Месяц май лічыцца пачаткам сезона вялікага малака. Звычайна падчас яго назіраецца значны рост вытворчасці гэтага каштоўнага прадукта. Як жа жывёлаводы Капыльшчыны ўвайшлі ў гэты перыяд?
Па каментарыі мы звярнуліся да першага намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віталя Ракевіча:
— На дадзены момант у раёне выпасаецца 90 гуртоў кароў у 19 сельгаспрадпрыемствах, што складае 16 290 галоў, і яшчэ 5600 галоў знаходзяцца на круглагадовым стойлавым утрыманні.
Па валавой вытворчасці малака на сёння мы маем 272,8 т, што складае 102,2% да ўзроўню мінулага года. У мінулым годзе рост надояў пачаўся на два тыдні раней (самы пік прыйшоўся на 28 мая, але валавая вытворчасць тады складала толькі 269,7 т). Калі параўнаць з сённяшнімі лічбамі, то бачна, што ў нас ужо ёсць шансы пераўзысці мінулагодні паказчык. Каб дасягнуць добрых вынікаў, нам неабходна штодзённа падчас летне-пашавага перыяду забяспечваць прыбаўку ў 30—50 г ад адной каровы.
Шэраг сельгаспрадпрыемстваў можна прывесці ў якасці прыкладу, хаця перад імі ўсё роўна ставіцца задача дасягнуць максімальнай прадукцыйнасці дойнага статка. Самы высокі надой ад адной каровы, як і летась, застаецца ў філіяле «Лакнея» — 18,5 кг (+0,4 кг), ААТ «Піянер-Агра» — 18,1 кг (+1,6 кг), ААТ «Семежава» — 17,7 кг (+1 кг). Нядрэнныя вынікі таксама паказваюць ААТ «Скабін» (15,6 кг), ЗАТ «Жыліхава» (15,5 кг), ААТ «Старыца-Агра» (14,6 кг), ААТ «Душава» (14,1 кг). У астатніх гаспадарках надоі ніжэйшыя, але калі б яны дабавілі хаця па адным кілаграме, то ўжо назіраўся б значны прырост.
Аднак у раёне ёсць пяць сельгасарганізацый, дзе па валавой вытворчасці не дасягнуты ўзровень мінулага года. У іх ліку — ААТ «Суворава-Агра» (83%), «Праснакі» (89%), «Ціміразеўскі» (91%), «Капыльскае» (92%), КСУП «Грозава-агра» (93%). На такія вынікі ў першую чаргу аказаў уплыў зімова-стойлавы перыяд, падчас якога адчуваўся недахоп кармоў. Адзначу, што гэтыя гаспадаркі знаходзяцца ў нас на кантролі.
Прырост па валавой вытворчасці з пачатку месяца склаў 10 548 кг, ці 0,5 кг ад каровы. Ёсць сельгас-прадпрыемствы, дзе прырост значны — ф-л «Лакнея» (1400 кг), ААТ «Семежава» (1240 кг), «Душава» (1170 кг). А ёсць і такія, дзе не дабавілі ні грама. Сярод іх — ААТ «Капыльскае», КСУП «С «Лясное», ф-л «В. Раёўка». З імі мы таксама працуем над нарошчваннем аб’ёмаў.
Рэалізацыя малака дзяржаве за дзень па раёне на дадзены момант складае 250 т (102,5% да 2014 года), таварнасць — 92%.
І яшчэ раз хочацца закрануць летне-пашавае ўтрыманне. Калі праязджаеш па гаспадарках, бачыш недахопы. У цэлым усе пашы знаходзяцца ў добрым стане. Толькі занепакоенасць выклікаюць участкі, дзе пасуцца статкі МТФ «Папоўцы» (КСУП «Грозава-агра») і МТФ «Загараўшчына» (ААТ «Праснакі»). Пастаўлена задача строга захоўваць тэхналогію. Прымаецца толькі франтальная пасьба, на пашы павінна быць вада, мінеральныя дабаўкі, соль, сена, пастухі павінны мець журналы для запісу заўваг спецыялістаў і запісу кароў, якія прыйшлі ў ахвоту (таму што ёсць пытанні і па аднаўленні статкаў), таксама ўжо надышоў час для падкошвання пашаў. І, безумоўна, павінен быць кантроль з боку загадчыкаў фермаў, спецыялістаў і кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў. Дзе ён прысутнічае, там ёсць і малако.
Падрыхтаваў Сяргей КОЗЕЛ