Афіцыйны старт уборачнай кампаніі на Капыльшчыне дало найстарэйшае земляробчае свята, вядомае спрадвеку як «Зажынкі», — свята першага снапа. Сёлета ўрачыстасць прымала адно з вядучых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — ААТ «Піянер-Агра».
На ўпрыгожанай пляцоўцы непадалёку ад аграгарадка Мажа сабраліся ганаровыя госці, прадстаўнікі раённай улады, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і мясцовыя жыхары. Пачэснае месца было адведзена камбайнёрам і механізатарам, якія з’яўляюцца галоўнымі героямі свята.
[caption id="attachment_59154" align="aligncenter" width="560"]

Снапы галоўным героям свята - механізатарам[/caption]
З пачаткам жніва прысутных павіншаваў старшыня Капыльскага раённага выканаўчага камітэта Анатоль Ліневіч. «Паважаныя сябры! Сёння вялікае свята. На гэтай урачыстасці мы зажнем першы сноп, з якога будзе спечаны каравай Капыльскага раёна, — адзначыў старшыня райвыканкама. — Нам неабходна ўбраць вельмі вялікую плошчу — 35 тысяч гектараў збожжавых і зернебабовых культур. Гэта важкі ўклад у каравай вобласці — амаль 10% ураджаю Міншчыны. Таму мы сваімі намаганнямі, сваёй працай павінны сабраць зерне і засыпаць у засекі. Мы знаходзімся на землях ААТ «Піянер-Агра». Аляксандр Рыгоравіч Макарчук — адзін з тых кіраўнікоў, чыімі намаганнямі штогод прырастае скарбонка раёна. Таму я спадзяюся, што, праводзячы «Зажынкі» на гэтай зямлі, мы атрымаем добры вынік». Анатоль Ліневіч звярнуўся і да механізатараў сельгаспрадпрыемства. Ён адзначыў, што, не зважаючы на складаныя ўмовы надвор’я, ім неабходна своечасова і якасна ўбраць ураджай.
[caption id="attachment_59152" align="aligncenter" width="560"]

Падчас асвячэння хлебнай нівы[/caption]
Па традыцыі Боскае благаславенне прагучала ад Благачыннага цэркваў Капыльскай акругі протаіерэя Сергія. Святар акрапіў святой вадой механізатараў, тэхніку і хлебную ніву. Пасля благаславення жнеі мясцовай гаспадаркі Валянціна Ясючэня, Валянціна Казлоўская і Ганна Макарчук, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, з прымаўкамі і святочнай песняй адправіліся зажынаць першыя снапы. Іх атрымалі Анатоль Ліневіч, Аляксандр Макарчук і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк. Маладыя дзяўчаты — удзельнікі гуртка раённага Цэнтра культуры — таксама ўручылі ўпрыгожаныя снапы гасцям, якія прысутнічалі на ўрачыстасці. Па народнай традыцыі старшыня райвыканкама пад першы сноп, памешчаны на ручнік, паклаў чатыры манеты, каб будучы каравай быў важкім.
[caption id="attachment_59153" align="aligncenter" width="560"]

Анатолю Ліневічу ўручае сноп Валянціна Казлоўская[/caption]
Кароткі дождж, які намачыў на зажынках першы сноп, прысутныя ўспрынялі як добрую народную прымету. Дарэчы, здаўна лічылася: такая з’ява прыроды падчас свята гаворыць пра тое, што ўборачная не зацягнецца, а ўраджай будзе багатым.
Шчырыя словы віншавання са святам прагучалі таксама ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людмілы Ніжэвіч. «Мне вельмі прыемна прысутнічаць на гэтым свяце і раздзяляць радасць і тыя пачуцці, якія перапаўняюць кожнага з вас. Таму што няма больш высакароднай працы, чым праца на зямлі. Менавіта тут ствараецца галоўнае багацце ўсіх часоў і народаў — хлеб, — адзначыла Людміла Іванаўна. — Хлеб — гэта жыццё, гэта — бяспека нашай краіны. Ад усёй душы жадаю нашым хлебаробам, каб гэта праца ўвянчалася вялікім ураджаем. Я ведаю, колькі робіцца і колькі будзе зроблена на капыльскай зямлі. Вы ўсе прыклалі шмат намаганняў для таго, каб унесці добры ўклад у скарбонку Міншчыны. Жадаю, каб наш капыльскі каравай быў самым важкім у вобласці».
Кранулі душу і словы гаспадара свята Аляксандра Макарчука, які падкрэсліў: «Пачатак уборкі ўраджаю, першы праход камбайна, напэўна, — самыя хвалюючыя хвіліны ў жыцці земляроба. Каб надышоў гэты дзень, трэба было прыкласці шмат намаганняў». Дырэктар гаспадаркі заклікаў хлебаробаў не толькі сабраць ураджай да апошняга зярняці, але і паклапаціцца пра сваё здароўе, захоўваючы тэхніку бяспекі.
[caption id="attachment_59155" align="aligncenter" width="560"]

Удзельнікаў «Зажынак» вітае Аляксандр Макарчук[/caption]
Для ўдзельнікаў «Зажынак» у выкананні народнага ансамбля народнай песні «Спадчына», а таксама артыстаў самадзейнасці Ванелевіцкага цэнтра культуры і вольнага часу прагучалі добра вядомыя святочныя песні. Пакуль над хлебнай нівай лілася мелодыя, гасцям і хлебаробам уручылі хлеб з мукі мінулагодняга ўраджаю.
[caption id="attachment_59156" align="aligncenter" width="560"]

Выступаюць удзельнікі мастацкай самадзейнасці Ванелевіцкага цэнтра
культуры і вольнага часу[/caption]
Нарэшце надышоў кульмінацыйны момант: Аляксандр Макарчук аддае каманду экіпажам: «Па машынах!» І магутныя камбайны накіроўваюцца да хлебнай нівы, даючы старт жніву-2017 на Капыльшчыне.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара