Ласкавыя словы «Марыйка, дачушачка» ды смак пухнатых тоўстых блінцоў – вось і ўсё, што засталося ад матулі. Гэта самыя дарагія ўспаміны, што на працягу 90 гадоў доўгага, насычанага рознымі падзеямі жыцця, саграюць сэрца Марыі Васільеўны Козел з аграгарадка Пацейкі.
— Ад мамы ў гэтым свеце ўсё: і настаўнік, і рабочы, і… карэспандэнт, — ужо напрыканцы сустрэчы кажа жанчына.
Сваю ж маму Марыя Васільеўна страціла, калі ёй было ўсяго 12… І гэтую не аддадзеную матулі любоў яна пранесла праз усё жыццё, каб потым шчодра падарыць і сваім родным сыночкам, і дзеткам, якіх вучыла.
— Матуля мая Ганна Іванаўна была вельмі добрая, любіла мяне, ласкава называла дачушачкай або Марыйкай, — успамінае Марыя Васільеўна. — А яшчэ мама змагла стаць добрай мачыхай для чатырох зводных братоў, таму што замуж выйшла за ўдаўца Козела Васіля Тарасавіча. Ужо пасля шлюбу з ім нарадзіла мяне і Валодзьку, які і загінуў разам з ёй.
[caption id="attachment_95051" align="aligncenter" width="840"]
■ Марыя Васільеўна разам з мужам. 70-я гады[/caption]
…На двары стаяў сакавік 1943-га. Капыльшчына, як і частка Савецкага Саюза, знаходзілася пад нямецка-фашысцкім ярмом. Абодва старэйшыя браты змагаліся ў партызанах, а сем'і іх засталіся жыць тут, у Пацейках, разам са сваякамі. Дванаццацігадовая Марыя была ў цёткі ў Траянаве. Дома засталіся мама з двухгадовым Валодзькам, бацька і нявесткі з дзеткамі. Раніцай у дом убег тата і паспеў папярэдзіць, што да іх набліжаюцца немцы. Мама і нявестка Вольга схапілі дзяцей і пабеглі па вуліцы, а ён — не паспеў. Побач знаходзілася папялішча ад спаленай суседскай хаты, дзе бацька неяк ухітрыўся схавацца. Таму ён і не бачыў, як немцы дагналі яго сям'ю, як вялі жанчын з заплаканымі дзеткамі. Ён не бачыў і тое, як іх парамі (маму з дзіцем) заводзілі ў іх жа ўласны хлеў. І гук выстралаў, што абрывалі жыццё родных, ён таксама не чуў… І не бачыў, як гарачым смяротным полымем загарэўся той самы хлеў, падпалены нямецкімі катамі.
[caption id="attachment_95052" align="aligncenter" width="650"]
■ Васіль і Сярожа. 60-я гг. ХХ ст.[/caption]
А бычыў гэта праз акно сваёй хаты сусед, які з горам напалам пазней усё і расказаў. Вечарам сваякі прывялі Марыю. Абняўшыся з бацькам, яны стаялі над астанкамі самых дарагіх людзей. Стаялі і горка плакалі.
...Прайшло шмат часу, але Марыя Васільеўна і цяпер памятае смак маміных блінцоў. У той суровы час асаблівых ласункаў не было. Салодкае малако з хлебам ды куцця — вось і ўсё, што магло быць на вячэру. Але для сваёй адзінай дачушкі мама заўсёды знаходзіла што-небудзь смачнае.
[caption id="attachment_95054" align="aligncenter" width="840"]
■ Свякроў Соф'я Якаўлеўна Варанко з унукам[/caption]
— Мама мая працавала спачатку ў калгасе, а пасля таго, як пераехалі ў Пацейкі, пайшла ў школу прыбіральшчыцай, — працягвае ўспаміны жанчына. — Я разам з ёй часта бывала ў школе, глядзела на настаўнікаў. Як жа яны мне падабаліся! Памятаю, настаўнікі частавалі мяне чым-небудзь смачненькім. Напэўна, тады я і вырашыла выкладаць у школе…
Пасля гібелі мамы тата зноў ажаніўся. Мачыха была жанчынай добрай, але ўсё ж не роднай мамай. Таму школу Марыя скончыла, жывучы ў дзіцячым доме ва Уздзе, дзе дырэктарам працаваў старэйшы брат Пётр. Там жа сустрэла і весткі аб вялікай Перамозе.
Другой мамай для Марыі Васільеўны стала свякроў Варанко Соф'я Якаўлеўна, якая дапамагла выхоўваць дваіх унукаў Сяргея і Васіля. Са сваім будучым мужам Мікалаем Васільевічам знаёмыя былі з самага дзяцінства. «Жаніх ды нявеста» — так называлі іх сябры. Пасля таго, як Марыя скончыла Нясвіжскае педвучылішча, а Мікалай адслужыў у арміі, ажаніліся. Жыць сталі ў доме мужа.
— Сваю свякроў я называла мамай, бо жанчынай яна была добразычлівай. Дзякуючы разуменню мужа і Соф'і Якаўлеўны, я магла займацца любімай справай — вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак гісторыі, — працягвае аповед Марыя Васільеўна. — Ужо замужам я скончыла педінстытут.
[caption id="attachment_95053" align="aligncenter" width="400"]
■ Марыя Васільеўна Козел[/caption]
Але праца педагога ў той час не абмяжоўвалася толькі ўрокамі. Настаўнікі хадзілі па фермах, праводзілі гутаркі, выпускалі так званыя баявыя лісткі. У 1953 годзе Марыя Васільеўна ўступіла ў КПСС, што дадало яшчэ больш працы і без таго адказнай «учыцельке», як называлі аднавяскоўцы. Але нягледзячы на вялікую занятасць, сыночкі без увагі дарагога чалавека не заставаліся. Разам з мамай рабілі ўрокі, адзначалі святы, нават і (па-савецку ціхенька) Вялікдзень, бо свякроў з вялікай павагай ставілася да рэлігіі.
Памятае Марыя Васільеўна, як старэйшы Сярожа, гледзячы на свайго дзядзьку-лётчыка, казаў: «Я буду гаспадаром неба!»
Так і здарылася. Добра ведаўшы дакладныя навукі, Сяргей скончыў Чарнігаўскае вышэйшае авіяцыйнае вучылішча, даслужыўся да падпалкоўніка. Служыць прыйшлося і на Амуры, і нават у гарачай афрыканскай краіне Конга. Разам з сям’ёй жыве ў Баранавічах. Малодшы Васіль працаваў вадзіцелем на вялікагрузе. Ён і цяпер застаўся шафёрам, а жыве ў Нясвіжы.
У ролі настаўніцы Марыя Васільеўна змагла стаць другой мамай для многіх вучняў: адданасць справе была бязмежнай. За высокі прафесіяналізм у 1968 годзе Марыя Козел была ўзнагароджана «Пачотнай граматай Вярхоўнага Савета БССР», а праз два гады ёй прысвоена званне «Заслужаны настаўнік БССР».
[caption id="attachment_95050" align="aligncenter" width="650"]
■ Пачотная Грамата Вярхоўнага Савета БССР[/caption]
Але ўсё ж такі самая дарагая ўзнагарода — гэта любоў і памяць вучняў, многія з якіх і самі ўжо выйшлі на пенсію, іх паштоўкі і візіты. А яшчэ — прыезд дарагіх яе «хлопчыкаў», яе сыночкаў — Сярожы і Васіля, і ўжо іх дзетак. І, паверце, кожнаму — і вучням, і ўласным дзецям, і ўнукам, і нават ледзьве знаёмаму чалавеку — хапае любові і пяшчоты Марыі Васільеўны.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота з сямейнага архіва М.В. Козел