У вёсцы Слабада-Кучынка на грамадзянскіх могілках устаноўлены помнік Уладзіміру Качаноўскаму — аднаму з герояў легендарнага Лаўскага бою.
Гэта стала магчымым дзякуючы рэалізацыі сумеснага праекта Слабадакучынскай СШ і Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў галін прыродакарыстання і геатэхналогій.
Падчас ушанавання памяці загінуўшага байца на могілках сабраліся ганаровыя госці, ветэраны вайны і працы, пляменнікі Качаноўскага Іван і Леанід Ліннікі, сведкі ваеннага ліхалецця, настаўнікі і мясцовыя жыхары. Побач з помнікам у ганаровай варце застылі ўдзельнікі клуба «Патрыёты Радзімы», а вучні мясцовай сярэдняй школы трымалі ў руках партрэты салдатаў-землякоў.
«Пайшла ў гісторыю Вялікая Айчынная вайна. Але гэта гісторыя напісана крывёю нашых салдат і слязьмі нашых маці. Яна будзе жыць доўга ў памяці сірот, якія засталіся без бацькоў, у памяці новых пакаленняў», — адкрываючы мітынг, адзначыў кіраўнік праекта, намеснік дырэктара Слабадакучынскай СШ Барыс Дзенісюк. Працягам тэмы стаў верш, які спецыяльна да гэтай падзеі напісала самабытная паэтка Ядвіга Малевіч. «Шумеў трывожна Лаўскі лес, надрыўна галасіў…» — нібы разразаючы вільготнае паветра, загучалі радкі над цішынёй святога месца. Кранула за душу і прамова старшыні Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў галін прыродакарыстання і геатэхналогій Ганны Трацэўскай, якая выказала ўдзячнасць педкалектыву за патрыятычнае выхаванне маладога пакалення, раённай уладзе і жыхарам в. Слабада-Кучынка за неабыякавыя адносіны і падтрымку ў рэалізацыі аднаго з праектаў акцыі «Памяць». А прысутным, асабліва ўдзельнікам падзей 1941–1945 гг., яна пажадала моцнага здароўя яшчэ на доўгія гады. Ва ўнісон словам Ганны Трацэўскай гучалі выступленні шматлікіх гасцей мерапрыемства. Права адкрыць помнік герою-земляку было дадзена члену грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў» Васілю Скрыннікаву, кіраўніку Мінскага абласнога агентства па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры Юрыю Гузу, Ганне Трацэўскай і вучаніцы Слабадакучынскай СШ, дэпутату маладзёжнага парламента Капыльскага раёна Яне Коршук. У гонар маладога байца і ўсіх, хто не вярнуўся з вайны, прагучаў памятны залп.
[caption id="attachment_40522" align="aligncenter" width="580"]
Падчас мерапрыемства[/caption]
Ад імя моладзі слова трымала першы сакратар РК ГА «БРСМ» Вікторыя Шостак. На мітынгу яна разам са старшынёй раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ, былым камсамольцам Аляксандрам Касінскім уручыла білеты новым членам маладзёжнай арганізацыі. Юнакі і дзяўчаты (вучні школы) прачыталі верш паэта Мікалая Майсюка пра нялёгкі лёс дзяцей вайны, якія ў час ваеннага ліхалецця імгненна сталі дарослымі.
Пасля асвячэння магілы Уладзіміра Качаноўскага, якое правёў настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аг. Пясочнае Віталь Станкевіч, да новай святыні, як, дарэчы, і да іншых памятных месцаў в. Слабада-Кучынка, прысутныя ўсклалі кветкі і вянкі, запалілі лампады. А раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» паклапацілася, каб святое месца стала больш прывабным: ля помніка ў хуткім часе будуць высаджаны дзве туі.
[caption id="attachment_40523" align="aligncenter" width="580"]
Іван і Леанід Ліннікі[/caption]
У сценах мясцовай адзінаццацігодкі мерапрыемства атрымала працяг. За праводзімую выхаваўчую работу з вучнямі Ганна Трацэўская ўручыла дырэктару школы Валянціне Кандыбовіч Ганаровую грамату міжнароднага аб’яднання прафсаюзаў работнікаў геалогіі, геадэзіі і картаграфіі. А Барыс Дзенісюк ад грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў» атрымаў юбілейны медаль «70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» Пасля адбыўся святочны канцэрт, які ўсім удзельнікам падарыў лаўрэат міжнародных конкурсаў Юрый Вольпаў. З надыходзячым святам прысутных павіншаваў і генеральны дырэктар ААТ «Рэдакцыя газеты «Шапакляк» Анатоль Гармаза. Напрыканцы мерапрыемства ўсіх запрасілі на салдацкую кашу.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии