Перадгiсторыя Віктара Мікалаевіча Барысава добра ведаюць не толькі ў нашым горадзе і раёне, але далёка за яго межамі.
[caption id="attachment_41009" align="aligncenter" width="580"]
Віктар Барысаў[/caption]
Намеснік дырэктара СТАА «Капыль-ская вытворчасць будаўнічых сістэм» з’яўляецца адным з першых стваральнікаў на тэрыторыі Мінскай вобласці завода па вытворчасці сухіх будаўнічых сумесей пад гандлёвай маркай «Сармат». Ініцыятыўнасць і настойлівасць Віктара Мікалаевіча дазваляюць прыцягваць вялікі аб’ём інвестыцый, развіваць прамысловасць у раёне. Акрамя таго, яго імя цесна звязана з развіццём прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі на Капыльшчыне – у 1980 годзе на базе Шастакоўскай васьмігадовай школы і сельскага клуба было адкрыта Капыльскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 67 механізацыі сельскай гаспадаркі (сёння Капыльскі дзяржаўны каледж), і Барысаў быў яго першым дырэктарам. Былыя работнікі культуры добра ведаюць Віктара Мікалаевіча і як колішняга загадчыка аддзела культуры.
Пералічваць можна і далей, але самае галоўнае, дзе б ні працаваў Віктар Барысаў, яму заўсёды спадарожнічае поспех. Магчыма, справа ў яго характары: няўрымслівым, настойлівым, гатовым заўсёды рухацца наперад. Усё гэта паслужыла таму, што імя Барысава занесена ў Кнігу гонару Капыльскага раёна.
А яшчэ Віктар Мікалаевіч вельмі любіць свой Капыль. Менавіта гэта любоў і жаданне бачыць горад прыгожым, добраўпарадкаваным і камфортным для яго жыхароў і прывяло Барысава ў рэдакцыю. А прыехаў ён з прапановай распачаць цыкл публікацый пра Капыль і гара-джан, якія прыкладваюць намаганні, каб зрабіць месца, дзе яны жывуць, больш прывабным.
Зона адпачынку
Разам з Віктарам Барысавам мы завіталі перш за ўсё ў зону адпачынку. Гэта любімае месца баўлення вольнага часу для многіх пакаленняў капылян. І ў гэты дзень мы сустрэлі мужчын і жанчын, маладых людзей, якія гулялі пад ласкавым летнім сонейкам.
— Некалькі дзён таму мяне вельмі абурыла карціна, якую я тут убачыў, — расказвае Віктар Мікалаевіч. — За адным са столікаў, якія абсталяваны непадалёку ад летняй эстраднай пляцоўкі, адпачывалі гараджане (была Троіца) і пасля сябе пакінулі столькі смецця! А там былі паважаныя людзі сталага ўзросту. Хто, як не яны, павінны паказваць прыклад маладым. А атрымліваецца наадварот. Мне стала сорамна за сваіх землякоў. І такія карціны можна назіраць паўсюдна. У тым жа гарадскім скверы, асабліва вечарам, могуць валяцца і пустыя бутэлькі, і пачкі з-пад цыгарэт, чыпсаў ці марожанага, і шкарлупінне ад семачак…
[caption id="attachment_41015" align="aligncenter" width="580"]
Пасля «святочнай» вячэры[/caption]
Няма ў нашых людзей культуры паводзін, унутранай патрэбнасці жыць у чысціні і прыгажосці. Адсутнічае адчуванне таго, што мы — гаспадары горада, у якім жывём, а таму справа гонару кожнага рабіць усё, каб ён быў прывабным.
На гэты раз у зоне адпачынку, на месцах, забруджаных пасля Троіцы, было прыбрана. Напэўна, пастараліся работнікі ЖКГ. Аднак расслабляцца ім не давядзецца: начныя госці пра гэта «паклапаціліся», пакінуўшы пасля сябе рэшткі святочнай вячэры.
— Чаму нельга было сабраць у пакет гэтыя пустыя бутэлькі, посуд, паперу і выкінуць у кантэйнер,— абураецца Віктар Мікалаевіч. — Мы таксама любім адпачываць на прыродзе, часта ездзім лавіць рыбу на Палессе. І нават у гэтай глушы ніколі не пакідаем за сабой смецце.
Вулiца Савецкая
Штодня па вуліцы Савецкай, якая вядзе да цэнтральнай раённай бальніцы, праязджае многа машын, праходзяць дзясяткі пешаходаў. Міжволі позірк падае на двары і кветнікі прыватных дамоў, якія стаяць паўз дарогу. Ад адных цяжка адвесці позірк: хочацца прыпыніцца і больш падрабязна разгледзець, што ж там пасаджана, палюбавацца цудоўнымі малымі архітэктурнымі формамі, якія ўпрыгожваюць тэрыторыю. А ёсць ся-дзібы, ля якіх імкнешся паскорыць хаду, каб не псаваць агульнае ўражанне.
[caption id="attachment_41013" align="aligncenter" width="580"]
Дзіцячая пляцоўка ля дома Барысавых[/caption]
— Я яшчэ быў малы, але многае застаецца і ў дзіцячай памяці, — дзеліцца Віктар Барысаў. —
У пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя, калі старшынёй райвыканкама быў Мікалай Андрэевіч Сухі, было заведзена з наступленнем вясны арганізоўваць навядзенне парадку на гарадскіх вуліцах. Мужчыны, у асноўным пажылыя, рамантавалі брусчатку (асфальту тады яшчэ не было).
[caption id="attachment_41010" align="aligncenter" width="580"]
Дом сям’і Нікалайчык па вул. Савецкай, 12[/caption]
[caption id="attachment_41011" align="aligncenter" width="580"]
Дом сям’і Пятровіч па вул. Савецкай, 28[/caption]
Памятаю: яны стаяць на каленях, на нагах — прывязаныя дошчачкі, акуратна падбіраюць каменьчыкі неабходнага памеру і ўкладваюць іх у дарожнае палатно. А ў гэты час жанчыны вымятаюць вуліцу. І так чыста, што ніводнага акурка, ні кавалачка паперы не знойдзеш. На Савецкай жыў мужчына (не ведаю яго прозвішча), які не меў ног — сядзеў на шырокай дошцы з ролікамі і такім чынам перамяшчаўся па вуліцы. І нават ён не мог уседзець дома, а таксама спяшаўся на дапамогу.
[caption id="attachment_41016" align="aligncenter" width="580"]
Дом сям’і Вядзёрка па вул. Савецкай, 53[/caption]
Віктар Мікалаевіч на хвіліну замаўкае, нібы ў думках вяртаецца ў гады свайго дзяцінства. А пасля працягвае расказваць, як непадалёку ад свайго дома ён пабудаваў дзіцячую пляцоўку. Вядома ж, тут бавяцца і яго ўнукі. Але больш — дзеці, якія жывуць побач. Увечары, гаворыць Барысаў, іх тут процьма. Драўляныя лесвіцы, перакладзінкі, горка, пясочніца — проста, надзейна і прыгожа. А ўсё разам — асабісты ўклад у добраўпарадкаванне горада. Пра прыгожыя кветкі, дагледжаную сядзібу Барысавых і ўзгадваць не трэба. «Пра гэта клапо-ціцца мая жонка, — убачыўшы маю зацікаўленасць, гаворыць гаспадар і працягвае гутарку. — Давайце праедзем па вуліцах, дзе мала хто бывае, акрамя, бадай, мясцовых жыхароў. Мне заўсёды падабалася наша рачулка, што працякае праз увесь горад. Некалі яна была вельмі прыгожая. А цяпер…»
Ізноў у голасе Віктара Мікалаевіча прарываецца нотка шкадавання і нават нейкага болю ад таго, што ўжо многае немагчыма паправіць. І сапраўды, рэчка стала больш нагадваць брудны маленькі ручаёк, дзе плешчуцца качкі. На яе берагах і ў вадзе відаць пустыя бутэлькі, смецце…
На прадпрыемстве
Тэрыторыя СТАА «Капыльская вытворчасць будаўнічых сістэм» выглядае так, быццам там нехта спецыяльна ходзіць з павелічальным шклом і выглядае кожную смя-цінку, каб хуценька падабраць яе і выкінуць у кантэйнер. Усе газоны выкашаны, кусты падстрыжаны, на клумбах — кветкі, якія ад летняй спякоты ратуюць вадзяным душам. Уздоўж адной з дарожак — выстава рэтра-матацыклаў, якія сюды звозілі і аднаўлялі работнікі завода. Пад павеццю ляжаць бярвенні — роўненька, нібы пад лінейку, і вакол ніводнай шчэпкі, ні кавалачка кары.
— Калі мы толькі арганізоўвалі наша прадпрыемства, — расказвае Віктар Барысаў, — людзі сюды прыйшлі розныя, са сваімі звычкамі і сваімі адносінамі да парадку. Не буду расказваць, як мы гэтага дабіваліся, але сёння кураць у нас толькі ў адведзеных месцах і ў строга вызначаны час. Акурка на тэрыторыі нідзе не ўбачыце. Я ўпэўнены, што і за варотамі прадпрыемства нашы работнікі паводзяць сябе аналагічна.
У поле майго зроку трапляе ўчастак, які вельмі выпадае з агульнай карціны. Спачатку мільганула думка, што да яе пакуль не дайшлі рукі… Аказалася, што з СТАА «Капыльская вытворчасць будаўнічых сістэм» мяжуе (нават няма агароджы) нейкае прыватнае прадпрыемства, і ў планы яго кіраўніцтва, відаць, не ўваходзяць работы па падтрыманні парадку на зямлі, якую яны арандуюць.
[caption id="attachment_41014" align="aligncenter" width="580"]
Міні-выстава рэтратэхнікі[/caption]
— У сваім выступленні на нарадзе па ўдасканаленні заканадаўства аб ахове і выкарыстанні зямель Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь патрабуе ідэальнага парадку на зямлі. Многія, відаць, слухалі ці чыталі яго, але не зусім разумеюць, што гэтыя словы тычацца кожнага з нас. Мы — гаспадары ў сваім горадзе, сваім раёне, на сваёй зямлі, і ў адказе за яе захаванне, — упэўнены Віктар Барысаў.
І мяркую, аднадумцаў у яго нямала. Трэба толькі не саромецца свае памкненні ператвараць у жыццё, не быць абыякавымі да таго, што навокал нас, выхоўваць у сваіх дзяцей любоў да роднага горада.
Спецвыпуск падрыхтавала Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара і Сяргея ЛАЗОЎСКАГА