Аматарскі вакальна-інструментальны ансамбль з РЦК «Замкавая гара» прыняў удзел у канцэрце «Дзень нараджэння сярод сяброў» у гонар вялікага песняра Беларусі Уладзіміра Мулявіна. Мерапрыемства прайшло ў вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Традыцыя праводзіць канцэрт у дзень нара-джэння Уладзіміра Мулявіна з’явілася ўжо пасля смерці легендарнага музыканта. Калегі па творчым цэху, родныя і блізкія не прапускаюць дату і кожны раз думаюць, чым здзівіць. Сёлета вечар прайшоў у фармаце джэм-сэйшна. Аўтар праекта — дачка музыканта Марына Мулявіна, рэжысёр канцэрта — Аляксандр Камлюк, вядучыя — Вольга Брылон і Павел Някрасаў. Прынялі ўдзел вядомыя ў рэспубліцы рок-гурты і выканаўцы. Сярод іх — Аляксандр Камлюк, Ян Жанчак, Вячаслаў Ісачанка, Павел Заяц, групы «Тудэй Холідэй», «Замкавая гара» і іншыя.
[caption id="attachment_110420" align="aligncenter" width="840"]
■ «Замкавая гара» на сцэне Белдзяржфілармоніі[/caption]
— На канцэрт нас запрасіў Аляксандр Камлюк, бо мы неаднойчы выступалі на адной сцэне, — расказвае мастацкі кіраўнік «Замкавай гары» Андрэй Раеўскі. — Удвая сімвалічна, што ў Год гістарычнай памяці мы не забываем легендарныя імёны. Рускі па нараджэнні, Мулявін па сваёй сутнасці быў беларусам і ўнёс прыклад яскравага таленту: з беларускай народнай песні зрабіў магутныя хіты, па якіх сёння пазнаюць, што мы — беларусы. І гэта памяць на ўсё жыццё, на стагоддзі.
Госці вечара пачулі вядомыя хіты «Песняроў» — «За паўгадзіны да вясны», «Чырвоная ружа», «Касіў Васіль сена», «Нашы любімыя», «Я ўсё той жа», «Людка», «Завушніцы» і многія іншыя. Гучалі са сцэны і песні з уласнага рэпертуару выканаўцаў.
— Галоўная ўмова канцэрту — трэба было выканаць песню з творчасці Уладзіміра Мулявіна, — працягвае Андрэй. — Выбралі беларускую народную песню «Хлопец пашаньку пахае». Вядома ж, зрабілі аранжыроўку: дабавілі сваё гучанне, афарбоўку інструментаў, прыдалі рокавага гучання, каб песня адпавядала нашай музыкальнай палітры. Паколькі «Песняры» славяцца сваім мнагагалоссем, трэба было папрацаваць з бэк-вакалам, каб наша выкананне адпавядала ўзроўню сапраўдных майстроў жанру. Спадзяюся, што ў нас усё атрымалася. А вось з уласнага рэпертуару выканалі аўтарскую песню «Божа мой», якая выдатна ўпісалася ў канцэртную праграму. Вялікае шчасце атрымаць такі непаўторны вопыт: іграць у камернай зале — гэта зусім іншае выкананне, жывы гук.
А ў канцы ўсе ўдзельнікі канцэрта дружнай талакой выканалі самы знакавы хіт «Песняроў» — беларускую народную песню ў апрацоўцы Уладзіміра Мулявіна «Касіў Ясь канюшыну». Затым — «Александрыну» і «Волагду».
— Прымаць удзел у свяце, дзе музыканты іграюць жывую музыку — гэта зусім іншае ўражанне, — разважае Андрэй Раеўскі. — Гэта самабытны тэатр, у якім удзельнічаюць не толькі музыканты, але і ўсе тыя, хто знаходзіцца ў зале. Яны спяваюць разам з намі, становяцца героямі гэтага тэатра музыкі.
Прыемна, што рок-групу добра ведаюць не толькі ў Капылі, але і за яго межамі. Сёння ўдзельнікі гурта працуюць над новай праграмай, пішуць новыя музычныя творы, натхняюцца выдатнымі вершамі беларускіх класікаў і нашых землякоў.
— Спадзяёмся, што хутка мы парадуем прыхільнікаў нашай творчасці новымі разнастайнымі і разнажанравымі музычнымі кампазіцыямі. Нам ёсць куды ісці і над чым працаваць, — працягвае Андрэй Раеўскі. — Сведчанне таму — гэты канцэрт і тыя музыканты, якія былі на сцэне. Яны з’яўляюцца прыкладам яскравага майстэрства выканання як інструментальнага, так і вакальнага. І ўвогуле музыка — гэта шлях, як кажуць, на ўсё жыццё, трэба вучыцца і вучыцца. Вялікі дзякуй, што заўважылі наш калектыў, што запрасілі прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве. Для нас вельмі ганарова і ў той жа час хвалююча быць разам з выдатнымі музыкантамі і калектывамі на легендарнай сцэне. Як кіраўніку калектыву «Замкавая гара» асабліва прыемна было бачыць на канцэрце знаёмых капылян, якія правялі вечар 12 студзеня разам з любімымі выканаўцамі. Вялікі дзякуй ім за падтрымку.
Таццяна БОХАН