- «Мы гэтай памяцi верныя»
Пад такой назвай на Капыльшчыне прайшоў раённы агляд-конкурс тэматычных канцэртных праграм, прысвечаны 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Асноўнай мэтай агляду-конкурсу з’яўлялася актывізацыя творчага патэнцыялу калектываў аматарскай творчасці напярэдадні вялікага свята Перамогі, далучэнне да аматарскай творчасці ўсіх груп насельніцтва. У аглядзе прынялі ўдзел больш за 500 самадзейных артыстаў клубных устаноў раёна. Правядзенне гэтага мерапрыемства прынесла станоўчыя вынікі: актывізавала работу клубных устаноў, дало магчымасць выявіць новых таленавітых удзельнікаў і далучыць іх да работы клубных устаноў, павысіла мастацкі ўзровень калектываў і папоўніла праграмы новым рэпертуарам. Трэба адзначыць, што многія выступленні калектываў вызначаліся разнастайнасцю выбару форм і прыёмаў рэалізацыі творчых праграм, выкарыстаннем новага літаратурнага і музычнага матэрыялу, рэжысёрскіх прыёмаў у пастаноўцы праграм, сродкаў мастацкага афармлення праграм (святла, музыкі, мізансцэн).
[caption id="attachment_40157" align="aligncenter" width="580"]
Калектыў з Навасёлкаўскага СДК[/caption]
Разам з тым пры распрацоўцы сцэнарыя многія клубныя работнікі выкарыстоўвалі прыём кампіляцыі літаратурнага матэрыялу, падчас вырываючы асобныя кускі з кантэксту, у выніку чаго гублялася ідэя праграмы і сюжэт.
Усе кіраўнікі калектываў з адказнасцю аднесліся да арганізацыі агляду-конкурсу. Паколькі праграмы былі тэматычнымі (з выкарыстаннем элементаў тэатралізацыі), то падбор канцэртных нумароў павінен быў адпавядаць выбранай тэме. У рэпертуары калектываў гучалі творы ваенных гадоў і сучасных аўтараў. Найбольш цікавымі і змястоўнымі на думку журы сталі тэматычныя праграмы «Наказ з далёкіх дзён» (Цімкавіцкі СДК), «Про любовь и про войну, про Победу и весну» (Лоцвінскі цэнтр аматарскай творчасці), «Теплее на фронте от ласковых писем» (Навасёлкаўскі СДК), «На прывале» (Семежаўскі ЦКіВЧ), «Песни, опаленные войной» (Жыліхаўскі СДК), «Мы этой памяти свято верны» (Бучацінскі СДК). Кожная з іх мела адметныя рысы. Напрыклад, праграма Цімкавіцкага СДК адрознівалася паслядоўнасцю сюжэта, высокім мастацкім узроўнем, артыстызмам, сцэнічнай культурай самадзейных артыстаў. Яркім выкананнем песні «Прадедушка» запомнілася ўдзельніца калектыву сольных спеваў Дар’я Дзямідчык, жаночы вакальны ансамбль з песняй «Гары, касцёр», лірычны дуэт Веранікі Шахлевіч і Святланы Шчукінай з песняй «Плачет белая береза». Праўдзівасцю вобраза Васіля Цёркіна быў адметны ўдзельнік калектыву мастацкага слова Бучацінскага СДК Юрый Сініца. Выдатнымі вакальнымі і акцёрскімі данымі валодаюць удзельнікі мастацкага аматарскага калектыву Жыліхаўскага СДК. Песні ваенных гадоў у выкананні Дзмітрыя Макарчука і Сяргея Бародзіча прагучалі па-новаму і з’явіліся жывым напамінам пра вайну. З асаблівай адказнасцю да падрыхтоўкі конкурснай праграмы падышлі работнікі Семежаўскага цэнтра культуры і вольнага часу. У праграме «На прывале» было задзейнічана каля 25 артыстаў. Кожны з іх ведаў сваю задачу і змог перадаць атмасферу салдацкага прывала. Цікава, жыва, з гумарам прайшла праграма Лоцвінскага цэнтра аматарскай творчасці. Калектыў гэтай установы працуе стабільна і кожны раз здзіўляе новымі творчымі ідэямі. Заслугоўвае ўвагі тэматычная канцэртная праграма «Знай, я чакаю цябе» Скабінскага клуба-бібліятэкі з-за выдатнай акцёрскай ігры Паўла Юшкевіча, Дзіяны Бузук, Дзіяны Кеух, Вікторыі Зяблавай, Яўгена Есмана, Паўла Лінніка, Вадзіма Дарашэвіча, Рамана Нагорнага, Яны Засімовіч, Маргарыты Хает. Удалае спалучэнне тэксту, музыкі і песеннага рэпертуару цалкам раскрыла тэму літаратурна-музычнай кампазіцыі «Теплее на фронте от ласковых писем», якую паказаў калектыў аматарскай творчасці Навасёлкаўскага СДК.
[caption id="attachment_40158" align="aligncenter" width="580"]
Г. Дрожжа (Лоцвінскі ЦАТ)[/caption]
Хочацца адзначыць работу па развіцці аматарскай творчасці загадчыцы Новадоктаравіцкага сельскага клуба Таццяны Шайпак, дырэктара Ванелевіцкага цэнтра культуры і вольнага часу Аляксандра Ешукова, работнікаў Ляшнянскага клуба-бібліятэкі Ліліі Шчытко і Марыны Рудзені, дырэктара Песачанскага ЦКіВЧ Любові Карповіч.
27 лютага на сцэне раённага Цэнтра культуры прайшоў заключны канцэрт раённага агляду з удзелам лепшых самадзейных артыстаў і канцэртных нумароў. Для гледачоў гэта мерапрыемства стала значнай падзеяй у жыцці. На канцэрце прысутнічалі ветэраны вайны і працы, школьнікі, моладзь. Ніхто не застаўся раўнадушным да таго, што адбывалася на сцэне.
[caption id="attachment_40159" align="aligncenter" width="580"]
Выступаюць удзельнікі мастацкай самадзейнасці Скабінскага клуба-бібліятэкі[/caption]
Журы падвяло вынікі па наступных намінацыях:
за паўнату раскрыцця тэмы канцэртнай праграмы адзначаны аматарскі калектыў Навасёлкаўскага СДК (дырэктар Н. В. Клыга);
за лепшую рэжысуру канцэрт-най праграмы адзначаны Семежаўскі ЦкіВЧ (дырэктар Т. У. Шаура, мастацкія кіраўнікі Ю. М. Стрэлкіна і В. І. Гацілава);
за высокі мастацкі ўзровень канцэртных нумароў і сцэнічную культуру — Цімкавіцкі СДК (дырэктар С. А. Лазоўская, мастацкі кіраўнік В. Я. Шахлевіч);
за выразнасць і артыстычнасць асобных нумароў канцэртнай праграмы — Лоцвінскі цэнтр аматарскай творчасці (дырэктар У. В. Дрожжа, мастацкі кіраўнік Г. В. Дрожжа, кіраўнік гуртка В. А. Шыманская);
за высокі мастацкі ўзровень выканання галоўных роляў у канцэртнай праграме — Скабінскі клуб-бібліятэка (загадчыца І. М. Бохан, кіраўнік гуртка М. У. Дарашэвіч).
Валянціна ЗАРАМБОЎСКАЯ,
мастацкі кіраўнік РЦК;
Юрый АПАНОВІЧ,
рэжысёр РЦК
Фота Паўла ШЭІНА