Афяроўскі Аляксандр Рыгоравіч – пісьменнік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. нарадзіўся ў вёсцы Рулёва Капыльскага раёна 1 мая 1937 года.

Дзяцінства прайшло на радзіме бацькоў у вёсцы Глазаўка Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. Вучыўся ў чыгуначным тэхнікуме, працаваў дыспетчарам, правадніком на поездзе «Масква – Брэст», начальнікам станцыі. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ ў 1969 годзе. Яшчэ падчас вучобы супрацоўнічаў і быў пазаштатным карэспандэнтам такіх выданняў, як «Савецкая Беларусь», «Чырвоная змена», «Мінская праўда», «Вожык». Працаваў старшым рэдактарам на тэлебачанні, загадчыкам рэдакцыі ў БелТА, начальнікам кніжнага гандлю Белспажыўсаюза, у рэспубліканскіх выдавецтвах «Універсітэцкае» і «Юнацтва».
Аляксандр Рыгоравіч напісаў шэраг сцэнарыяў дакументальных фільмаў, з нарысамі, публіцыстычнымі артыкуламі выступаў у перыядычным друку. Працаваў загадчыкам рэдакцыі сельскага жыцця ў Беларускім тэлеграфным агенцтве. Менавіта гэта работа дазволіла Афяроўскаму добра вывучыць жыццё, і з’явілася жаданне напісаць штосьці значнае, каб яно пакінула след у літаратуры. Пісьменнікам створаны дакументальна-мастацкая аповесць «Святло паўночнага ззяння» (1988), дэтэктыўна-прыгодніцкія раманы «Двое на тонкім лёдзе» (1998), «Феафанія» (2001), «Анэлін хутар» (2007), вершаваная дзіцячая кніга «Заапарк» (1994), зборнік гумарыстычных апавяданняў «Ноч з Юзікам» (1994), навукова-папулярныя кнігі «Яблык» (1995), «Тайны народнай медыцыны» (1993) і інш.
«Пісьменніцтва аўтара – гэта адбітак яго пошукаў у сэрцы чалавечым», – так характарызаваў творчасць пісьменніка член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ганад Чарказян. А кожны твор Аляксандра Рыгоравіча быў прасякнуты добразычлівай іроніяй, трапным жыццесцвярджальным гумарам.
Заўважаны грамадскасцю быў таксама і пераклад пісьменнікам «Казак, легенд і паданняў» знакамітага італьянскага мастака Леанарда да Вінчы, упершыню надрукаваных на беларускай мове.
Наталля
Давыдзенка
Комментарии