— У клятве на вернасць Радзіме выказана сутнасць вайсковага абавязку, — адзначае кіраўнік адасобленай групы Капыльскага раёна ваеннага камісарыята Капыльскага і Нясвіжскага раёнаў Сяргей Маргалік. — Змест ваеннай прысягі пранікнуты найважнейшым патрабаваннем да вайскоўца — быць адданым свайму народу, сумленна выконваць воінскі абавязак, мужна і самааддана абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь. Для новага папаўнення надышла пара грамадзянскай сталасці і рэальнай адказнасці за лёс нашай Айчыны.
[caption id="attachment_97361" align="aligncenter" width="840"]
■ Дзмітрый Імбра з бацькамі Віктарам Іосіфавічам, Марынай Уладзіміраўнай і братам Юрыем[/caption]
12 снежня прысягу на вернасць Радзіме даў капылянін, выпускнік Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Дзмітрый Імбра. На гэту ўрачыстасць у сёмы Таруньскі інжынерны полк (войскі сувязі) у Барысаў ездзілі яго родныя людзі.
— Дзень той, напэўна, ніколі не забуду, — расказвае маці юнака Марына Уладзіміраўна. — І дома напярэдадні, і ў дарозе вельмі хвалявалася. Хацелася хутчэй убачыць сына, даведацца, як яму служыцца, ці не крыўдзяць старэйшыя саслужыўцы… На прысягу сабраліся бацькі многіх. Дарэчы, падчас пастраення адразу пазнала свайго Дзіму, хаця ўсе хлопцы ў часці прыкладна аднаго росту і целаскладу, апрануты аднолькава. Вядома ж, мацярынскае сэрца не падманеш, яно адчувае сваё дзіця нават на адлегласці… Наш Дзмітрый выразна чытаў словы клятвы на вернасць Радзіме і беларускаму народу. Гэта ж так прыгожа, але разам з тым вельмі адказна. З таго моманту стаў мой сын сапраўдным абаронцам. Я вельмі ганаруся ім.
— Што яшчэ запомнілася? — цікавімся далей.
— Прысяга — вельмі ўрачыстае мерапрыемства, — працягвае Марына Уладзіміраўна. — А таму не абышлося і без віншаванняў, наказаў — ад камандзіраў, ветэранаў, бацькоў. Крыху часу правялі з сынам. Гаварылі, па сутнасці, пра ўсё: пра службу, новых сяброў… Нам жа было ўсё цікава.
— Ці паспакайнела пасля паездкі на сэрцы, ці ўсё роўна хвалюецеся?
— Любая маці заўсёды перажывае за сваё дзіця. Я таксама. Аднак цяпер у мяне больш спакойна на душы. Я ведаю, што ў яго там усё добра. Накормлены, дагледжаны. Сын добра гаварыў пра камандзіраў, пра саслужыўцаў. Вядома ж, напачатку будзе складана, як і кожнаму ў новых абставінах. Няма ж тых вольнасцей, што на грамадзянцы. У арміі жыццё па распарадку. Там кожная мінута распісана. Але ж ён у нас хлопец вынослівы. З часам становіцца больш упэўненым. Так што служба, па ўсім бачна, пой-дзе на карысць.
Сяргей КОЗЕЛ