У вытрымках з тэкстаў захаваны стыль і арфаграфія таго часу.
1964 г.
Смачныя абеды
Добрая сталовая пабудавана ў вёсцы Цімкавічы. Сюды заходзяць многія праезджыя, мясцовыя жыхары. І кожны з іх з удзячнасцю адклікваецца аб паварах Ніне Паржынай і Ніне Абрамчык. Смачныя стравы рыхтуюць работнікі кухні. У сталовай можна пасмакаваць суп, боршч, катлету, мяса з пюрэ. Ёсць таксама малочныя блюды.
Калектыў сталовай штомесячна выконвае вытворчае заданне. План першага квартала выканан на 120 працэнтаў.
І. Сыцік, селькор
1969 г.
Па юбілейнаму маршруту
Агітбрыгаду Мінскага аэрапорта ў складзе 10 чалавек гасцінна сустракалі хлебаробы многіх населеных пунктаў нашага раёна. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці сталічнага аэрапорта падрыхтавалі канцэртную праграму, прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння У.І.Леніна. У склад агітбрыгады ўваходзіць і лектар.
Госці накіраваліся па маршруту тых калгасаў, якія носяць імя правадыра. Камандзір атрада А. Вярбіцкі прачытаў лекцыю, прысвечаную слаўнай даце. Затым прысутныя прагледзелі цікавы канцэрт. Вечары з удзелам агітбрыгады адбыліся таксама ў калгасах «Ленінец» і «Іскра Леніна».
Р. Насевіч
1973 г.
Хоць пісьмо і не надрукавана
Кінагледачы з Блеўчыц паскардзіліся ў рэдакцыю на дрэнную дэманстрацыю кінафільма «Сын пракурора». Яны пішуць, што кінастужка на працягу ўсяго сеанса рвалася тры разы, некалькі разоў прападаў гук. Як паведаміў рэдакцыі адміністратар галоўнага кінатэатра тав. Шостак, факты адпавядаюць сапраўднасці. Кінастужка па сваіх тэхнічных якасцях адносіцца да трэцяй катэгорыі, але віна кінамеханіка Л. Жылка заключаецца ў тым, што ён аб гэтым не папярэдзіў кінагледачоў.
1979 г.
Пры добрай якасці
Дружна і арганізавана пачалі сяўбу яравых зерневых культур хлебаробы шостай паляводчай брыгады калгаса «Пралетарый». У першы ж дзень экіпаж пасяўнога агрэгата на чале з механізатарам Францам Бароўскім засеяў 11 гектараў ячменю пры добрай якасці работы.
Заканчваюць падрыхтоўку глебы пад сяўбу ранніх збожжавых і аднагадовых траў, уносяць аміячную ваду механізатары Э. Бянькоўскі, Ф. Тарасевіч, Л. Жук. А Анатоль Шыманскі і Міхаіл Карлюк штодзень выконваюць нормы выпрацоўкі на падкормцы азімых на 125 - 150 працэнтаў.
С. Гладкая, селькор
1983 г.
Прыкусіў язык, апусціў вочы
Не надта весела адчуваў сябе рабочы Капыльскага камбіната камунальных прадпрыемстваў А., калі даваў свае тлумачэнні членам таварыскага суда пры пасялковым Савеце. А якім жа гаварлівым і ба-дзёрым быў ён, калі падвыпіўшы з’яўляўся на рабочым месцы. Куды дзелася тая фанабэрлівасць, рухавасць. А тут нібы прыкусіў язык, і вочы бачылі толькі падлогу.
Суд аб’явіў А. грамадскую вымову з рашэннем паведаміць аб гэтым у раённай газеце.
І. Тупіца, сакратар таварыскага суда
Падрыхтавала Марыя ШЭІНА