Доўгачаканая свята вёскі Ужа дало магчымасць гаспадарам і гаспадыням прадэманстраваць узоры сваёй творчасці, свайго сапраўднага народнага таленту. Каб павіншаваць вяскоўцаў, сюды завітала шмат гасцей.
Вось яна, вёска Ужа: рэчка Вужанка, траская палявая дарога праз кукурузныя палі, прыгожыя дагледжаныя хаты. Каля кожнай — усмешкай вітаюць гаспадары і гаспадыні, з задавальненнем расказваючы пра свае вышыванкі, коўдры ці дываны, якія развешаны тут жа на платах. Побач стаяць і сталы з прысмакамі.
[caption id="attachment_51718" align="aligncenter" width="580"]

Жыхары вёскі і яе госці ідуць да месца святкавання. Наперадзе Міхаіл Міхайлавіч Валуевіч, Ніна Іосіфаўна Корбут, Ірына Мікалаеўна Кісляк, Сяргей Яўгенавіч Шарупіч[/caption]
Вось і першая імправізаваная выстава. Знаёмімся з гаспадыняй:
— Ніна Іосіфаўна Корбут. Вышываць і ткаць мяне вучыла мама, а яе — таксама мама. Бачыце, тут ёсць коўдра-перабранка ажно з 1951 года! Каб яе зрабіць, трэба было 95 матузоў перагнаць. Раней я вязала кручком і прыгожыя абажуры на лямпачку.
Ніну Іосіфаўну вяскоўцы вельмі паважаюць: разам з мужам Мікалаем Антонавічам гэтая працавітая жанчына выгадавала трох годных сыноў. Мяркуйце самі: Мікалай Мікалаевіч Корбут — памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці, Аляксандр Мікалаевіч — намеснік міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, Сяргей Мікалаевіч — у сферы энерганосьбітаў. Так што ганарыцца Ніне Іосіфаўне і на самай справе ёсць кім.
[caption id="attachment_51717" align="aligncenter" width="580"]

Валянціна Аляксандраўна Корбут[/caption]
Крыху далей нас сустракае
Ніна Мікалаеўна Цвірка, якая працавала загадчыцай фермы. Разам з мужам
Антонам Антонавічам, былым вадзіцелем саўгаса, жывуць ужо 57 гадоў. Побач з імі на лавачцы —
Алена Мікалаеўна Акуліч, якая адпрацавала ўсё жыццё даяркай, выгадавала чатырох годных дзяцей. А вось
Валянціна Дзмітрыеўна Штэр прыехала з Латвіі ў 1993 годзе, уладакавалася на ферму даяркай, ды так і засталася.
Запрашае да сваёй выставы і
Людміла Арсеньеўна Корбут:
— Добра ткалі і вышывалі мае мама Дубоўская Кацярына Сцяпанаўна і бабуля. Саматканкі — гэта яе, а вышыванкі — маміны. Раней у нас быў станок, дэталі яго і зараз ляжаць на гарышчы.
[caption id="attachment_51719" align="aligncenter" width="400"]

Марыя Піліпаўна Клішэўская[/caption]
Грэецца ля хаты пад праменьчыкамі сонейка Марыя Піліпаўна Клішэўская — старэйшая жыхарка вёскі. У гэтым годзе яна адсвяткуе 96-ы дзень нараджэння. Ра-зам з ёй жыве дачка, Зоя Рыгораўна Смольская, якая і сама ўжо на заслужаным адпачынку. Марыя Піліпаўна ўсё жыццё працавала ў саўгасе, выгадавала дваіх дзяцей, мае чатырох унукаў, дзявяцера праўнукаў і нават аднаго прапраўнучка.
Шчыра і ўсхвалявана пра творчасць самага блізкага чалавека расказвае
Ала Сцяпанаўна Новік:
— Мая мама Марыя Мікалаеўна Уласевіч была добрым чалавекам, працавала настаўніцай, потым — у саўгасе: так склаўся яе лёс. Яна шмат вышывала і ткала. Любіла гэту справу, упрыгожвала сваю хату, каб яна была цёплай і ўтульнай. І сёння мы з задавальненнем прыязджаем сюды, зноў і зноў глядзім на яе работы, радуемся і заўсёды ўспамінаем матулю. Яна і мяне навучыла вышываць.
Марыя Гардзееўна Крэпская таксама мае шмат прыгожых вышыванак. І яе навучыла мама, Марыя Маісееўна Русаковіч.
— Я з Гарнастайлава, — расказвае жанчына, — сюды замуж прыйшла за
Дзмітрыя Сцяпанавіча Крэпскага. Вышываць заўсёды любіла і ўмела. Але ў маладосці гэта рабілася неяк неўзаметку.
[caption id="attachment_51716" align="aligncenter" width="580"]

Марыя Гардзееўна Крэпская[/caption]
Каля імправізаванай выставы сустракае і з гонарам распавядае
Валянціна Аляксандраўна Корбут:
— Гэта — мае работы. А гэта — маёй дачкі Алены Мікалаеўны Другаль, якая зараз жыве ў Маскве. Ткаць пачалі мы даўно разам з сястрою, яшчэ пры газніцах. Людзі казалі на вёсцы: вунь у Кірэевых (дзеда майго звалі Кірэй) усю ноч акно свеціцца.
Шмат цікавых мастацкіх вырабаў прадстаўляла і
Людміла Іосіфаўна Жаўрыд. Большасць з іх зроблена стараннымі рукамі яе мамы Святланы Уладзіміраўны.
Пасля такога цікавага падарожжа па вёсцы склалася ўражанне, што жывуць тут даўно знаёмыя і ветлівыя людзі. А вось у пачатак Ужы, да месца святкавання, большасць яе жыхароў вярталася гуртам: наперадзе — Ніна Іосіфаўна Корбут, побач з ёй — святар Сергій Чарный, старшыня Доктаравіцкага сельвыканкама Міхаіл Валуевіч, дырэктар КСУП «Доктаравічы» Сяргей Шарупіч, жыхары вёскі.
— Дарагія ўжане! — з віншаваннямі звярнуўся старшыня Капыльскага райвыканкама Анатоль Ліневіч. — Сёння мы сабраліся разам, каб адзначыць такую важную падзею — свята вёскі Ужа. Кожны з вас ганарыцца роднай зямлёй і робіць шмат, каб яна працвітала.
Павіншавалі вяскоўцаў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, і айцец Сергій.
А далей, як і на кожным падобным свяце, віталі самых адметных вяскоўцаў, калі можна так сказаць, па намінацыях.
Гонар вёскі. Да названых ужо Корбутаў трэба дадаць і іншых ужанаў. Напрыклад, працоўны стаж Валянціна Антонавіча Цвіркі, 1933 г.н. — 45 гадоў. Ён узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, чатырма значкамі «Ударнік пяцігодкі», медалём «Ветэран працы». А вось Васіль Пятровіч Статкевіч працуе дырэктарам СВК «Аграфірма Лучнікі», Уладзімір Пятровіч Статкевіч — урачом-траўматолагам-артапедам вышэйшай катэгорыі Мінскай 6-й клінічнай бальніцы. Віктар Фёдаравіч Арлоўскі — Ганаровы грамадзянін Слуцкага раёна (старшыня Слуцкага райвыканкама з 1974 па 1995 гг.). Уладзімір Яўгенавіч Арлоўскі — палкоўнік МУС у адстаўцы, узнагароджаны медалямі «За бездакорную службу» 3-х ступеняў.
Самыя маленькія. Такімі з’яўляюцца адразу двое хлапчукоў: Валодзя Семянцоў і Цімоша Віршыц. Дарэчы, сям’я Віршыц — самая маладая ў вёсцы: Ірына і Віталь узялі шлюб у лістападзе 2015 года.
Старэйшыя жыхары. Разам з названай раней Марыяй Піліпаўнай Клішэўскай у гэтай намінацыі прагучалі імёны Ганны Піліпаўны Скрыдлеўскай (1923 г.н.) і Сафіі Паўлаўны Янавай (1925 г.н.).
Шматдзетныя сем’і. Мікалай Людвігавіч і Ганна Іванаўна Пляцінскія зараз пенсіянеры. Абое працавалі ў Капыльскім райспажыўтаварыстве: ён — на працягу 42 гадоў вадзіцелем аўтамагазіна, яна — 35 гадоў загадчыцай магазіна ў в. Ужа. Выгадавалі траіх дзяцей, маюць шасцёра ўнукаў. Добрых слоў заслугоўвае і сям’я Васцьянавых. Валянціна Уладзіміраўна працавала ў саўгасе рабочай, даяркай, нарадзіла і выхавала пяцёра дзяцей, мае 10 унукаў. А вось ужо названая сям’я Семянцовых пераехала жыць з Украіны. Максім працуе ў КСУП «Доктаравічы» механізатарам, Паліна знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за чацвёртым дзіцем.
Самыя лепшыя гаспадары. Да такога важнага свята вяскоўцы доўга рыхтаваліся і нават правялі конкурс на лепшыя двор, сядзібу і гаспадара. І хоць тут шмат дагледжаных двароў з добрымі гаспадарамі, усё ж на свяце падвялі вынікі. Так, лідарамі ў конкурсе сталі сем’і Васцьянавых, Пляцінскіх, Грамыка, Каваленка. Пра апошнюю сям’ю трэба крыху ўдакладніць: Аляксандр Андрэевіч і Валянціна Анатольеўна — ураджэнцы Бранскай вобласці, але сапраўднымі вужанамі лічаць сябе ўжо на працягу 10 гадоў. Аляксандр Андрэевіч — падпалкоўнік у адстаўцы, камандзір батарэі, Валянціна Анатольеўна — былы банкаўскі работнік. Зараз абое пенсіянеры.
Свята завяршылася. А на памяць застануцца цікавыя падарункі, якія падрыхтавала для вяскоўцаў КСУП «Доктаравічы», і ўражанні ад музычных кампазіцый, што прэзентавалі самадзейныя артысты з Ванелевіцкага цэнтра культуры і вольнага часу і Новадоктаравіцкага сельскага клуба.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара