Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Александра Степанова: путь от Выборгской стороны до партизанского края

08.11.2026

У ліпені 1972 года на капыльскіх пагорках адбылася незабыўная сустрэча. Сюды з усіх куткоў Беларусі і брацкіх рэспублік сабраліся ўдзельнікі партызанскага руху. Прыехалі камандзіры і камісары партызанскіх брыгад і атрадаў, былыя падрыўнікі і падпольшчыкі, партызаны і партызанкі, якія змагаліся з гітлераўскімі акупантамі на тэрыторыі Капыльшчыны і суседніх раёнаў. Была ў іх ліку і Аляксандра Ігнатаўна Сцяпанава.

Вандроўка з Пецярбурга ў Слуцк

 У Слуцк Аляксандра, ураджэнка Санкт-Пецярбурга, трапіла ўвесну 1932 года, у 26 гадоў. Яе лёс, як бы банальна гэта ні гучала, – адлюстраванне эпохі. Нарадзілася на завадской ускраіне Піцера ў сям’і працоўных. Бацька – слесар на металургічным прадпрыемстве, маці – швачка на фабрыцы. Там жа, на Выбаргскім баку, дзяўчынка і пайшла ў школу. Часы былі цяжкія, галодныя. Спачатку бушавала Першая сусветная вайна, затым рэвалюцыя. І сям’я, ратуючыся ад голаду, выехала  ў 1918 годзе ў Адэскую вобласць да сваякоў бацькі. Там жа ў 14 гадоў будучая партызанка пачала працоўную біяграфію: чорнарабочай на чыгунцы і нават хатняй прыслужніцай. А вакол бурліла новае жыццё, якое неверагодна захапіла ўпартую і працавітую дзяўчынку.

 Шляхамі камсамола

 У 1924 годзе Аляксандра ўступіла ў камсамол. А яшчэ праз чатыры гады з’ехала ў Сталіна (цяперашні Данецк) да брата. Там скончыла Цэнтральны інстытут працы і стала цесляром-сталяром на Сталінскім металургічным заводзе. У хуткім часе яе накіравалі на працу піянерважатай. А ў верасні 1931 года Аляксандра стала загадчыцай аддзела піянераў Сталінскага райкама камсамола. Не паспела Сцяпанава наладзіць піянерскую працу ў Данбасе, як праз паўгода яе перавялі на такую ж пасаду ў Старобінскі райкам камсамола. Так яе жыццё аказалася назаўжды звязаным з Беларуссю.

За тры гады Сцяпанава здолела не толькі наладзіць справу, але і сур’ёзна зарэкамендавала сябе ў раёне на мяжы Палесся. У 1934 годзе яна перайшла на працу ў выканкам. А пасля заканчэння курсаў пры ЦВК стала працаваць там у арганізацыйна-інструктарскім аддзеле. Затым была праца ў Мінскім абкаме, і ў лістападзе 1940 года Сцяпанаву накіравалі другім сакратаром у Слуцкі райкам.

 Ваеннае ліхалецце

 22 чэрвеня 1941 года пачалося з тэлефоннага званка, які раздаўся а палове пятай раніцы з вайсковай часці. Так у жыццё Аляксандры Сцяпанавай увайшла Вялікая Айчынная. Усяго праз суткі немцы здзейснілі паветраны налёт на Слуцк… Таму горад Аляксандра пакінула з групай аднадумцаў літаральна за гадзіну да прыходу варожых войскаў. Пачаліся дні пакут па Беларусі. Спачатку ў Магілёў, дзе здалі архіў, затым праз Гомель – на Мазыр. Тут, у сталіцы Палесся, сабралася кіраўніцтва Мінскай вобласці. Прынялі рашэнне: рухацца на акупіраваную тэрыторыю і пачынаць партызанскую барацьбу. Невялікі атрад на дзвюх машынах узначаліў Васіль Казлоў. З ім у невядомасць ішлі яшчэ некалькі адказных работнікаў. І адзіная жанчына – Аляксандра Сцяпанава. Яна, не праяўляючы слабасці, нароўні з мужчынамі несла каравульныя змены.

У Калінкавічах падпольшчыкі пераапрануліся ў лесарубаў. На адной з партызанскіх стаянак, пакуль Аляксандра Ігнатаўна хадзіла па галлё, супрацоўнікі НКУС, пакінутыя ў тыле ворага, прыйшлі і выказалі меркаванне, што яна ўцякла, маўляў, і след яе прастыў. Але раптоўнае з’яўленне самой «зніклай» прывяло ў збянтэжанасць скептыкаў. А Сцяпанава толькі і заўважыла: «Чаго не ведаюць, пра тое не гавораць».

Аляксандры Ігна-таўне трэба было адправіцца ў Старо-бінскі і Слуцкі раёны для арганізацыі партызанскай барацьбы. На яе твары таварышы не заўважылі нават прыкмет хвалявання. Хоць Сцяпанава і сакратар райкама партыі, але яна найперш жанчына!Усю вайну Аляксандра Ігнатаўна падвяргалася смяротнай небяспецы. У першую нямецкую авіябамбёжку моцна пацярпеў будынак райкама. Выратавала тое, што ў кабінеце яна звычайна не заседжвалася. Імкнулася больш бываць на месцах, сустракацца з людзьмі. Калі гітлераўцы наля-целі ў саўгас «Жалы» Старобінскага раёна, кіраўнікі мясцовага падполля ледзь паспелі схавацца ў балотах. Некалькі разоў акупанты нападалі і на след самой Сцяпанавай.

 Ля вытокаў падполля

 Ствараць падполле даводзілася практычна з нуля. Пачала з таго, што адправілася ва Урэчча да надзейнага чалавека. Але сустрэча сарвалася – у вёску наляцелі гітлераўцы. Пасялілася ў Ліста-падаўскім лясніцтве. Пры дапамозе радыста Івана Хоміча прымала радыёграмы і разносіла навіны па навакольных вёсках. У гэтыя ваенныя месяцы Сцяпанава пешшу прайшла Любанскі, Старобінскі, Грэскі і Слуцкі раёны – увесь поўдзень Міншчыны. Паступова ўзнікалі падпольныя арганізацыі, першыя дзве ў вёсцы Вялікая Сліва і Штурмавой МТС. У ліпені 1942 года атрымала новае заданне – перабазіравацца ў Грэскі раён і разгарнуць там партызанскую барацьбу. Для гэтага было неабходна прайсці ўброд раку  Арэсу і перабрацца праз трасу Слуцк – Бабруйск, якую ахоўвалі фашысты. А ў групе ўсяго пяць партыйцаў на чале з Іванам Варвашэнем і пяць байцоў.

Вясной 1942 года стварылася брыгада Варашылава. Партызаны, што ўваходзілі ў яе склад, знішчылі варожыя гарнізоны ў Бабоўні, Пясочным, Старыцы. Да іх у ліпені таго ж года, прыбылі прадстаўнікі Мінскага падпольнага абкама КП(б)Б Аляксандра Сцяпанава, Іван Жыжык, У. Заяц, Л. Сцефанюк. І ўжо ў снежні 1942-га ў Капыльскім, Грэскім, Слуцкім і Уздзенскім раёнах дзейнічалі сем атрадаў.

25 мая 1943 года Аляксандра Ігнатаўна прыбыла на пася-джэнне Чырвонаслабодскага падпольнага райкама партыі. І тут на ўскрайку лесу з’явіліся карнікі, пачаўся бой. Партызаны перабазіраваліся ў суседні Веляшынскі лес і… прадоўжылі  перапыненае гітле-раўцамі пасяджэнне.

Самалёт ад партызанаў

 У тыя дні стаў шырока вядомы пачын саратаўскага калгасніка Ферапонта Галаватага. У снежні 1942 года 52‑гадовы працаўнік, у якога два сыны і тры зяці пайшлі на вайну, а на руках засталіся дзевяць унукаў, прадаў 200 кг пчалінага мёду. Выручаныя грошы селянін прынёс на авіязавод і папрасіў купіць на іх самалёт. Прачытаўшы пра гэта ў газетах, Сцяпанава вырашыла, што было б нядрэнна сабраць грошы на самалёт «Партызан Случчыны». Але як гэта зрабіць: Саратаўская вобласць была ў тыле, а Слуцк – пад акупацыяй фашыстаў? Пайшлі па вёсках агітатары. І за лічаныя тыдні сабралі 128 тысяч рублёў, некалькі сотняў тысяч аблігацый дзяржзайму, а таксама залатыя рэчы. Сродкі накіравалі на Вялікую зямлю. У адказ прыйшла тэлеграма, падпісаная асабіста Сталіным: «Самалёт будзе пабудаваны».

 Мірны час

 У кастрычніку 1943 года Сцяпанаву адклікалі ў Маскву. Ужо тады кіраўніцтва было ўпэўнена ў неаб-ходнасці падрыхтоўкі кадраў для пасляваеннага часу, і Аляксандру Ігнатаўну накі-равалі на вучобу ў Рэспубліканскую вышэйшую партыйную школу.

Потым Цэнтральны камітэт накіраваў яе на працу сакратаром Пінскага абкама партыі. Прыйшлося ёй папрацаваць і намеснікам міністра культуры. У 1958 годзе яна пайшла на пенсію ўжо з пасады старшыні рэспубліканскага прафсаюза работнікаў спажыўкааперацыі і гандлю.

Пра сямейнае становішча ў асабістай справе Аляксандры Сцяпанавай гаворыцца скупа: «На ўтрыманні знаходзіцца бацька». Так, сваёй уласнай сям’і  яна так і не стварыла. Бо ўсю сябе без астатку аддавала працы.


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей