2022 год – знакавы для дзіцячага руху Рэспублікі Беларусь. 19 мая 1922 года рашэннем Усерасійскай канферэнцыі камсамола для аб’яднання дзяцей ва ўзросце ад 9 да 14 гадоў была створана піянерская арганізацыя.
Піянерыя – гэта арганізацыя дзяцей і дарослых, праз якую прайшло не адно пакаленне. Адметна, што пасля распаду Савецкага Саюза і ліквідацыі Усесаюзнай піянерскай арганізацыі наша піянерыя змагла выжыць.

На сучасным этапе непарушныя традыцыі руху ў нашай краіне працягвае Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя.
У азнаменаванне 100-годдзя піянерскага руху ГА «БРПА» арганізуе і праводзіць серыю мерапрыемстваў пад агульным дэвізам: «Будучыня пачынаецца тут!» Цэнтральнай падзеяй стане правядзенне 18-20 мая 2022 года Рэспубліканскага фестывалю «Тэрыторыя дзяцінства» ў г. Мінску, у якім прымуць удзел педагагічныя работнікі і навучэнцы ўстаноў адукацыі Капыльскага раёна. У афіцыйнай групе ВКонтакте «БРПА – тэрыторыя дзяцінства!» можна далучыцца да анлайн-марафону #Про100летие.
Піянеры Капыльшчыны актыўна ўдзельнічаюць у раённых, абласных і рэспубліканскіх творчых праектах: «Цуды на Каляды», «Піянерская гульня», «Агеньчык запрашае сяброў», «Сустрэчы на ўсе 100», «Піянерскі і Акцябрацкі КВіЗ». Дзякуючы самакіраванню ў БРПА кожны мае магчымасць праявіць сябе, заявіць аб сваіх інтарэсах і правах.
У склад БРПА Капыльскага раёна ўваходзіць 1704 чалавекі. Актыўны ўдзел у конкурсах і праектах прымаюць піянерскія дружыны гімназіі № 1 г. Капыля, Лясноўскай, Старыцкай, Цімкавіцкай СШ і Семежаўскага ВПК д/с – СШ.
З гісторыі. Цэнтрам жыцця дзіцячай арганізацыі на Капыльшчыне быў Дом піянераў, утвораны ў 1958 го-дзе, які размяшчаўся ў былым будынку яўрэйскай школы, пазней – метадычны кабінет. Загадчыкам быў прызначаны Мікалай Малюковіч. На працягу многіх гадоў існавання Дома піянераў ва ўстанове мяняліся дырэктары, сярод іх: Ірына Асташова, Ларыса Гурыновіч, Надзея Сыса, Таццяна Чарнічкова, Валянціна Маліноўская.
У 80-я гады лідарамі піянерскага руху раёна былі Валянціна Раіцкая, Людміла Заяц, Віктар Плашкевіч, Ніна Скрыпінская (Купрэйчык), Іван Бабко, Аляксандр Сярпінскі. Пасля таго, як у 90-я гады піянерскі рух аднавілі, яго ўзначаліла Людміла Нагорная.
А ў 1993 годзе Дом піянераў перайменаваны ў Цэнтр дзіцячай творчасці, які сёння ўзначальвае Таццяна Васіленка. Менавіта тут і размяшчаецца раённы савет ГА «БРПА».
Раённы савет піянерскай арганізацыі шчыра віншуе ўсе піянерскія дружыны са святам і жадае ўсім моцнага здароўя, творчага натхнення, невычэрпнага запалу, новых ідэй і гатоўнасці тварыць дабро на карысць сваёй Радзіме!
Марыя Гардзей,
метадыст ДУДА «ЦТДзіМ Капыльскага раёна», старшыня ГА «БРПА»