Наперадзе калоны – ансамбль пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, старшыня Капыльскага райвыканкама Сяргей Пілішчык, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алена Карповіч, курсанты інстытута пагранічнай службы і, вядома ж, настаўнікі і школьнікі: калона рухалася да помніка, дзе пахаваны салдаты 17-га пагранатрада. Юнакі неслі гірлянду, ганаровыя госці – кветкі і вянкі. І вось у гэтай атмасферы, прарэзанай кроплямі восеньскага дажджу, выразна адчуваліся ноткі такога важнага для нашага народа свята – Дня народнага адзінства – самага маладога свята ў Беларусі: яго пяцігоддзе мы адзначаем сёлета. Мне пашанцавала: я была ў ліку тых, першых, дэманстрантаў, няхай і па той бок фотакамеры, а дакладней, у руках з ёю.
У той дзень Цімкавіцкая сярэдняя школа прымала адразу некалькі знакавых мерапрыемстваў, прымеркаваных да знамянальнай даты. Быў адкрыты пасля рэканструкцыі музей 17-га Чырвана-сцяжнага Цімкавіцкага пагранічнага атрада і 16 юных беларусаў папоўнілі рады піянерскай арганізацыі. Вельмі сімвалічна, што менавіта ў пераемніку 17-га пагранатрада – Брэсцкім пагранічным атрадзе – з 1975 па 1977 год праходзіў службу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
Адзначалі гэтае свята і раней. У нумары «Калгасніка Капыльшчыны» за 27 кастрычніка 1949 года пісалі пра тое, што «ў калгасах «Энергія», «Культура» Стара-Капыльскага сельсовета праведзены даклады аб 10-й гадавіне ўз’яднання беларускага народа ў адзінай Беларускай савецкай дзяржаве». «Выканаць план зяблевага ворывы да 10-й гадавіны ўз’яднання беларускага нарорда – такое абязацельства ўзялі на сябе хлебаробы калагаса «Іскра Леніна» Старыцкага сельсовета». «Рыхтуючы дастойную сустрэчу 32-й гадавіне Кастрычніка і 10-годдзю ўз’яднання беларускага народа, калгас «Перамога» паспяхова завяршае сельскагаспадрчыя работы».
Крыху пазней, 3 лістапада, у раёнцы напісалі пра святы, што ўжо адбыліся. Напрыклад, Мінск упрыгожылі да святкавання. Прайшла шостая сесія Вярхоўнага Савета БССР. Вядомыя партыйныя дзеячы гаварылі аб шматвекавой барацьбе, якую вёў беларускі народ супраць царызму, памешчыкаў, капіталістаў і іншаземных захопнікаў: «17 верасня 1939 года доблесныя савецкія войскі прынеслі працоўным Заходняй Беларусі доўгачаканае вызваленне ад прыгнёту польскіх памешчыкаў і капіталістаў».
«У калгасах, соўгасах адзначылі працоўныя раёна 10-ю гадавіну. Адбыліся сходы. У Капылі 30-га кастрычніка быў праведзены агляд мастацкай самадзейнасці. А вечарам адбылося ўрачыстае пасяджэнне выканкома Райсовета дэпутатаў працоўных. З дакаладам выступіў загадчык аддзелам прапаганды і агітацыі райкома партыі тав. Міхалевіч», – пісала раёнка.
P.S. Тагачасная арфаграфія ў вытрымках з газетных артыкулаў захавана.

Комментарии