Створаны ён напрыканцы 1917 – у пачатку 1918 гадоў.
Ён тады быў яшчэ Мікалаем Раманоўскім і вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. У час канікулаў, прыязджаючы дадому, прымаў актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці, а таксама ў пастаноўках. Вельмі добра пра гэты час напісала Зінаіда Іосіфаўна Раманенка. У сваім артыкуле ў газеце «Слава працы» «Ля вытокаў Цімкавіцкага тэатра» за 1987 год яна змясціла інтэрв’ю былой настаўніцы Цімкавіцкай школы Надзеі Іванаўны Карповіч (Дамені), якая закончыла Слуцкую гімназію, дарэчы сяброўкі К. Чорнага:
«У той час у Цімкавічах было шмат маладых настаўнікаў і студэнтаў, якія вучыліся ў Слуцку, Нясвіжы, Раманаве, а на летніх вакацыях актыўна ўдзельнічалі ў культурна-асветніцкай рабоце.
[caption id="attachment_63479" align="aligncenter" width="580"]

■ Перад спектаклем У. Галубка «Ганка», 1967 г.[/caption]
Добра памятаю, як 31 снежня 1917 года мы, артысты-аматары, ставілі «Жаніцьбу» М. Гогаля. У 1918 годзе ставілі п’есу Я. Коласа «Антон Лата». Вялікую папулярнасць у 1921 –
22 гг. меў спектакль па п’есе Л. Андрэева «Дні нашага жыцця». Галоўныя ролі выконвалі Уладзімір Барысаў, Надзея Даменя, Мікалай Іларыёнавіч Раманоўскі (настаўнік і сусед К. Чорнага). У ролі Архангельскага быў Мікалай Карлавіч Раманоўскі (К. Чорны).
Прыняць удзел у нашых пастаноўках хацелі вельмі многія. Барысаў працаваў тады старшынёй Семежаўскага валвыканкама, але заўсёды своечасова прыязджаў на рэпетыцыі.
К. Чорны чытаў са сцэны свае фельетоны, гумарэскі. Гледачы з нецярпеннем чакалі яго новых цікавых фельетонаў і жартаў, якія ён не паўтараў двойчы і ніколі не запісваў. У аснову вусных твораў клаў звычайныя, выхапленыя з жыцця цімкаўцаў сітуацыі. Амаль праз завуаляваную форму апавядання гледачы пазнавалі сябе ці сваіх суседзяў. Але нават высмейваць К. Чорны ўмеў тактоўна, не выклікаючы абурэння, а трапна і дасціпна павучаючы.
Выступленні нашага самадзейнага калектыву праходзілі не толькі ў Цімкавічах, але і ў іншых вёсках: Быстрыцы, Браткаве, Савічах, Чарнагубаве, Шастаках, Рачкевічах і інш.».
У «СП» за 1977 год мы чытаем наступнае: «У рэпертуары былі п’есы «Юбілей», «Раніца дзелавога чалавека» А.П. Чэхава, «Паўлінка» Я. Купалы, «Аповесць аб тым, як пасварыліся Іван Іванавіч з Іванам Нікіфаравічам» М.В. Гогаля».
[caption id="attachment_63480" align="aligncenter" width="400"]

■ Спектакль Я. Купалы «Прымакі». Злева на фотаздымку Раманенка З.І., 20-30 гг. ХХ ст.[/caption]
У трыццатыя гады кіравала драматычным гуртком настаўніца Зінаіда Кірылаўна Грынёва, адна з нямногіх членаў першага складу настаўнікаў —аматараў сцэны. П’еса «Пастушкі» Міхася Чарота спадабалася гурткоўцам тым, што ў ёй трэба было іграць аднагодкаў. Артысты — Флор Рудзік (потым настаўнік і артыст Цімкавіцкага народнага тэатра), Федзя Андруковіч (саліст Ленінградскага тэатра оперы і балета), Толя Зяневіч, Соня Гольдберг, Антон Ладзінскі, Насця Бабеня. Гэтая п’еса мела вялікі поспех у дзяцей і дарослых. Бацькі юных артыстаў былі вельмі задаволены іх акцёрскімі захапленнямі.
Яшчэ вялікі поспех мела камедыя М. Чарота «Мікітаў лапаць». У п’есе выконвала ролю Зоські Ганна Раманоўская (сястра К. Чорнага).
Безумоўна, такіх поспехаў не было б, каб у школе настаўнікі абыякава ставіліся да выхавання ў вучняў мастацкага густу і любові да тэатральнага мастацтва. Асабліва ў гэтым плане вызначыўся Аляксандр Іванавіч Наржымскі. Усе творы пісьменнікаў, якія вывучаліся па праграме, ён чытаў на памяць. Ды як чытаў — заслухаешся! Для драмгуртка Наржымскі рабіў інсцэніроўкі празаічных твораў. Вельмі запомнілася ўсім нам інсцэніраванае апавяданне пра Жана-Поля Марата.
Тэатральная дзейнасць настаўнікаў набірала сілу. Напярэдадні вайны за спектакль па п’есе А. Карнейчука «Платон Крэчат» драматычнаму калектыву настаўнікаў быў уручаны дыплом І ступені.
Вайна перапыніла дзейнасць драматычнага калектыву. Але з першых дзён пасля вызвалення Цімкавічаў тэатральнае жыццё аднавілася. П’есу «Добрая суседка» на вызваленчую тэматыку ставілі ў разбураных Цімкавічах на расчышчанай пляцоўцы, паказвалі ў Капылі на першай настаўніцкай канферэнцыі. Драматычны калектыў настаўнікаў падрыхтаваў і паказаў сельскім гледачам больш за 40 аднаактавых і 25 шматактавых п’ес.
З вялікай любові да тэатра і пачаўся працоўны тэатральны подзвіг З.І. Раманенкі, заслужанай настаўніцы БССР, з 1939 года кіраўніка драматычнага калектыву, дырэктара Цімкавіцкай сярэдняй школы імя К. Чорнага. Вынік усёй нялёгкай працы — прысваенне звання народнага тэатра 24 мая 1967 года, а 13 удзельнікам — звання артыстаў народнага тэатра. Гэта быў і ёсць адзіны сельскі тэатр у Беларусі, якому было прысвоена званне народнага. На заключным аглядзе аматараў драматычных калектываў у Мінску ставілі спектакль У. Галубка «Ганка».
Нязменным рэжысёрам Цімкавіцкага народнага тэатра была доўгія годы З.І. Раманенка. Калектыў — Лаўрэат І-га Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці (1975 – 77 гг.), дыпламант рэспубліканскага агляду аматарскага тэатра (1982 г.).
У рэпертуары тэатра — п’есы беларускіх, рускіх, украінскіх драматургаў. У год было да 54 – 60 выступленняў. Народны тэатр стаў больш мабільны з набыццём аўтобуса. Выступалі не толькі ў Капыльскім раёне, але і ў суседніх, двойчы — на Украіне. Вось прозвішчы народных артыстаў: А.Н. Андруковіч, Л.Ю. Вайтовіч, Н.К. Нікалаеня, А.М. Семяновіч, І.П. Александроў, М.І. Жогла, А.М. Жук, В.Р. Нікалаеня, М.С. Семяновіч, Ф.П. Рудзік, І.Р. Масакоўскі, Н.І. Нікановіч, А.К. Лазоўскі, Н.А. Сакалоўская.
У многіх спектаклях удзельнічалі настаўнікі — В.С. Раманенка, І.К. Сакалоўскі, А.П. Стасевіч, М.М. Даменя, М.Д. Садоўская, К.І. Ляткевіч, А.П. Жук, А.М. Дубовік, А.Ф. Наржымскі, З.Д. Васілевіч, С.І. Чарняўскі, В.І. Чарняўскі, В.П. Лобан, В.С. Лігер, С.Ф. Шанчук, А.А. Дземідовіч, В.М. Шустоўская, А.А. Федаровіч.
У Цімкавіцкім народным тэатры з’явіліся дынастыі. На змену бацькам прыходзілі дзеці, а бывала, што ігралі ў адным спектаклі бацькі і дзеці. Вось іх прозвішчы: Семяновічы, Нікалаені, Жоглы, Жукі, Александровы, Лазоўскія, Рудзікі, Стасевічы, Андруковічы.
Пры Цімкавіцкім народным тэатры была створана дзіцячая студыя. Ашаламляльны поспех меў спектакль па п’есе І. Шамякіна «Дзеці аднаго дома». Дарэчы, на прэм’еры прысутнічаў у Цімкавічах сам аўтар. Вось што ён сказаў: «У вашым выкананні спектакль глядзець больш цікава, чым у прафесійных тэатрах юнага гледача. Там дарослыя паказваюць дзяцей, а ў вас школьнікі цудоўна іграюць сваіх равеснікаў — непасрэдна, свежа».
З 1972 па 1976 гады былі пастаўлены спектаклі: «Мы вясёлыя хлопцы» Ю. Томіна, «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А. Махнача, «Аленький цветочек» С. Аксакава, «Прыгоды Нязнайкі» М. Носава.
Склады дзіцячай студыі аднаўляліся, паколькі вучні заканчвалі школу і ішлі ў дарослае жыццё, але назаўсёды ў сваіх сэрцах яны захоўвалі светлыя, творчыя адносіны да мастацтва. Артыстамі дзіцячай студыі ў 1971 – 1976 гг. былі: У. Александроў, А. Сцяпура, М. Іванчогла, А. Марук, У. Станілевіч, В. Ельніцкая, В. Коберац, Н. Жыбуртовіч, Г. Андруковіч, Т. Шахрай, Л. Абрамчык, А. Ціхановіч.
Вельмі спадабаўся цімкаўцам спектакль «Прыгоды Нязнайкі» М. Носава ў выкананні А. Коршака, В. Заранок, М. Зяневіча, І. Хрысцініча, А. Голубева, А. Мулярэвіча, А. Цвіркі, Т. Андруковіч.
Дзіцячая студыя 1981 – 1983 гг. зноў збірала поўныя залы падчас спектакляў «Аленький цветочек» С. Аксакава і «Адалень-трава» Ю. Томіна. Добра свае ролі выконвалі: С. Жук, Л. Камінская, І. Жогла, С. Жогла, У. Станілевіч, Н. Мядзведзь, А. Ра-дзечка, Н. Камінская, І. Камінскі, С. Лазоўскі, В. Хрысцініч, К. Насулевіч, С. Іванейчык.
Меў вялікі поспех у гледачоў у 1984 г. спектакль «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» ў выкананні С.І. Чарняўскага, Н. Камінскай, С. Лазоўскага, В. Хрысцініча, І. Байрашэўскага, А. Коласа, С. Фурыка, А. Сцефановіча, В.І. Чарняўскага, І. Камінскага.
З ім у 1986 г. абаранілі званне народнага. Апошні свой спектакль «На заставе» З.І. Раманенка паставіла ў 1989 годзе. У ім ролі выконвалі работнікі саўгаса «Цімкавіцкі»: Л. Шалік, І. Аскерка, Л. Камінская і інш.
З.І. Раманенка паехала да дзяцей у Мінск, і 10 гадоў не было выступленняў Цімкавіцкага народнага тэатра, якія так любілі цімкаўцы.
У 1998 годзе паспрабавала адрадзіць Цімкавіцкі народны тэатр Л. Ніжэвіч, былая ўдзельніца дзіцячай студыі. Быў пастаўлены спектакль па п’есе Г. Марчука «Калі заспявае певень?». За 1999 – 2000 гады выступілі з ім 12 разоў у Цімкавічах, Капылі, Грозаве, Жыліхаве і інш. вёсках раёна. Гледачы з задавальненнем глядзелі камедыю ў выкананні С. Цвіркі, Н. Рудэнкі (былой ўдзельніцы дзіцячай студыі), І. Аскеркі, У. Драчана, З. Станкевіч, Г. Курловіч, Д. Хаўранкова, А. Сергіені, П. Шкурко, М. Баркоўскага, П. Бакуна, С. Лазоўскай, Д. Пукача.
У 2002 годзе тэатр заявіў аб сабе зноў камедыяй «Грэшнікі» па п’есе С. Лабазёрава, у перакла-дзе А. Острыкавай. Пастаноўку ажыццявіў малады рэжысёр В. Шулешка. За гэту пастаноўку калектыў атрымаў дыплом 4-га Абласнога фестывалю народных тэатраў «Бярэзінская рампа» ў 2003 годзе.
У 2006 годзе пад кіраўніцтвам рэжысёра А. Голубева, былога ўдзельніка дзіцячай студыі, і памочніка рэжысёра С. Лазоўскай са спектаклем А. Вінакура «Олд і сада-маза» абаранілі званне народнага. Добра ўдаліся ролі І. Аскерку, С. Лазоўскай, А. Голубеву, Л. Глушко.
У 2011 годзе меў поспех спектакль Цімкавіцкага народнага тэатра па п’есе А. Дударова «Не пакідай мяне» (удалая пастаноўка рэжысёра А. Голубева, якую вельмі добра данеслі да гледачоў В. Булат, В. Стрэлкін, С. Лазоўская, А. Бельская, А. Зупарава, М. Баўтрук).
Зноў цімкаўцы чакаюць новых спектакляў, а Цімкавіцкі народны тэатр свайго новага рэжысёра. Яны ўпэўнены, што зноў загарацца сафіты і на сцэну выйдуць артысты выконваць свае ролі і радаваць гледачоў.
Людміла НІЖЭВІЧ,
дырэктар Літаратурнага музея К. Чорнага