Польскі паэт, літаратуразнаўца, перакладчык. Пісьменнік, які, безумоўна, любіў радзіму, аб чым часта ўспамінаў у цыклах сваіх вершаў.
[caption id="attachment_104616" align="aligncenter" width="300"]
▪ Леанард Падгорскі-Аколаў[/caption]
Нарадзіўся Падгорскі-Аколаў Леанард у маёнтку Рымя (вёска Дусаеўшчына) Капыльскага раёна 21 снежня 1891 года. У 1912-1914 гг. вучыўся ў Львоўскім універсітэце. У дваццаць год дэбютаваў як паэт і неўзабаве выдаў першы зборнік вершаў «Сонечны смех» (Львоў, 1912). Яго вучоба на факультэце паланістыкі ў Львоўскім універсітэце была перапынена Першай сусветнай вайной: быў прызваны ў расійскую армію, а з 1917 служыў у польскім войску пад кіраўніцтвам генерала Юзафа Доўбур-Мусніцкага. Вайсковую кар’еру закончыў у 1922, застаўся жыць у Варшаве. Менавіта тут, пасля бураломных гістарычных падзей, што аддзялілі яго ад родных мясцін, пачынаюцца настальгічныя душэўныя пакуты. Так з'явіўся знакаміты цыкл вершаў, выдадзены ў Вільні, якая была найбліжэйшым культурным цэнтрам да этнічнай радзімы. Першапачаткова цыкл «Беларусь» складаўся з пятнаццаці пазначаных лічбамі вершаў, датаваўся ён 1922-1924 гг. і пачынаўся з міцкевічаўскага эпіграфа: «Калі ж нам Пан Бог дазволіць вярнуцца з вандроўкі і зноў абжыць дом на айчыннай зямлі...» Асноўныя настроі цыкла – смутак, пачуццё адарванасці ад роднага краю, ідэалізацыя яго, вылучэнне найяскравейшых праяў і ўражанняў дзяцінства і маладосці. У сваіх вершах аўтар параўноўвае родныя мясціны з еўрапейскімі краінамі:
...Бо чым яны душу
звяселяць,
Калі мілей мне
за Акропаль
Цяпер узнёслы,
чысты, белы
Касцёл на ўзгорку,
родны Копыль!
Верш «Туганавічы» паклаў пачатак «Навагрудскаму» цыклу, у якім надрукаваны «Тракт пад Нясвіжам», «Граніца (на шашы слуцкай)», «Шлях з Наваельні да Навагрудка», «Гасцінец», «Усяночная крэсоўца». Апошні заканчвае пашыраны беларускі цыкл Падгорскага-Аколава, дзе аўтар па-майстэрску абыгрывае месца свайго нараджэння:
І так, агораўшы чатыры мілі,
Дапялі мы туды,
дзе на змярканні
За Рымам тых мясцін –
Капылем,
Мільгне агнямі
вокнаў Рым.
Ён абыгрывае напісанне назваў (Rzym i Rym), а таксама дае звестку, што Капыль, падобна старажытнаму Рыму, размешчаны на сямі ўзгорках. І вось там, менавіта, «быў рай», аб якім столькі трызнілася паэтычнымі радкамі!
Такім чынам, краёвыя беларускія матывы ў азначаным шэрагу вершаў пісьменніка складаюць адметны тэматычны і настраёвы літаратурны пласт. У ім заўважны працяг традыцыі ХІХ ст., міцкевічаўскі ўплыў, і ў той жа час прыўносіцца новы акцэнт, абумоўлены новай культурнай і сацыяльнай рэчаіснасцю і ў пэўнай ступені існаваннем прафесійнай высокамастацкай беларускай літаратуры і беларускіх выданняў. Адсюль беларуская тэма і «краёвыя» матывы ў польскіх вершах набываюць абрысы беларускай экзотыкі, прыўносяць лірычны сантымент, акрэсліваючы «геаграфію душы» аўтара.
[caption id="attachment_104617" align="aligncenter" width="840"]
▪ Сядзіба Аколавых у Рыме. Фота да 1912 года[/caption]
Як паэт Леанард Падгорскі-Аколаў належаў да авангарднай польскай групы «Скамандар» і акрамя вершаў друкаваў у часопісе з адпаведнай назвай артыкулы па тэорыі версіфікацыі – «Аб рыфме» (1925), «У абарону новых рыфмаў» (1926). Сцвердзіўся ён і як знакаміты перакладчык паэзіі рускага мадэрнізму і авангарду: у 1923 г. пабачыла свет анталогія «Новая расійская паэзія», якая адыграла пераломную ролю ў гісторыі ўспрыняцця расійскай паэзіі ў Польшчы. Упершыню ў перакладах Падгорскага-Аколава былі прадстаўлены творы Г. Ахматавай і М. Цвятаевай, малавядомыя тады творы А. Блока, Ф. Салагуба, С. Ясеніна, А. Марыенгофа. У 1952 і 1955 гг. пабачылі свет дзве кнігі даследаванняў пісьменніка «Realia Mickiewiczowskie», дзе аўтар, часта грунтуючыся выключна на ўласнай лірычнай інтуіцыі, сцвярджаў рэчы, якія пазней знаходзілі сваё пацвярджэнне ў дакументах. Памяць гадоў дзяцінства, знаёмства з фальклорам і жыццёвым «кліматам» Навагрудчыны стваралі цесную сувязь паміж паэтам-даследчыкам і творчасцю Міцкевіча. Леанард Падгорскі-Аколаў у 1955 г. стаў дырэктарам музея Адама Міцкевіча ў Варшаве, які ўзначальваў некалькі гадоў да канца свайго жыцця (памёр ён у 1957 годзе). Менавіта ён з’яўляецца заснавальнікам аўтабіяграфічнага падыходу ў міцкевічазнаўстве першай паловы ХХ стагоддзя.
Наталля ДАВЫДЗЕНКА