Самыя старажытныя сведкі гісторыі зямлі - камяні, якія з’яўляюцца не толькі часткай прыроды. Яны ўвайшлі таксама ў матэрыяльную і духоўную культуру.
Многія валуны носяць назвы накшталт Святы Камень, Божы След, След Божай Маці, Кравец, Пярун, Змееў Камень, Чортаў Камень і інш. Пра некаторыя валуны існуюць легенды як пра акамянелых людзей і жывёл. Ёсць легенды пра камяні, якія нібыта з’явіліся на месцах заклятага возера ці крыніцы або ўтварыліся ў выніку падзення пагаслых зорак.
[caption id="attachment_114884" align="aligncenter" width="840"]
■ Людміла Дучыц каля таямнічага камня ў в. Кудзінавічы[/caption]

Сустракаюцца камяні-абярэгі, камяні з высечанымі на іх знакамі, надпісамі, малюнкамі, штучнымі паглыбленнямі. Над некаторымі паклоннымі валунамі ўзводзілі капліцы і храмы. Былі часы, калі такія камяні знішчалі, скідвалі ў вадаёмы, закопвалі ў зямлю. Спачатку хрысціяне знішчалі іх як паклонныя аб’екты язычніцтва, а ў 1930-я і затым у 1960-я гг. гэта рабілі ваяўнічыя атэісты, якія змагаліся з рэлігіяй увогуле.
Самыя распаўсюджаныя культавыя валуны на Капыльшчыне – камяні-следавікі. Іх адметнай асаблівасцю з’яўляюцца паглыбленні, якія нагадваюць след чалавека або лап жывёл. Выемкі бываюць прыродныя і штучныя. Такія камяні сустракаюцца ва ўсім свеце і найбольш на тэрыторыі Усходняй Еўропы, асабліва ў раёнах, блізкіх да Балтыйскага мора. На тэрыторыі Беларусі сёння навукоўцамі ўжо ўлічана каля двухсот такіх помнікаў.
Самы знакаміты культавы камень Капыльшчыны знаходзіцца на могілках каля капліцы ў в. Кудзінавічы
(на здымках). Гэта ружовы граніт рапаківі памерамі 4,3 х 3 х 0,9 м. На яго паверхні высечаны прамавугольнік 12 х 6,5 см і глыбінёй 1 см, які ў народзе атаясамліваюць са Следам Хрыста ці Божай Маці. Побач ёсць маленькая ямка. Яна лічыцца следам ад кіёчка, на які апіраўся Хрыстос ці Багародзіца, калі хадзілі па зямлі. Побач рэльефны чатырохканцовы крыж (29 х 22 см) і варонкападобная выемка дыяметрам 12 см і глыбінёй 13 см. Па павер’ях дажджавая вада з вялікай ямкі з’яўляецца лекавай і дапамагае тым, у каго баляць вочы. Мох з камня прыкладалі да хворых зубоў.
Да камня здаўна прыносілі грошы, велікодныя стравы, печыва і цукеркі. Раней, калі хварэла карова, то неслі масла і сыр, а калі свіння – сала і кілбасы. На Дзявятнік (9-ты чацвер пасля Вялікадня) і на дзень Святога Роха (16 жніўня) каля камня і капліцы адбываліся фэсты.
Згодна з паданнем, вельмі даўно ў гэтых мясцінах лютавала эпідэмія халеры. Людзі хадзілі да камня і прасілі, каб ён пазбавіў ад хваробы, але дапамогі не было. Тады і вырашылі побач пабудаваць храм.
Акрамя камня ў Кудзінавічах ёсць звесткі яшчэ пра пяць падобных валуноў на Капыльшчыне. На жаль, на месцы іх знайсці ўжо не давялося.
Адзін з такіх камянёў ляжаў каля дарогі з в. Закопанка ў в. Аткулавічы. Да Другой сусветнай вайны тут быў лес, які потым знішчылі. Да камня хадзілі працэсіі з харугвамі і адбываліся маленні. Камню ахвяравалі грошы, палотны, воўну, ежу. У 1970-я гады ў час правядзення меліярацыйных работ прыехалі ваенныя і ўзарвалі народную святыню. Людзі ўспаміналі, што камень ад выбуху разваліўся на дзве часткі, якія і цяпер недзе ляжаць паблізу. У гэтыя ж гады падчас меліярацыі знішчылі падобны камень-следавік і каля в. Карзуны. Краязнаўцы чулі звесткі і пра падобны камень паміж вёскамі Камсамольская (да 1964 г. Пукава) і Сунаі.
У этнаграфічнай літаратуры рубяжа ХІХ–ХХ стст. ёсць інфармацыя, што пры дарозе з Грозава ў Слуцк ляжыць камень, на якім паглыбленне нагадвае след чалавека. Згодна з легендай, след пакінуў святы Мікалай, калі ішоў у царкву паказваць цуды. Камень з такой жа легендай згаданы і каля в. Куцаўшчына ў капліцы. Некалі на Дзявятнік туды хадзілі крэсным ходам, маліліся і цалавалі камень. У мікрарэгіёне мястэчка Грозава ў тыя часы быў пашыраны культ св. Мікалая. На ўскрайку Грозава ёсць Міколіна Гара і на ёй могільнік, дзе некалі стаяла капліца св. Мікалая.
ДАРЭЧЫ!
Каменю здаўна прыносілі грошы, велікодныя стравы, печыва і цукеркі. Раней, калі хварэла карова, то неслі масла і сыр, а калі свіння – сала і кілбасы. На Дзявятнік (9-ты чацвер пасля Вялікадня) і на дзень Святога Роха (16 жніўня) каля камня і капліцы адбываліся
фэсты.
На могілках в. Кукавічы захавалася мураваная капліца, куды раней на Узвіжанне хадзілі маліцца. Яшчэ гадоў дваццаць назад старажылы ўспаміналі, што справа ад ўваходу ляжаў камень з надпісамі. На яго клалі грошы, кветкі, палотны і інш. Потым камень нібыта забралі ў маёнтак і паклалі ў падмурак нейкай пабудовы.
У часопісе «Минские Епархиальные Ведомости» ў 1874 г. у мястэчку Пясочнае згадваўся Лекавы Камень, які карыстаўся вялікай павагай. Ён ляжаў на ўзгорку ў капліцы, што была на месцы ранейшай Дзмітраўскай царквы. У той час камень знаходзіўся каля драўлянага крыжа з абразом, а раней ляжаў каля ўваходу ў капліцу.
Паводле падання калісьці па дарозе да Пясочнага ў час непагадзі ішлі тры сляпцы. Яны збіліся з дарогі, натыкнуліся ў полі на камень, спыніліся і пачалі маліцца. У час малітвы да аднаго са сляпых вярнуўся зрок. Ён давёў сваіх сяброў да Пясочнага і расказаў людзям пра цуд. Тады валун забралі з поля і паклалі каля дзвярэй царквы. Да камня сталі хадзіць паломнікі, асабліва тыя, у каго балелі вочы. Неслі лён, палотны, воўну, грошы і інш.
У гэтым жа часопісе на наступны год (1875) быў надрукаваны летапіс Цялядавіцкай (Талядавіцкай) царквы. Там ёсць звесткі пра паклонны каменны крыж, які быў на беразе возера каля в. Калюга (паміж Цялядавічамі і Пясочным). Яму пакланяліся на Узвіжанне. Лічылася, што ў гэты дзень з возера можна пачуць гукі званоў. Па легендзе на месцы возера існаваў горад, які потым знік пад вадой разам з царквой. На паверхню ўсплылі царскія вароты. Іх выцягнулі і перанеслі ў Песачанскую царкву.
У 1960-я гады пасля меліярацыі азярко знікла і ператварылася ў балота. Магчыма і цяпер недзе ляжыць той легендарны каменны крыж.
Людміла ДУЧЫЦ,
археолаг, этнограф, кандыдат гістарычных навук
Паважаныя чытачы! Калі вы знайшлі нейкі цікавы камень-валун, не праходзьце міма – звяртайцеся ў рэдакцыю. Разам мы паспрабуем стварыць цікавую гісторыю.