Халоднае асенняе надвор’е не дало правесці свята вёскі Мазалі на вуліцы, таму адзначылі яго ў Скабінскім клубе-бібліятэцы. У невялікім сяброўскім коле за смачнымі пачастункамі і салодкай гарбатай сустрэліся аднавяскоўцы.
Перад прысутнымі выступіла старшыня Капыльскага сельскага Савета Вольга Купрыенка, якая падзякавала ўсім жыхарам, хто па сваёй ініцыятыве прыняў удзел у навядзенні парадку ў Мазалях, пажадала ўсім моцнага здароўя.
[caption id="attachment_52916" align="aligncenter" width="580"]

Музычныя падарункі ад вакальнага гуртка Скабінскага клуба-бібліятэкі[/caption]
— Жывіце ў радасць, адкрыта, з душой, — сказала Вольга Мікалаеўна. — А мы будзем ствараць спрыяльныя ўмовы для вас.
З музычнымі падарункамі выступіў вакальны гурт Скабінскага клуба-бібліятэкі пад кіраўніцтвам Святланы Юшкевіч. Для прысутных прагучалі народныя і сучасныя песні, кожная з якіх суправаджалася гучнымі апладысментамі. З творчымі віншаваннямі выступілі ўдзельнікі сольнага гуртка клуба-бібліятэкі Крысціна Пташук, Мілана Чарнушэвіч і Паша Юшкевіч. Таксама прагучалі кампазіцыі, прысвечаныя Дню маці.
[caption id="attachment_52915" align="aligncenter" width="580"]

Падчас свята[/caption]
Вольга Купрыенка ўручыла памятныя сувеніры ад сельвыканкама і ААТ «Скабін» жыхарам вёскі Мазалі. Сярод іх старэйшына вёскі Валянціна Вячаславаўна Апанасчык, шматдзетная маці Алена Міхайлаўна Жогаль, работнік ААТ «Скабін» Алена Віктараўна Квач, Валянцін Міхайлавіч Янушка, падвор’е якога стала лепшым у Мазалях. Падарункі атрымалі і дзеці, якія ў гэтым годзе адзначылі невялічкі юбілей — гэта дзесяцігадовыя Ягор Карпіленя і Зарына Квач.
Напярэдадні святочнага мерапрыемства Вольга Купрыенка наведала старэйшых жыхароў населенага пункта: Зінаіду Кірылаўну Апанасчык — дарэчы у дзень вёскі яна адзначыла свой 90-гадовы юбілей. Сярод пажылых людзей і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Станіслаў Філіпавіч Карпіленя, імянінніца дня Клаўдзія Мікалаеўна Карпіленя і Валянціна Вікенцьеўна Кульбіцкая. Усім ім былі ўручаны падарункі ад Капыльскага сельвыканкама і ААТ «Скабін».
Свята закончылася сумесным фотаздымкам і прыемнымі размовамі за вялікім гасцінным сталом. Кожны, хто завітаў сюды, атрымаў вялікую колькасць пазітыва, і гэта застанецца ў памяці на доўгія гады.
Павел ШЭІН
Фота аўтара