы не толькі шукаем нашчадкаў, але, не чакаючы іх прыезду, стараемся падтрымліваць там парадак. Па дамоўленасці з кіраўніцтвам ААТ «Ціміразеўскі» распачынаем спілоўванне небяспечных дрэў на старых могілках у в. Блеўчыцы, прадоўжыцца работа па навядзенні парадку і на месцах пахаванняў у вв. Вераб’евічы, Домантавічы, Красіна. Мэтанакіравана будзем адпрацоўваць Домантавічы і Дзярэчына і як вынік работы — правядзём там святы вёсак. Спадзяёмся на дапамогу і гарадскіх арганізацый — разам з намі на навядзенні парадку будуць працаваць КУП «Капыльская ЖКГ» і Капыльскі раён газазабеспячэння.
Гутарыла Маргарыта САКОВІЧ