У гэтым годзе мы адзначаем 75-годдзе першага партызанскага бою, які адбыўся на тэрыторыі нашага раёна ва ўрочышчы Гнілуха. Тут 9 мая 1942 года партызаны атрадаў імя Чапаева, імя Катоўскага і імя Будзёнага сутыкнуліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. І менавіта гэты дзень лічыцца днём аб’яднання названых атрадаў у партызанскую брыгаду імя Варашылава, камандзірам якой стаў Піліп Капуста.
[caption id="attachment_57111" align="aligncenter" width="560"]

Помнік на месцы бою[/caption]
Замест прадмовы
Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што дзень 9 мая 1942 года стаў пачаткам шырокага размаху партызанскай барацьбы на тэрыторыі Капыльшчыны. Байцы атрадаў імя Катоўскага (камандзір Васіль Яроменка), Чапаева (Іван Тараховіч больш вядомы як Дунаеў), Будзёнага (Міхаіл Ізюмскі) разам напалі на фашыстаў недалёка ад вёскі Шастакі ў так званым урочышчы Гнілуха. Дзейнічалі смела, рашуча, адразу ўзяўшы ініцыятыву ў свае рукі.
Даведка
Урочышча Гнілуха знаходзіцца ў пяці кіламетрах на захад ад Капыля. Зараз пра гераічную падзею сведчыць помнік, які стаіць ля дарогі, што ідзе з райцэнтра да возера Багушы і далей да Нясвіжа.
Напярэдадні бою
Справы зімой з 1941 на 1942 год складваліся вельмі няпроста, аднак партызаны выжылі і нават акрэплі. Але іх было яшчэ нямнога, не хапала ўзбраення. У атрадзе імя Будзёнага змагалася 37 чалавек, з іх 14 не ўзброены. Таму камандзір атрада Міхаіл Ізюмскі вырашыў разграміць Капыльскі гарнізон і захапіць зброю. Гэтую ідэю падтрымалі і байцы атрадаў Яроменкі, Дунаева. Камандзіры падключылі да рэалізацыі ідэі падпольшчыкаў Капыля, давераных сувязных, дасталі план мястэчка і ўсіх умацаванняў, пастоў абароны, дзотаў, вышак. Пад кіраўніцтвам лейтэнанта Забудзько яны пачалі распрацоўваць дэталі аперацыі. 30 красавіка 1942 года партызанскі атрад Дунаева прыбыў у савіцкі лес, дзе знаходзіўся атрад Яроменкі. Адсвяткавалі разам 1 мая, паслухалі па прыёмніку Маскву.
[caption id="attachment_57124" align="alignleft" width="223"]

П. Капуста[/caption]
Ваенныя планы
Камандзіры атрадаў намецілі аперацыю на 10 мая. Да гэтага часу сувязныя ў Капылі падрыхтавалі некалькі паліцэйскіх, якія павінны былі ліквідаваць варту казарм. Планавалася, што адна група партызан зробіць нечаканы ўдар па гарнізоннай казарме, дзе жывуць немцы, другая — па камендатуры. Начальнік штаба партызанскага атрада імя Чапаева Піліп Капуста прапанаваў: калі ўсе атрады збяруцца ў шастакоўскім лесе — яшчэ раз абмеркаваць план на мясцовасці. У ноч з 6 на 7 мая 1942 года партызанскія атрады Дунаева і Яроменкі прыбылі ў прускі лес да будзёнаўцаў, а ў ноч з 8 на 9 мая перайшлі ў шастакоўскі лес, або ўрочышча Гнілуха, як называлі яго мясцовыя жыхары.
У трох партызанскіх атрадах налічвалася каля ста чалавек. Гаспадарчы ўзвод недзе затрымліваўся, прадуктаў харчавання не хапала на ўсіх. Таму напярэдадні група партызан пайшла ў вёску Шастакі за прадуктамі. Даведаўшыся, што ў вёсцы былі партызаны, шастакоўскі солтыс паведаміў аб гэтым каменданту Капыля. Менавіта той і паслаў разам са здраднікам трох нямецкіх салдат і дзесяць паліцаяў прачасаць шастакоўскі лес, каб выявіць партызан.
Дзеянні партызан
Камандаванне партызанскіх атрадаў выставіла варту і дазоры ў кірунку Капыля. Адзін з дазорных і далажыў камандзіру атрада імя Чапаева Дунаеву, што па дарозе на Капыль рухаюцца немцы і паліцаі.
[caption id="attachment_57122" align="alignleft" width="225"]

І. Тараховіч (Дунаеў)[/caption]
Дунаеў у бінокль добра разгледзеў немцаў і паліцаяў і таго, хто іх суправаджаў. Было прынята рашэнне сустрэць ворага агнём. У выніку толькі аднаму паліцэйскаму ўдалося ўцячы ў Капыль. Партызаны падабралі трафеі: тры нямецкія аўтаматы, дзевяць вінтовак, гранаты. Усё прайшло хутка і нечакана. Народныя мсціўцы радаваліся, асабліва тыя, хто не меў зброі. На капыльскую аперацыю разлічваць ужо не прыходзілася. Але і шастакоўскі лес пакідаць яшчэ нельга. Трэба было знішчыць тых, хто прыедзе за трупамі.
Нямецкі «адказ»
Камендант Капыля ісці са сваімі сіламі на лес не рашаўся. Ён папрасіў дапамогі ў каменданта Слуцка, і той хутка адклікнуўся: паслаў каля трохсот карнікаў і паліцаяў. Яны вырашылі зайсці з прускага лесу, потым на шастакоўскі лес, каб выбіць партызан з лесу ў чыстае поле.
Але партызаны прадумана арганізавалі абарону. Своечасова адзін з лясных воінаў заўважыў першы ланцуг фашыстаў — чалавек сорак! Праз некаторы час з-за пагорка паказаліся другі ланцуг і трэці. Калі немцы падышлі ўшчыльную да партызан, якія залеглі ў засадзе, Дунаеў даў каманду «Агонь!» Немцы думалі, што партызан наогул не будзе, а тут такая нечаканасць! Фашысты залеглі. Цяпер яны ведалі, дзе абарона партызан.
Бой
З прускага лесу фашысты з пушак невялікага калібру павялі агонь. З-за пагорка немцы пачалі мясцовы абстрэл партызан, затым пайшлі ў атаку. У гэты момант быў паранены ў галаву камандзір атрада імя Катоўскага Васіль Яроменка.
[caption id="attachment_57130" align="alignleft" width="200"]

В. Яроменка[/caption]
У немцаў паляцелі партызанскія гранаты. Піліп Капуста, убачыўшы, як упаў Яроменка, падняўся ва ўвесь рост і з крыкам «У атаку! За мной!» кінуўся наперад і ўзяў агульнае кіраўніцтва боем на сябе. Контратака была магутная і хуткая, фашысты такога не чакалі, і яны, асабліва паліцаі, пабеглі назад. З ручнога кулямёта добра цэліў па ворагу мардвін Васіль Лагерманаў. Атрады Тараховіча і Яроменкі раздрабілі калону немцаў на часткі і «Гадаў паклалі!» — па выразе партызана Сяргея Зуева.
У некаторых месцах яшчэ працягваўся рукапашны бой, але хутка ўсё сціхла. Уцалелыя немцы і паліцаі адышлі на другі бок леса: нечага чакалі. А партызаны, падбіраючы трафеі, адыходзілі да шастакоўскага лесу. На паляне ляжала шмат забітых немцаў і паліцаяў. Усяго ж у гэтым баі фашысты страцілі больш за 70 салдат. З ліку партызан было паранена некалькі байцоў.
Ужо на другі дзень пасля бою 10 мая 1942 года ў Лаўскім лесе сабраліся камандзіры атрадаў. Яны ўпэўніліся, што баявому поспеху садзейнічала аб’яднанне атрадаў. Таму вырашылі па-сапраўднаму аб’яднацца і стварылі брыгаду, якой далі імя героя грамадзянскай вайны Кліма Варашылава. Камандзірам брыгады выбралі маёра Піліпа Піліпавіча Капусту, таму што ў баі ён прадэманстраваў камандзірскія здольнасці. Камісарам стаў Іван Кліменцьевіч Жыжык. Слава аб дзеяннях партызан стала хутка расці, усяляць веру ў перамогу над фашысцкай навалай.
Вачамі ўдзельнікаў
Васіль Аляксеевіч Акула, былы партызан, аўтар кнігі «Юго-западнее Минска»:
«Атрад імя Будзёнага абышоў ворага і ўдарыў з фланга. Гэта быў нечаканы і ашаламляльны ўдар. Ён, як нажом, адрэзаў частку калоны. Немцы кінуліся ўцякаць. За імі з крыкам «ура» неслася хваля атакуючых. Прыціснутыя да балота, варожыя салдаты апынуліся ў западні і яшчэ з большай злосцю аказвалі супраціўленне. Партызаны вылоўлівалі іх у густых зарасніках і расстрэльвалі…»
Мікалай Аляксандравіч Мароз, заслужаны ўрач БССР:
«Партызанамі сталі мой бацька Аляксандр Фаміч, сёстры Ліна, Жэня, Вольга і 14-гадовы Алесь. Немцы забілі нашу маці Серафіму Ігнатаўну — першага старшыню калгаса ў Вялікіх Прусах… Мы былі ўдзельнікамі ўсіх рэйдаў. Знішчалі варожыя гарнізоны. Першае хрышчэнне мы атрымалі ва ўрочышчы Гнілуха. Карнікаў разбілі ўшчэнт. Тут я ўпершыню наклаў павязку параненаму партызану».
Дзіяна ТКАЧЭНКА