У баях за Радзіму на Заходнім, Бранскім, Варонежскім, Сцяпным, Сталінградскім і 1-м Украінскім франтах Іван Сцяпанавіч Трацэўскі праявіў мужнасць і гераізм, быў двойчы паранены. Асколкі з цела выходзілі ўсё жыццё. Ён узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За баявыя заслугі», «За абарону Масквы», «За ўзяцце Вены», «За вызваленне Прагі», «За перамогу над Германіяй у 1944 — 1945 гг.». Яго маці Ганна Васільеўна ў 1944 годзе атрымала чатыры пахавальныя лісты на трох сыноў і дачку. Ніводнаму паведамленню не верыла, усіх дачакалася з вайны.
Будучы дырэктар Слабада-Кучынскай СШ Іван Сцяпанавіч Трацэўскі нарадзіўся ў 1921 годзе ў пасёлку Заполле Слабада-Кучынскага сельсавета, стаўшы пятым дзіцем у мнагадзетнай сялянскай сям’і. Скончыў мясцовую сямігодку, Старыцкую СШ і марыў стаць інжынерам аўтатранспарту. Але ў кастрычніку 1939 года датэрмінова прызваны ў Чырвоную Армію (Ваенна-Паветраныя Сілы). Баявое хрышчэнне атрымаў у складзе байцоў 480-га стралковага палка 250-й Забайкальскай стралковай дывізіі пад горадам Ярцавам Смаленскай вобласці, дзе быў цяжка паранены 1 верасня 1941 года. Там савецкія воіны спынілі наступленне гітлераўцаў на 80 дзён. Далей месяц правёў у шпіталі, у якім не далячыўся і фактычна збег у дзеючую армію, удзельнічаў у абароне Масквы.
[caption id="attachment_57120" align="aligncenter" width="478"]
І.С. Трацэўскі (у цэнтры)[/caption]
У 1943 годзе на перадавой лініі перад боем уступіў у члены ВКП(б) і дастойна пранёс праз усё жыццё ідэалы камуністычнага грамадства, веру ў сваю справу і імкненне да лепшай будучыні. Быў выбраны намеснікам парторга і агітатарам батальёна. Медаль «За баявыя заслугі» атрымаў за ўдзел у Курскай бітве. Фашысцкія танкі прарвалі нашу абарону на Белгарадскім напрамку і выйшлі на зручную адлегласць для абстрэлу да аэрадрома Гразнае. Старшына Трацэўскі паспеў эвакуіраваць усё гаручае. Ордэнам Чырвонай Зоркі ўзнагароджаны за вызваленне Кіева. Быў другі раз паранены, але змог вывесці калону бензавозаў з-пад бамбёжкі ў час дастаўкі паліва на аэрадром Згуроўка. Толькі за восем месяцаў 1943 года яго ўзвод даставіў 15 285 тон авіягаручага, а агульны кіламетраж машын склаў 260 745 кіламетраў.
Дзень Перамогі камандзір аўтаспецузвода 171-га асобнага аўтатранспартнага батальёна 26-га раёна авіяцыйнага базіравання 2-й паветранай арміі І.С.Трацэўскі святкаваў у горадзе Вене — сталіцы Аўстрыі. Не думаў салдат, што пасля 9 мая давядзецца вызваляць сталіцу Чэхаславакіі горад Прагу ад гітлераўцаў. Яшчэ год служыў у саставе Заходняга кантынгента савецкіх войск у Еўропе.
Пасля дэмабілізацыі ў чэрвені 1946 года Іван Сцяпанавіч вярнуўся дамоў і ўжо ў верасні стаў працаваць у Слабада-Кучынскай СШ: выкладаў ваенную падрыхтоўку. Скончыў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут, Мінскі педагагічны інстытут імя Горкага па спецыяльнасці гісторыя. Іспыты ваеннай пары выпрацавалі ў ім моцны характар, яшчэ больш умацавалі любоў да роднага краю, людзей, якіх ён абараняў ад лютага ворага. Усё гэта стала невычэрпнай крыніцай яго працоўнага подзвігу ў мірны час. Аддаў роднай школе 30 лепшых гадоў жыцця: настаўнік, завуч, дырэктар. Яго арганізатарскія здольнасці асабліва праявіліся ў перыяд будаўніцтва новай школы. Шмат зрабіў для выхавання падрастаючага пакалення на прыкладах патрыятызму, любові да Радзімы, павагі да подзвігу народа. У школе ўсталяваліся добрыя традыцыі правядзення ўрокаў і ранішнікаў, прысвечаных героям вайны, было ўзята шэфства над помнікамі і брацкімі магіламі. Часта праводзіліся маёўкі, паходы і турыстычныя злёты, паездкі ў гарады-героі. Да любой справы падыходзіў па-гаспадарску, да людзей адносіўся з разуменнем, быў шчодры і бескарыслівы, добры і сціплы. Ніколі нікога ў жыцці не пакрыўдзіў, не сказаў дрэннага слова.
Іван Сцяпанавіч прымаў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам абласнога, раённага, сельскага Саветаў народных дэпутатаў. Шматлікімі ганаровымі граматамі і падзякамі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, медалём «За працоўную доблесць» адзначана гэта плённая праца і ўклад, які ўносіў сваёй дзейнасцю ў развіццё дзяржавы. Жыццё Вялікага Чалавека перарвалася неспадзявана пасля каварнай хваробы 17 сакавіка 1976 года. І толькі тады, упершыню, землякі ўбачылі баявыя ўзнагароды выдатнага кіраўніка і любімага педагога. Усяго толькі 54 гады пражыў, а колькі добрага і карыснага зрабіў для людзей! Яго імя прысвоена школьнаму музею.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»
Комментарии