Днямі 70 гадоў з дня нараджэння адзначыў вядомы беларускі археолаг, кандыдат гістарычных навук, дацэнт
Леанід Калядзінскі, які ўнёс вялікі ўклад у вывучэнне гісторыі Капыльшчыны. Аб гэтым і не толькі ў нашым інтэрв’ю.
[caption id="attachment_111550" align="aligncenter" width="866"]
■ Леанід Калядзінскі[/caption]
– Леанід Уладзіміравіч, чым прывабіла Вас археалогія? Чаму выбралі менавіта гэту прафесію?
– У дзяцінстве я вельмі любіў збіраць манеты. Для мяне гэта быў подых гісторыі. Памятаю, у гадоў 5-6 бацькі паехалі ў Навагрудак у госці. Узялі мяне з сабою. Нас павялі на «Курган Міцкевіча», дзе побач вяліся раскопкі. У раскопе нікога не было. Я туды спусціўся і пачаў трэсачкай шукаць старадаўнія рэчы. Праз пэўны час з’явілася цёценька і пагрозліва выгнала мяне адтуль. Праз шмат гадоў, у Кіеве на канферэнцыі я пазнаў тую жанчыну. Гэта была археолаг з Ленінграда Марыяна Уладзіміраўна Малеўская! Другое ж маё знаёмства з археалогіяй адбылося, калі ўбачыў падручнік «Гісторыя старажытнага свету» Ф.П. Кароўкіна. Там быў малюнак «Археолагі за працай», які мне вельмі запаў у душу.
– Вы праводзілі археалагічныя даследаванні ў Капылі. Чаму выбралі гэты горад?
– Да раскопак у Капылі былі раскопкі ў Віцебску і Слуцку. І там, і там быў цэнтр горада, шмат людзей. Хацелася спакойнага месца работы. У Капылі ж было і прыгожа, і спакойна. І, самае галоўнае, абсалютна недаследаваны помнік. Па сутнасці я быў першапраходчык па археалагічнай цаліне Капыля. Гэта і найбольш прываблівала мяне. Акрамя Капыля праводзіў раскопкі кургана ў в. Садкі Слабада-Кучынскага сельсавета Капыльскага раёна.
– Якія ўражанні ў вас засталіся пасля раскопак у Капылі?
– Капыль – адно з нямногіх паселішчаў у Беларусі, дзе адносна добра захаваліся розначасовыя помнікі археалогіі і дзе ў большай ці меншай ступені захаваўся гістарычны ландшафт. Цэнтральнае і галоўнае месца ў гэтай групе помнікаў займае старажытнае гарадзішча, вядомае сярод мясцовага насельніцтва пад назвай «Замкавая гара», якая велічна, на вышыню 11 метраў, узвышаецца над поймай ракі Каменкі.
Як яшчэ адзін археалагічны аб’ект сучаснага Капыля хочацца адзначыць і курганы. Яны захаваліся ў цэнтры горада – на тэрыторыі праваслаўных і яўрэйскіх могілак ХІХ–ХХ стагоддзяў, а таксама ў акрузе Капыля ва ўрочышчах «Грабавы гай» і «Дубы». Відаць, пад іх уз-дзеяннем і нарадзіліся славутыя радкі беларускага паэта Анатоля Астрэйкі: «Яго сівыя курганы мо не адну стаілі быль…»
Наступны па сваёй навуковай значнасці помнік археалогіі – гэта вакольны горад Капыля ХІІ–ХІІІ стст., што паўкальцом ахоплівае Замкавую гару з паўднёвага ўсходу. Па-за рэчкай Каменкай, на процілеглым ад гарадзішча і вакольнага горада баку, можна прасачыць сляды паселішча канца XVII–XVIII стагоддзяў. У агаленнях культурнага пласта, які ўскрываецца падчас будаўнічых земляных работ, сустракаецца кераміка гэтага часу. А бліжэй да р. Каменкі на другой надпоплаўнай тэрасе можна знайсці чарапкі глінянага посуду больш ранняга часу – ХІІ–ХІІІ і нават ХІ ст. Часам на выспінах каля Каменкі можна выявіць крамянёвы інвентар эпох неаліту і нават мезаліту. Па шчаслівым збегу абставін тэхнагенныя і ўрбаністычныя працэсы мала нанеслі шкоды гэтым помнікам, а таму сёння яны могуць з’яўляцца аб’ектамі спецыяльнай увагі для навукоўцаў і гасцей горада.
– Колькі часу было патрачана на археалагічныя раскопкі на Капыльшчыне?
– З 1996 года пачаліся планамерныя шырокамаштабныя археалагічныя раскопкі гарадзішча Капыля. Яны працягваліся ў 1997–1999, а таксама ў 2005 і 2007 гадах. Адзначу, что гэтыя работы праводзіліся намі разам са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка падчас летняй археалагічнай практыкі. Вялікую і разнастайную дапамогу аказвалі і мясцовыя ўлады.
– Якую агульную плошчу складаюць археалагічныя даследаванні на Капыльшчыне?
– За ўсе гады нашых раскопак плошча склала 675 м2 пры таўшчыні культурнага пласта каля 1 м. Курганоў раскапана чатыры. Акрамя таго, фіксаваліся агаленні культурнага слою і на правым беразе р. Каменкі – тэрыторыі колішняга мястэчка Капыль, праводзілася вывучэнне падмуркаў касцёла Св. Пятра і Паўла, будынка сярэдзіны – другой паловы ХІХ ст., размешчанага на месцы касцёла XV ст. Вяліся назіранні за распрацоўкай культурнага пласта ля будынка былой карчмы ХІХ ст., якая мясцілася ля гарбарні ХІХ ст., а на сёння – раённага краязнаўчага музея. Калекцыя індывідуальных знаходак налічвае 1042 адзінкі.
– З чаго складалася археалагічная праца на замкавай гары ў Капылі?
– Работа на Замкавай гары ўключала распрацоўку культурнага слою па пластах таўшчынёю па 20 см. Работа ўручную, пад рыдлёўку. Пераборку культурнага слою і вынас яго па-за межы раскопа на насілках. Знаходкі масавыя – гэта кераміка і косткі жывёл. Знаходкі індывідуальныя – гэта прылады працы, узбраенне, упрыгожванні, рэчы побыту. Яны мыюцца, прасушваюцца, падпісваюцца, замалёўваюцца, фатаграфуюцца і на іх падставе пішацца справаздача аб раскопках. А на падставе справаздач пішуцца навуковыя і навукова-папулярныя артыкулы і кнігі. Адразу адзначу, што вынікі раскопак у Капылі агучваліся на навуковых канферэнцыях, у тым ліку замежных у Польшчы, Расіі, ва Украіне, на міжнародным археалагічным кангрэсе ў Ноўгарадзе Вялікім і на Усерасійскім археалагічным з’ездзе ў Старой Русе, у выступленнях па радыё і тэлебачанні, адлюстраваны ў дзясятках навуковых і навукова-папулярных артыкулах. Артэфакты з нашых раскопак выстаўлены ў экспазіцыі і захоўваюцца ў фондах Капыльскага раённага краязнаўчага музея.
– Якія цікавыя экспанаты вамі былі знойдзены? Якую каштоўнасць яны нясуць?
– Усе выяўленыя знаходкі маюць гісторыка-культурную каштоўнасць, таму што гэта матэрыял для аднаўлення гісторыі Капыля таго перыяду, дзе пісьмовых звестак недастаткова. Развіццё Капыля ў ХІІ–ХІІІ стст. адпавядае гістарычнаму станаўленню абсалютнай большасці старажытнарускіх гарадоў. Матэрыялы раскопак прадстаўляюць увесь спектр віталітыўнай культуры. Віталітыўныя культура – гэта культура жыццёзабяспячэння насельніцтва. Матэрыялы раскопак паказваюць гаспадарку: рамяство, земляробства, жывёлагадоўлю, промыслы і гандлёвы абмен. Геаграфія паходжання імпартаў – Візантыя, паўднёварускія землі, Сярэдняя Азія і Заходняя Еўропа. Сярод знаходак адзначым толькі рарытэтныя: залатую падвеску, сярэбраны крыж-цельнік, пярсцёнак з выявамі крынаў (квітнеючай лазы) на шчытку, абойміцу на скураныя похвы шаблі, наверша шлема, ланцэтападобны наканечнік кап’я, пісала – прылада для пісьма ў цэрах па воску, цэльнастальны нож хірургічнага прызначэння, пчаліныя соты.
[caption id="attachment_111551" align="aligncenter" width="840"]

■
Знаходкі з Замкавай гары[/caption]
[caption id="attachment_111552" align="aligncenter" width="840"]

■
Срэбраны крыжык[/caption]
– Што лічыце самым галоўным дасягненнем за ўсе гады экспедыцыі? Вашы пажаданні капылянам.
– Самае галоўнае дасягенне: на падставе маіх раскопак было даказана, што Капыль як горад узнік на тры сотні гадоў раней, чым пра яго з’явіўся запіс у Галіцка-Валынскім летапісе пад 1274 годам. Выснова, што ў ХІІ–ХІІІ стст. Капыль быў даволі развітым цэнтрам удзельнага княства.
Археалагічныя даныя дапаўняюць пісьмовыя звесткі пра Капыль, ілюструюць усе бакі віталітыўнай культуры гэтага паселішча на працягу яго тысячагадовай гісторыі. І разам з помнікамі прыроды могуць служыць аб’ектам турыстычнай увагі. Каб аднавіць помнік гістарычнай культуры, вельмі добра б было наладзіць рыцарскія фэсты, як гэта ёсць у Лідскім, Мірскім і Навагрудскім замках, чаму б не адрадзіць раз у год таэтралізаванае вяселле, якое згулялі на капыльскім замку 30 кастрычніка 1650 го-да Ян Цадроўскі – грамадска-палітычны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і мемуарыст – з дачкой стражніка ВКЛ Ганнай Мірскай.
Гутарыла
Наталля ДАВЫДЗЕНКА