Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

60

На Копыльщине прошли «Зажинки-2017»

28.07.2017
Афіцыйны старт уборачнай кампаніі на Капыльшчыне дало найстарэйшае земляробчае свята, вядомае спрадвеку як «Зажынкі», — свята першага снапа. Сёлета ўрачыстасць прымала адно з вядучых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — ААТ «Піянер-Агра». На ўпрыгожанай пляцоўцы непадалёку ад аграгарадка  Мажа  сабраліся  ганаровыя  госці,  прадстаўнікі раённай улады, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і мясцовыя жыхары. Пачэснае месца было адведзена камбайнёрам і механізатарам, якія з’яўляюцца галоўнымі героямі свята. [caption id="attachment_59154" align="aligncenter" width="560"]Снапы галоўным героям свята - механізатарам Снапы галоўным героям свята - механізатарам[/caption] З пачаткам жніва прысутных павіншаваў старшыня Капыльскага раённага выканаўчага камітэта  Анатоль Ліневіч. «Паважаныя сябры! Сёння вялікае свята. На гэтай урачыстасці мы зажнем першы сноп, з якога будзе спечаны каравай Капыльскага раёна, — адзначыў старшыня райвыканкама. — Нам неабходна ўбраць вельмі вялікую плошчу — 35 тысяч гектараў збожжавых і зернебабовых культур. Гэта важкі ўклад у каравай вобласці — амаль 10% ураджаю Міншчыны. Таму мы сваімі намаганнямі, сваёй працай павінны сабраць зерне і засыпаць у засекі. Мы знаходзімся на землях ААТ «Піянер-Агра». Аляксандр Рыгоравіч Макарчук — адзін з тых кіраўнікоў, чыімі намаганнямі штогод прырастае скарбонка раёна. Таму я спадзяюся, што, праводзячы «Зажынкі» на гэтай зямлі, мы атрымаем добры вынік». Анатоль Ліневіч звярнуўся і да механізатараў сельгаспрадпрыемства. Ён адзначыў, што, не зважаючы на складаныя ўмовы надвор’я, ім неабходна своечасова і якасна ўбраць ураджай. [caption id="attachment_59152" align="aligncenter" width="560"]Падчас асвячэння хлебнай нівы Падчас асвячэння хлебнай нівы[/caption] Па традыцыі Боскае благаславенне прагучала ад Благачыннага цэркваў Капыльскай акругі протаіерэя Сергія. Святар акрапіў святой вадой механізатараў, тэхніку і хлебную ніву. Пасля благаславення жнеі мясцовай гаспадаркі Валянціна Ясючэня, Валянціна Казлоўская і Ганна Макарчук, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, з прымаўкамі і святочнай песняй адправіліся зажынаць першыя снапы. Іх атрымалі Анатоль Ліневіч, Аляксандр Макарчук і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк. Маладыя дзяўчаты — удзельнікі гуртка раённага Цэнтра культуры — таксама ўручылі ўпрыгожаныя снапы гасцям, якія прысутнічалі на ўрачыстасці. Па народнай традыцыі старшыня райвыканкама пад першы сноп, памешчаны на ручнік, паклаў чатыры манеты, каб будучы каравай быў важкім. [caption id="attachment_59153" align="aligncenter" width="560"]Анатолю Ліневічу ўручае сноп Валянціна Казлоўская Анатолю Ліневічу ўручае сноп Валянціна Казлоўская[/caption] Кароткі дождж, які намачыў на зажынках першы сноп, прысутныя ўспрынялі як добрую народную прымету. Дарэчы, здаўна лічылася: такая з’ява прыроды падчас свята гаворыць пра тое, што ўборачная не зацягнецца, а ўраджай будзе багатым. Шчырыя словы віншавання са святам прагучалі таксама ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людмілы Ніжэвіч. «Мне вельмі прыемна прысутнічаць на гэтым свяце і раздзяляць радасць і тыя пачуцці, якія перапаўняюць кожнага з вас. Таму што няма больш высакароднай працы, чым праца на зямлі. Менавіта тут ствараецца галоўнае багацце ўсіх часоў і народаў — хлеб, — адзначыла Людміла Іванаўна. — Хлеб — гэта жыццё, гэта — бяспека нашай краіны. Ад усёй душы жадаю нашым хлебаробам, каб гэта праца ўвянчалася вялікім ураджаем. Я ведаю, колькі робіцца і колькі будзе зроблена на капыльскай зямлі. Вы ўсе прыклалі шмат намаганняў для таго, каб унесці добры ўклад у скарбонку Міншчыны. Жадаю, каб наш капыльскі каравай быў самым важкім у вобласці». Кранулі душу і словы гаспадара свята Аляксандра Макарчука, які падкрэсліў: «Пачатак уборкі ўраджаю, першы праход камбайна, напэўна, — самыя хвалюючыя хвіліны ў жыцці земляроба. Каб надышоў гэты дзень, трэба было прыкласці шмат намаганняў». Дырэктар гаспадаркі заклікаў хлебаробаў не толькі сабраць ураджай да апошняга зярняці, але і паклапаціцца пра сваё здароўе, захоўваючы тэхніку бяспекі. [caption id="attachment_59155" align="aligncenter" width="560"]Удзельнікаў «Зажынак» вітае Аляксандр Макарчук Удзельнікаў «Зажынак» вітае Аляксандр Макарчук[/caption] Для ўдзельнікаў «Зажынак» у выкананні народнага ансамбля народнай песні «Спадчына», а таксама артыстаў самадзейнасці Ванелевіцкага цэнтра культуры і вольнага часу прагучалі добра вядомыя святочныя песні. Пакуль над хлебнай нівай лілася мелодыя, гасцям і хлебаробам уручылі хлеб з мукі мінулагодняга ўраджаю. [caption id="attachment_59156" align="aligncenter" width="560"]Выступаюць удзельнікі мастацкай самадзейнасці Ванелевіцкага цэнтра культуры і вольнага часу Выступаюць удзельнікі мастацкай самадзейнасці Ванелевіцкага цэнтра
культуры і вольнага часу[/caption] Нарэшце надышоў кульмінацыйны момант: Аляксандр Макарчук  аддае каманду экіпажам: «Па машынах!» І магутныя камбайны накіроўваюцца да хлебнай нівы, даючы старт жніву-2017 на Капыльшчыне. Сяргей ЛАЗОЎСКІ Фота аўтара

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей