Гэта свята прысвечана ўспаміну нараджэння Маці Езуса Хрыста — Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
Дзева Марыя была народжана па адмысловым зароку Бога, дадзеным Ёакіму і Ганне, калі яны ўжо былі ў старэчым узросце. Імя Багародзіцы было паказана анёлам, які абвясціў бацькам і аб самім яе нараджэнні.

Нараджэнне Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і заўжды Дзевы Марыі святкуецца як дзень сусветнай радасці. У гэты светлы дзень, на мяжы Старога і Новага запаветаў, нарадзілася Найблагаславеннейшая Дзева Марыя, Якой ад веку Промыслам Божым наканавана было паслужыць таямніцы ўцялеснення Бога Слова: стаць Маці Збавіцеля — Госпада нашага Езуса Хрыста.
У Нараджэнні Божай Маці — радасная таямніца чалавечага нара-джэння. Яно — вынік чалавечага кахання і любові Бога да чалавека. З самага нараджэння Свайго Прасвятая Дзева валодае благадаццю, якая адкрывае таямніцу супрацоўніцтва чалавека з Богам і без якой Божы план выратавання чалавецтва не можа быць ажыццёўлены. Мы святкуем Яе нараджэнне, з'яўленне на свет Той, Якая адна толькі ва ўсім свеце змагла аб’яднаць у Сабе два вялікіх, ні для каго больш не сумяшчальных служэння — Божае і Чалавечае; як і Сам Гасподзь Езус Хрыстос, народжаны Ёю, Адзін толькі ва ўсім свеце быў Богам і Чалавекам, паяднаўшы ў Сваёй Асобе дзве, здавалася б, несумяшчальныя прыроды — Божую і Чалавечую.
Услаўляючы Нараджэнне Прачыстай Багародзіцы, якое паклала канец няплодству яе бацькоў, мы павінны імкнуцца да вызвалення ад няплодства душ нашых, каб нам не вуснамі толькі ўсхваляць урачыстасць Нараджэння Божай Маці, але і на самой справе імкнуцца прыносіць плён святасці і жыцця вечнага. Мы павінны маліць Дзеву Марыю, каб дапамагла Яна нам пазбавіцца ад духоўнай няплоднасці, і як Сама Яна заўсёды захоўвала словы жыцця ў сэрцы Сваім, так каб насадзіла Яна ў нашым сэрцы насенне слова Божага.