Наступных двух знакамітых літаратараў аб’ядноўвае шчырае, але зусім нядоўгае сяброўства і вучоба ў СШ № 1 г. Капыля. У час Вялікай Айчыннай іх шляхі разышліся, каб ужо ніколі не сысціся…
Адзін з іх — беларускі пісьменнік, літаратуразнаўца, крытык, краязнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар, член Саюза пісьменнікаў СССР Сцяпан АЛЕКСАНДРОВІЧ, другі — паэт Аляксей КОРШАК.
[caption id="attachment_104408" align="aligncenter" width="840"]
▪ Аляксей Коршак і Сцяпан Александровіч падчас вучобы ў 9 класе[/caption]
«Радзіма мая — старадаўні Капыль, што раскінуўся на маляўнічых пагорках, між зялёных лясоў і ўрадлівых палеткаў Случчыны», — так пісаў
Сцяпан АЛЕКСАНДРОВІЧ у нататках «Радзіма мая — Капыль», зме-шчаных у кнізе «Пра час і пра сябе», якая выйшла ў выдавецтве «Беларусь» у 1966 годзе.
Маленства Александровіча было нялёгкім: «Чатыры гады я адгакаў на пастуховай «службе». Даводзілася несалодка: прыходзілася прапускаць урокі, адставаць жа ад хлопцаў не хацелася, у пячонку ўядалася дажджлівая восень. Але самае цяжкае было ў тым, што ў торбе часам толькі кніга і некалькі сырых бульбін…» Аднак час гэты марна не прапаў. Александровіч шмат чытаў. Развіццю яго мастацкага густу садзейнічала і тое, што ў «Капылі здаўна склаліся значныя літаратурныя традыцыі», а бацька будучага пісьменніка Хусейн нават быў знаёмы з Цішкам Гартным. «Бацькі мае — беларускія татары. Можа гэта гучыць крыху дзіўна, але сапраўды так. У Капылі здаўна жыла жменька нашчадкаў мангольскіх плямён. Сядзібы іх туліліся на дзвюх вулачках — Татарскай і Замкавай, ля плыценькай Каменкі, побач з высокім замчышчам (паводле падання, усе яны некалі складалі асабістую ахову капыльскага князя)...», — так пазней успамінаў Сцяпан Хусейнавіч.
— Наша сям’я была вельмі вялікая. І, колькі памятаю, увесь час жылі ў Капылі, — пазней расказвала сястра пісьменніка Аніфа Хусейнаўна вучням СШ № 1 г. Капыля, дзе працавала пасля выхаду на заслужаны адпачынак. — Бацька Александровіч Хусейн Самуілавіч быў рабочым (сам з Капыля), а маці Барановіч Фаціма Мустафаўна — з Ляхавіч. Яна даглядала дзяцей, вяла хатнюю гаспадарку. Як сёння кажуць — была хатняй гаспадыняй. Працы ёй хапала, бо нас, дзяцей, у сям’і было ажно пяць. Самым старэйшым быў брат Самуіл, які перад вайной пайшоў служыць у Чырвоную армію і прапаў на фронце без звестак. У 1921 годзе нарадзіўся Мустафа, але ўсе называлі яго Сцяпанам. Так і засталося. У школе Сцяпан добра вучыўся і ў 1939 годзе паступіў у БДУ. Марыў вывучаць беларускую мову і літаратуру. Здзейснілася гэта мара толькі ў пасляваенны час.
Жылі мы на гэтым месцы, дзе і сёння (хата насупраць гімназіі № 1 г. Капыля па вул. М. Горкага. Зараз тут новы гаспадар. — Рэд.). Але ў даваенны час гэта была ўскраіна Капыля, і вуліца называлася не М. Горкага, а Какорыцкая. Насупраць хаты стаяла школа. Усе мы ў ёй і вучыліся. Добра было на перапынку пабегчы дадому падмацавацца.
Пасля ўрокаў да нас часта заходзілі аднакласнікі і сябры Сцяпана. Сярод іх быў і Аляксей Коршак. Яму падабалася, што ў нас шмат кніг, якія вельмі любіў чытаць. Збіраліся і ў святочныя дні, спявалі, танцавалі, чыталі вершы. Кожную суботу ў школе быў вечар. Іграў духавы аркестр з вучняў школы, якім кіраваў настаўнік музыкі Іскрыцкі. Хоць школа была невялікая, драўляная, але ў ёй было вельмі ўтульна, хацелася вучыцца і весела адпачываць.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, толькі двое, Самуіл і Сцяпан, былі ў арміі. Пра іх мы нічога не ведалі. А ў 1943 годзе нечакана вярнуўся дадому Сцяпан… Мы яго не пазналі адразу — худы, слабы. Яго прывёз нейкі добры чалавек на падводзе. Пазней даведаліся, што Сцяпан быў цяжка паранены (ён нават і памёр з асколкам), трапіў у палон, але немцы адпускалі дадому татар, што жылі паблізу. Вось так яму цудам удалося выратавацца. Сцяпан хутка ішоў на папраўку. Устанавіў сувязь з падпольшчыкамі і партызанамі. Атрымліваў ад іх заданні… У 1944 годзе наша сям’я не магла больш заставацца ў Капылі, таму да самага вызвалення мы былі ў атрадзе імя Чапаева, жылі ў вёсцы Свідзічы.
Пасля вызвалення сям’я вярнулася ў Капыль. Сцяпан у мірны час працягваў вучобу завочна і працаваў настаўнікам недалёка ад Мінска. Вельмі любіў прыязджаць дадому з сябрамі. У нас былі і Пястрак, і Шамякін, і Астрэйка.
Памёр наш знакаміты зямляк 1 мая 1986 года.
А яго сябру
Аляксею КОРШАКУ ледзь споўнілася 25, як куля варожага аўтамата абарвала яго маладое жыццё. Гэта здарылася ў адным з баёў ва Усходняй Прусіі пад паселішчам Ласлейндорф 27 лютага 1945 года, калі да вясны заставаўся ўсяго адзін дзень, а да радаснай Перамогі — крыху больш за два месяцы…
Але нават там, у самым яе пекле, смелы франтавы разведчык не забываўся пра паэзію, вёў перапіску з сябрамі, цешыў сябе надзеяй, што вось-вось закончыцца вайна і можна будзе спаўна аддацца літаратурнай працы. У сваіх лістах да школьнага сябра Сцяпана Александровіча Коршак так апісваў франтавыя падзеі: «4 студзеня 1945 г. Добры дзень, дарагі сябар! Даўно ўжо не меў ад цябе лістоў. І сам не прыдумаю прычыны гэтаму. Праўда, цяпер я на новым месцы, і пісьмы твае на стары адрас да мяне не дойдуць… Зараз я знаходжуся на фронце ва Усходняй Прусіі. Пішу табе ліст у бліндажы пад гром артылерыйскай кананады.

Штосьці ўзбэнчыўся сёння нямчур і не хоча ціха сядзець. Жыццё франтавое пакуль ніштаватае. Трывожнае, праўда, але ж без гэтага нельга. Маю адну просьбу: пішы хутчэй і больш і не забудзь прыслаць чаго-небудзь пачытаць з мінскіх газет і часопісаў. Прыслаў бы табе сваіх вершаў, але не маю больш паперы. Іншым разам напішу больш і прышлю вершы…»
Апошні трохкутнік быў зусім кароценькі: «18 лютага 1945 г. Здароў, Сцёпа! Што гэта змоўк ты? Ніводнага слова ад цябе не дабіцца… Навіны мае невялікія і шмат апісання не зоймуць. Знаходжуся я зараз на фронце ва Усходняй Прусіі. Змаганне зараз ідзе надзвычайна жорсткае… Меў лісты ад Астапенкі. Ён ужо выпускае зборнік вершаў. Зай-здросна становіцца, калі прачытаеш пра гэта. А мне тут нават ліст чыркануць і то не выбачыць часу. Ну што ж, будзем чакаць. Будзем жывы, то сваё нагонім». Але нагнаць ён нічога не паспеў…
…На свет жа будучы паэт з’явіўся 22 лютага 1920 года ў в. Вуглы, а яго басаногае дзяцінства пакінула свой след у невялікай вёсачцы Закопанка. Вучыўся Коршак спачатку ў Доктаравіцкай сямігодцы, потым у капыльскай «беларускай» сярэдняй школе (зараз гімназія № 1 г. Капыля). Аляксей любіў літаратуру, асабліва паэзію. Захапляўся творчасцю Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і іншых беларускіх паэтаў, прымаў удзел у выпуску рукапіснага літаратурнага часопіса «Юнае племя», у рабоце літаратурнага гуртка. Вершы Аляксея Коршака ўсё часцей сталі з’яўляцца на старонках раённай газеты «Калгаснік Капыльшчыны», а затым і ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях. Над паэтычным радком, па ўспамінах сяброў, аўтар працаваў многа і настойліва, ніколі не спяшаўся несці іх «сырцом» у рэдакцыю.
Малады паэт бязмежна любіў жыццё, быў поўны мар аб чалавечым шчасці. У Мінскім педагагічным інстытуце, куды паступіў пасля школы, вучыўся лёгка і з задавальненнем. Але хутка на родную бацькаўшчыну навалілася лютае ліха. Пачалася Вялікая Айчынная, якую ён сустрэў у Мінску, а пазней вярнуўся да бацькоў у в. Закопанка. I гэты боль, вялікія чалавечыя пакуты знайшлі сваё адлюстраванне ў творчасці Коршака таго перыяду. Аднак паэт цвёрда верыў у хуткае вызваленне роднай зямлі.
З творчай спадчыны Аляксея Коршака для нашчадкаў застаўся шэранькі блакнот, густа спісаны чырвоным чарнілам. Ён трапіў у рукі шчырых сяброў Сцяпана Александровіча і Міколы Аўрамчыка. У хуткім часе, а дакладней у 1963 годзе, выйшаў з друку ў выглядзе невялічкага, сціпла аформленага паэтычнага зборніка «Апаленыя пялёсткі». Калі чытаеш вершы паэта, адчуваеш, што яны вызначаюцца нейкім асаблівым светлым лірызмам, сардэчнасцю, цеплынёй. Гэта — творы пра вялікае сяброўства, юнацкія пачуцці, красу маладосці. Яны адразу бяруць за жывое, наводзяць на глыбокі роздум. Пад такой жа назвай выдавецтва «Мастацкая літаратура» ў 1991 г. выпусціла адзін зборнік А. Коршака. У ім найбольш поўна прадстаўлена творчая спадчына.
Дзіяна ТКАЧЭНКА