Менавіта 20 гадоў таму пачалося ўзвядзенне новага будынка названага храма, які вельмі прыгожа ўпісваецца ў мясцовы ландшафт, адкрываючы панараму горада перад уездам з Мінска.
Па прыступках гісторыі
Першы драўляны касцёл святых Пятра і Паўла ў Капылі быў узведзены сынам Жыгімонта Кейстутавіча – літоўскім намеснікам Міхаілам яшчэ ў 1439 годзе. Фундатар і пазнейшыя нашчадкі адорвалі касцёл багатымі ахвяраваннямі, так што ў 1842 годзе, на хвалі касацыі касцёльных маёнткаў, капыльская парафія мела 4 валокі зямлі (а гэта ні многа ні мала 85,44 гектара) і 280 рублёў ануаты. У 1856 годзе будынак касцёла згарэў, а новы пачалі будаваць у 1859 годзе на ахвяраванні памешчыка Рэйтана і парафіян.
Новы мураваны Капыльскі рымска-каталіцкі касцёл быў пабудаваны на сродкі парафіян з дазволу дыяцэзіяльнага начальства. Вуглавы камень заклалі 29 чэрвеня 1859 года, а завяршылі будаўніцтва ў 1864 годзе.
У 1908 годзе клопатамі ксяндза Юзафа Зноскі дабудавана званіца ў неагатычным стылі. Вышыня званіцы складала 45 аршынаў. У правай званіцы месціліся тры званы: вялікі «Кіпрыян» вагой 25 пудоў, ахвяраваны родзічамі Кіпрыяна і Юзэфы Загорскіх у памяць 25-годдзя юбілею замужжа, сярэдні звон «Юзаф» – 14 пудоў і самы малы «Рох» – 7,5 пуда. Званіца была асвечана ксяндзом Янам Сяклюцкім, слуцкім дэканам.
[caption id="attachment_99993" align="aligncenter" width="400"]
■ Так выглядаў касцёл у 1910 г.[/caption]
У 1911 годзе дах пакрылі ацынкаванай бляхай, пад вялікім алтаром была прыбудавана невялікая вежа з сігнатуркай, вежа пакрыта ацынкаванай бляхай, на ёй знаходзіўся крыж, каваны з жалеза. Вадасцёкі былі з цынкавай 15-фунтавай бляхі. Сярод званіц — фасад з крыжам. Касцёльны двор з трох бакоў быў абнесены каменнай агароджай, а з чацвёртага – частаколам.
Пра касцёл і не толькі
Знешне мураваны касцёл выглядаў велічна: вялікая двухвежавая базіліка ў рэтраспектыўна-гатычным стылі. Будынак касцёла звонку і знутры быў тынкаваны. Падлога і столь – дашчаныя. На хорах — арган. У касцёле знаходзіліся тры алтары. Галоўны алтар вялікі, сніцэрскай работы, на чатырох слупах, у алтары крыжы з фігурай Ісуса Хрыста, закрываецца абразом Маці Божай. Ля самай вяршыні алтара два абразы святых апосталаў Пятра і Паўла, на палатне. Другі алтар з правага боку, драўляны, з абразом Багародзіцы. Трэці алтар – святога Антонія, драўляны, з двума абразамі на палатне. Пры кожным алтары месціліся мармуровыя камяні з мошчамі святых мучанікаў. Асаблівую ўвагу звярталі на сябе дзве рызы: адна чырвоная са Слуцкага пояса, другая – з Персідскага.
У касцёле захоўваліся 14 станцый Дарогі Крыжовай Ісуса Хрыста і восем абразоў. Частка маёмасці была атрымана з ліквідаванага Дамініканскага Нясвіжскага рымска-каталіцкага касцёла. У архіве касцёла захоўваліся метрычныя кнігі: «Аб нараджэнні і шлюбах з 1700 г. па 1912 г.»; «Аб шлюбах ІІ частка з 1791 г. па 1912 г.»; «Аб Дашлюбных экзаменах з 1828 па 1912 г.»; «Аб памерлых з 1802 г. па 1912 г.»
[caption id="attachment_99992" align="aligncenter" width="840"]
■ Унутранае ўбранства касцёла. 1914 г.[/caption]
Пры касцёле знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы: плябанія – дом з сасновых брусоў, пабудаваны ў 1887 годзе на каменным падмурку; павець для сена; карэтная; стайня; хлеў; два невялікія хлеўчукі; дамок для арганіста; свіран на каменным падмурку; ляднік; павець для паліва; дамок для закрыстыяна.
Сядзіба была агароджана глухім плотам вышынёй 3,5 аршына. Сад і агарод, кавалак сенакосу, зямля для касцёла знаходзіліся ў казённым маёнтку Какорычы. Капыльская парафія межавала з Уздзенскай, Нясвіжскай, Слуцкай і Цімкавіцкай парафіямі.
Акрамя касцёла ў парафіі знаходзіліся капліцы: мураваная ў в. Вусава (1863 г.), драўляная ў мястэчку Рымя (пабудавана памешчыкам Аколавым), мураваная ў маёнтку Бабоўня (пабудавана памешчыцай Траскалеўскай), драўляная капліца святога Роха на могілках у Капылі, у якой знаходзіўся цудадзейны абраз. Адзначаліся адпустовыя касцёльныя святы: Святых Пятра і Паўла, Святога Роха, пяць святаў Дзевы Марыі, Пяцідзясятніца, Усіх Святых. Касцёл меў прывілеі, дадзеныя прэлатам Дзенісевічам і біскупам Унукоўскім. 3 архіўных дакументаў вядома, што ў 1912 годзе парафія налічвала каля чатырох тысяч вернікаў.
На крутых паваротах
Ёсць звесткі, што касцёл Святых Пятра і Паўла быў дзеючым да 1935 года. Аднак у канцы 30-х гадоў касцёл зачынілі і выкарыстоўваўлі пад розныя мэты: у ім знаходзілася сховішча, потым канюшні і г.д. Па ўспамінах капыльскіх старажылаў, падчас Вялікай Айчыннай вайны касцёл немцы прыстасавалі пад стайню. Пасля бамбёжкі будынак выгараў знутры, засталіся толькі сцены, якія прастаялі да сярэдзіны 50-х гадоў. Напрыканцы 60-х і ад іх мала што засталося, цэглу расцягнулі. Застаўся толькі падмурак, на якім сёння стаяць сталовая і рэстаран «Колас». У фондах раённага краязнаўчага музея захоўваецца фотаздымак руін касцёла за 1948 год.
[caption id="attachment_99991" align="aligncenter" width="840"]
■ Пасля Вялікай Айчыннай вайны ад касцёла засталіся руіны. 1948 г. Зараз на гэтым месцы знаходзяцца сталовая і рэстаран «Колас»[/caption]
А напрыканцы Вялікай Айчыннай вайны жыхары нашага горада і раёна прасілі, каб у капыльскім касцёле з’явіўся свой пробашч. 20 студзеня 1945 года ў Вільню да рымска-каталіцкага мітрапаліта ад імя жыхароў вёскі Шастакі быў дасланы зварот, у якім яны паведамляюць пра рэгістрацыю касцёла і парафіі ў Капылі і просяць прызначыць пастаяннага пробашча. Падпісалі гэты ліст 29 чалавек, сярод іх – прадстаўнікі сем’яў Пяткевічаў, Чаркасоў, Дашкевічаў, Зарамбоўскіх, Сапешкаў, Тарасевічаў, Жылкоўскіх, Новікаў і інш. На канверце стаіць імя Аляксандры Сямёнаўны Чаркас з в. Шастакі. Аб гэтым выпадку гаворыцца ў кнізе «Капыль: гісторыя горада і рэгіёна».
Будаўніцтва: як гэта было
Так склалася, што пасля таго, як будынак былога касцёла быў зруйнаваны, капыльскія каталікі амаль да пачатку 2000-х не мелі месца, дзе маглі б праводзіць набажэнствы. Каля дзесяці год памяшканні, дзе збіраліся вернікі, мяняліся. І толькі ў 2001 годзе прыхаджане нарэшце атрымалі дазвол на пабудову новай святыні. У хуткім часе былі ўзведзены муры сучаснага будынка.
[caption id="attachment_99989" align="aligncenter" width="650"]
■ Вось так у 90-я гады ХХ ст. праходзілі набажэнствы ў падвале гасцініцы[/caption]
– Праводзіць набажэнствы ў Капылі я пачаў з 1996 года, – успамінае першы пробашч новага часу Аляксей Рамановіч. – Свайго памяшкання не было. Таму прыходзілася збірацца і ў Дзіцячай школе мастацтваў, у пакоі, а потым і падвале гасцініцы. Разам са мной у той час са Слуцка прыязджала сястра Дам’яна, якая таксама праводзіла і заняткі ў Нядзельнай школе. Пасля таго, як нарэшце нам выдзелілі ўчастак, праект распрацаваў салігорскі архітэктар Іван Далматовіч. Першым старшынёй касцёльнага камітэта быў Паграбіцкі Мечыслаў Уладзіміравіч, які выконваў свае абавязкі старанна, з ініцыятывай. Потым яго змянілі Уэльскі Сяргей Іванавіч, Булат Іван Вікенцьевіч. Кожны з іх зрабіў вельмі многа, каб у Капылі з’явіўся касцёл. Калі пачалося будаўніцтва, вернікі шчыра і старанна працавалі на ім, не шкадуючы ні сіл, ні часу.
[caption id="attachment_99990" align="aligncenter" width="400"]
■ Айцец Аляксей Рамановіч[/caption]
– Так, мы вельмі імкнуліся хутчэй дабудаваць памяшканне касцёла, – дапаўняе ўспаміны святога айца Ганна Аляксандраўна Казак, якая на той час займала пасаду галоўнага бухгалтара Беларусбанка, а зараз працуе ў раённым Савеце ветэранаў. У касцёле жанчына дапамагала весці неабходную фінансавую дакументацыю. Дарэчы, на працягу многіх гадоў ва ўтульнай хаце Ганны Аляксандраўны жывуць святары, якія прыязджаюць на службу ў касцёл. – Пасля Івана Вікенцьевіча старшынёй стаў Леанід Казіміравіч Міхайлоўскі, а затым і па цяперашні час – Віктар Аляксандравіч Міхайлоўскі.
[caption id="attachment_99987" align="aligncenter" width="840"]
■ Абрад вянчання праводзіць ксёндз Аляксандр Вітко. 2003 г.[/caption]
Калі гаварыць пра тых, хто дапамагаў аднаўляць храм, трэба адзначыць многіх жыхароў, прычым не толькі райцэнтра. Першымі ўключыліся мужчыны і жанчыны з Шастакоў. Яны прыязджалі ўсе разам і выконвалі некаторыя работы.
Многія з тых, хто працаваў на адраджэнні святыні, ужо, як кажуць, адышлі ў вечнасць. Напрыклад, няўрымслівая Козел Марыя Антонаўна.
[caption id="attachment_99984" align="aligncenter" width="840"]
■ Козел Марыя Антонаўна. 2012 г.[/caption]
Яна была адной з першых, хто дапамагаў святару Аляксею. Так, ксёндз мог патэлефанаваць ёй і сказаць: «Пайшла машына з будаўнічымі матэрыяламі. Сустракай!» І жанчына сустракала яе і нават ахоўвала. Пэўны час Марыя Антонаўна клапацілася, каб у касцёле заўсёды было чыста і ўтульна. Пасля службы яна заставалася, каб прыбіраць памяшканне.
[caption id="attachment_99986" align="aligncenter" width="650"]
■ Ксёндз Аляксандр Тарасевіч. 2016 г.[/caption]
Таксама трэба аддаць належнае і іншым. У іх ліку – Нікіценка Людміла Вацлаваўна, Алісевіч Лідзія Антонаўна, Кунцэвіч Юлія Эдуардаўна, Карасёва Ядвіга Антонаўна, Анна Іосіфаўна Арлоўская. Падтрымлівалі будаўніцтва і прадпрыемствы: так званыя «сельгасхімія», «масласырзавод». Зараз добрую дапамогу аказваюць сем’і Сяргея Пратасевіча і Ядвігі Карпучок.
[caption id="attachment_99988" align="aligncenter" width="650"]
■ Ксёндз Андрэй Калядка[/caption]
– Мы пастаянна імкнёмся зрабіць так, каб касцёл меў прывабны выгляд, – каменціруе сённяшні пробашч парафіі ксёндз Андрэй Калядка. – Сёлета плануем аднавіць прыступкі, пачаць работы на алтарнай частцы. Трэба прывесці ў парадак і вадасцёкавыя трубы. І, я ўпэўнены, дзякуючы сапраўдным энтузіястам мы гэта выканаем. Вельмі добра, што ў касцёла ёсць такія адданыя людзі, як Ганна Мікалаеўна Сапешка, Ганна Аляксандраўна Казак, Станіслаў Тадэвушавіч Свяцкі.
[caption id="attachment_99985" align="aligncenter" width="840"]
■ Ганна Казак[/caption]
На службе ў Пана
На жаль, нагадаць імёны ўсіх святароў магчымасці не маем. Але гісторыя захавала імёны некаторых ксяндзоў больш ранейшага часу, якія служылі ў капыльскім касцёле. Гэта Зянькевіч Віктар Віктаравіч – з 1903 па 1904-ы, Фама Чайкоўскі ў 1906-м і Юзаф Зноска з 1907-га па 1916 год.
Трагічна склаўся лёс ксяндза Пяткевіча Іосіфа Станіслававіча. Пэўны час ён нёс службу на Случчыне. Потым быў пераведзены ў Капыль, дзе 3 сакавіка 1933 года яго арыштавалі. Асудзілі святара ў гэтым жа годзе за «антысавецкую агітацыю і як члена контр-рэвалюцыйнай арганізацыі» і адправілі нa 5 гадоў лагерных работ. Потым этапавалі ў Беламорска-Балтыйскі лагер Аб'яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення Архангельскай вобласці і Комі АССР. Па некаторых даных, у 1935 г. Пяткевіч цяжка захварэў, таму і знаходзіўся ў лагерным шпіталі. Ізноў быў узяты пад варту ў сакавіку 1937 года і прысуджаны 2 верасня 1937 года тройкай НКВД за «шпіянаж» да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Пазней быў рэабілітаваны.
У далейшым (пасля айца Аляксея Рамановіча), на працягу 2000-х гадоў, у Капылі служылі ксяндзы Аляксандр Вітко і Аляксандр Тарасевіч.
Праект падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА