Водблескам дыяментаў заззялі для жыхароў вёскі Лоцвіны Эдуарда Мікалаевіча і Алены Пятроўны Шалік гэтыя жнівеньскія дзянёчкі: разам з дзецьмі, унукамі і праўнукамі паважаныя людзі адсвяткавалі 60-годдзе сумеснага жыцця.
[caption id="attachment_93302" align="aligncenter" width="840"]
■ Разам і назаўсёды: Эдуард Мікалаевіч і Алена Пятроўна Шалік[/caption]
Дзяцінства Эдуарда Мікалаевіча і Алены Пятроўны прыйшлося на цяжкі пасляваенны час. Таму яны ведаюць цану мірнаму небу і шчыра здзіўляюцца, чаго не хапае людзям зараз?
…Па двары гуляў духмяны жнівень 1960-га. Пахла яблыкамі і апошнімі кветкамі лета. А ў Лоцвінах гулялі вяселле. Маладая ў прыгожай белай сукенцы з па-каралеўску багатым вянком і празрыстым вэлюмам, са сціплай усмешкай на вуснах трымала пад руку свайго суджанага. А ён – вельмі горды, што ўзяў такую прыгажуню. Такімі яны і засталіся на фотаздымках, зробленых (да чаго ж неверагодныя перапляценні лёсу!) братам знакамітага паэта з Пясочнага Анатоля Астрэйкі Дзмітрыем, сын якога многа пазней стане мужам дачкі Шалікаў Тамары. Пра гэта (ды і не толькі) сёння, не стрымліваючы слёз і ўсмешак, расказваюць Эдуард Мікалаевіч і Алена Пятроўна.
Ён
– Бацька мой загінуў на Вялікай Айчыннай у 1944 годзе, калі мне споўнілася сем гадкоў. З мамай мы засталіся адны. Жылі тут жа, у Лоцвінах. Яна працавала ў калгасе і аднойчы, выконваючы нейкую работу, пашкодзіла руку, якая так і не аднавілася. Да канца жыцця ўсе справы мама рабіла адной рукой. Таму я, скончыўшы Цялядавіцкую школу, вымушаны быў застацца побач з ёю. У гаспадарцы працаваў старанна. Спачатку ў паляводчай брыгадзе, а потым стаў электрыкам. Сваю абранніцу сустрэў у 55-м годзе на танцах у клубе. Моладзі тады было шмат, і мы часта збіраліся, каб бавіць час разам. Алена спадабалася мне адразу, і я пачаў да яе заляцацца. Пяць гадоў мы сустракаліся, дасылалі адзін аднаму лісты і фотакарткі. Яны і зараз захоўваюцца ў хатнім архіве.
(Тыя фотаздымкі, на якіх захаваліся і шчырыя подпісы, старанна берагуць дзеці. – Аўт.)
Яна
– Мая радзіма – вёсачка Новая Гута. Тата памёр амаль адразу пасля таго, як я нарадзілася. Праз чатыры гады, у 1942-м, мама сустрэла другога абранніка. Хутка і ён пайшоў на фронт. І вось што цікава: айчым дайшоў да Берліна – і ні разу не быў паранены, не аднойчы быў узнагароджаны. Я бачыла, як цяжка працуе ў калгасе мама, таму вырашыла шукаць свой лёс у Мінску. Пасля сямі класаў Цялядавіцкай школы, дзякуючы стрыечнаму брату, паехала ў сталіцу. Спачатку ён дапамог мне знайсці работу паштальёнам, а потым я ўладкавалася фрэзероўшчыцай на велазавод. Дадому прыязджала не часта, толькі ў водпуск. Вось падчас аднаго такога візіту я і заўважыла Эдзіка. У клубе граў гармонік, юнакі і дзяўчаты танцавалі, смяяліся, знаёміліся… Эдзік часта праводзіў мяне дадому. Мабыць, гэта лёс мой такі… Я так марыла вырвацца з вёскі – і не змагла. Эдзік мне вельмі падабаўся, а пакінуць маці адну ён не мог.
[caption id="attachment_93301" align="aligncenter" width="840"]
■ Эдуард Шалік, 1960 г. і Алена Паўлюшчык (Шалік), 1959 г.[/caption]
Разам
Вяселле спачатку днём адгулялі ў Новай Гуце, адвячоркам – у Лоцвінах. Гасцей сабралася шмат. Прыходзілі і сваякі, і суседзі, і сябры. Каб свята атрымалася знатным, а вясельны ўбор – прыгожым, Алена працавала па паўтары змены на веласіпедным заводзе. А яшчэ трэба было зрабіць падарункі сваякам абранніка. Цёткі яго атрымалі па адрэзе шаўковай тканіны, а маці – шарсцяной. Але усталяваць добрыя зносіны са свякроўю, на жаль, не атрымалася. Жанчына прывыкла жыць разам з сынам у цішыні, і новы чалавек у хаце толькі дадаваў нейкага клопату. А потым пачалі нараджацца дзеткі...
[caption id="attachment_93300" align="aligncenter" width="840"]
■ Вяселле, 1960 г.[/caption]
З дзецьмі
Першым у 1961-м нарадзіўся Саша, наступныя трое дзетак нараджаліся з пастаянным інтэрвалам у два гады: Тамара, Ала і Жанна. Самы малодшы сынок Ігар убачыў свет ажно ў 1976-м. Паміж сабой дзеткі жылі дружна. З ахвотай дапамагалі бацькам, у кожнага былі свае абавязкі. Ды і вядома ж – маці цяжка працавала на ферме свінаркай, а тату-электрыку прыходзілася абслугоўваць бліжэйшыя вёскі, якіх нямала: Язвіны, Руднікі, Лоцвіны, Бабоўня, Рымашы, Засцеб’е… Дома ён амаль не сутыкаўся: «Возьме свае «когці» – і пайшоў», – сёння з усмешкай згадвае Алена Пятроўна. А ў той час было зусім не да смеху…
Працавалі Шалікі без водпускаў. Да таго ж вялікай была і асабістая гаспадарка: дзве кароўкі, тройка свінак, бычок, 70 сотак буракоў калгасных і амаль столькі ж сваіх. Атрымліваў Эдуард Мікалаевіч спачатку 40, потым 60 рублёў. У 1972 годзе за старанную самаадданую працу яму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны рабочы».
– Зараблялі мы нямнога, але ніхто не жаліўся! Гэта цяпер усе разленаваліся, адвыклі ад працы, – каменціруе гаспадыня. – Нам трохі палегчала, калі і я пайшла на работу. А то вядома ж – сем гадоў сядзела дома ды гадавала дзяцей.
За свой жаночы подзвіг у 1988 годзе Алена Пятроўна атрымала званне «Маці-гераіня».
– Гэта зараз добра: для шматдзетных ёсць нейкія льготы, а ў той час мы нічога не мелі і разлічвалі толькі на сябе, – гаворыць жанчына.
Каб палегчыць жыццё гаспадару, прыдбалі матацыкл, на якім зручней было аб’язджаць навакольныя вёскі. Ды і наогул, калі казаць пра Эдуарда Шаліка, то нельга не адзначыць, што ён сапраўдны майстар на ўсе рукі: і дом пабудаваў, і старанна сачыў за парадкам на падворку. А яшчэ, што асабліва звяртае ўвагу – студня, якая знаходзіцца... у хаце. Так вырашыў сам гаспадар.
[caption id="attachment_93299" align="aligncenter" width="840"]
■ Тая самая студня ў хаце[/caption]
Сакрэты сумеснага жыцця
А іх амаль і няма. На пытанне, як удалося пражыць доўга і шчасліва, гаспадары проста паціснулі плячыма: жылі ды і жылі. Сварыцца часу не было: праца не чакала. Калі трэба вырашыць нейкія пытанні, вырашалі іх сумесна. Было і такое, што погляды разыходзіліся, але заўсёды браў верх разумны сэнс. Галоўнае, што і мужу, і жонцы сілы давала праца, а дзеці заўсёды прыслухоўваліся да бацькоўскага аўтарытэту.
– Слова таты або мамы для нас заўсёды было законам. Ніякаму абмеркаванню іх просьбы ці заўвагі не падлягалі. Дысцыпліна была моцная, – упэўнена гаворыць сёння дачка Жанна Эдуардаўна Пісарык, якая працуе ў Бабаўнянскім сельвыканкаме. – Мабыць, дзякуючы такой паслухмянасці мы выраслі годнымі людзьмі.
І гэта на самай справе так. Кожны з пяцярых дзяцей з’яўляецца сапраўдным гонарам бацькоў, а Алена Пятроўна з пачуццём уласнай годнасці нібы падводзіць вынікі:
– Мы ўсё зрабілі дзеля таго, каб дзецям даць адукацыю і выхаваць іх добрымі людзьмі.
Старэйшы Аляксандр жыве і працуе ў Віцебску інжынерам у грамадзянскай авіяцыі. Тамара – банкаўскі работнік, Ала – намеснік начальніка пошты. Абедзвюм удалося здзейсніць матуліну мару – жыць у Мінску. А самы малодшы Ігар з’яўляецца галоўным заатэхнікам УП «ПІК-Лясное».
Дзіяна ТКАЧЭНКА