Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

«Будет хлеб — будет и песня»: почему праздник Дня работников культуры объединяет всю Беларусь

11.10.2026

Наша самая прыгожая ў свеце Сінявокая Дзень працаўнікоў культуры штогод адзначае ў другую нядзелю кастрычніка. Лідар нацыі так трапна вызначыў сутнасць і важнасць культуралагічнай дзейнасці: “Дзякуючы шматграннаму таленту, мудрасці і нястомнай працы многіх пакаленняў творчых работнікаў умацоўваецца народнае адзінства. Сфера культуры з’яўляецца скарбонкай матэрыяльнай і духоўнай спадчыны краіны і найважнейшай крыніцай фарміравання беларускай дзяржаўнасці”.

 

 

Напрыпачатку

Мяне, грамадзяніна Беларусі, не можа не радаваць, што глыбока прафесійнае і самабытнае свята здолела аб’яднаць у адзіны і неабсяжны  глобус “Культура” людзей самых розных прафесій і сфер: акцёраў, рэжысёраў, пісьменнікаў, супрацоўнікаў тэатраў , музеяў і філармоній, галерэй і выставачных залаў, супрацоўнікаў бібліятэк і кніжных сховішчаў, удзельнікаў творчых калектываў сціплых дамоў  і ўвішных палацаў культуры, клубаў і цэнтраў народнай творчасці, выкладчыкаў школ мастацтваў і каледжаў культуры, арганізатараў фестываляў, святаў і культурна-масавых мерапрыемстываў. І як добра і пачэсна, што менавіта ў гэты дзень мы шчыра віншум тых, хто штодзённа не стамляецца захоўваць для нас і нашчадкаў культурную спадчыну Бацькаўшчыны і яе Народа – Беларусаў.

Будзе хлеб – будзе і песня...

Цікава, што слова “культура” паходзіць ад лацінскага cultura, якое першапачаткова перакладалася як “апрацоўка глебы”. Так і ў беларусаў павялося: будзе хлеб – будзе і песня. Мой народ умее плённа працаваць, умее і хораша, з густам,  адпачываць.

Не магу не ўзгадаць, як  ў 1996 годзе, у  час, калі наша Айчына толькі шукала свой шлях у новай геапалітычнай рэальнасці, па ініцыятыве Прэзідэнта нарадзіўся ўнікальны пачын - рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі”. Каб асэнсаваць сапраўдную вартасць тагачаснага рашэння Бацькі пра правядзенне Дажынак, варта ўзгадаць, які перыяд тады быў. У сярэдзіне 1990-х мы перажывалі востры палітычны крызіс, а эканамічны хаос пасля распаду СССР пагражаў сацыяльнай стабільнасці.  Сярод народа панавала разгубленасць.  І Прэзідэнт зрабіў стаўку на самае надзейнае - на працавітага беларуса, на вяскоўца, які заўсёды быў апорай нацыі.

Менавіта лідар нашай мужнай і гераічнай нацыі стаў тым стратэгам, які здолеў ўбачыць у старажытным абрадзе завяршэння жніва магутны аб’яднальны і матывацыйны патэнцыял. Канешне ж, гэта быў смелы і дальнабачны крок: кіраўнік дзяржавы пайшоў да народа, каб падтрымаць яго і даць яму ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Ды й сам наш лідар не толькі выйшаў з народа, але і застаўся з народам, ніколі не здраджваючы яму.

Прэзідэнт здолеў вярнуць Дажынкам іх былую, народную, сапраўды айчынную веліч, зрабіўшы земляроба - камбайнера, агранома, механізатара - галоўнымі фігурамі нацыянальнага жыцця. Кіраўнік маладой суверэннай дзяржавы бачыў у іх не выканаўцаў планаў, а сапраўдных герояў, на якіх і павінен трымацца падмурак нацыянальнай бяспекі і дабрабыт кожнай беларускай сям’і.

З сівой мінуўшчыны – да сённяшняй палітры

Культура Бацькаўшчыны фарміравалася на працягу стагоддзяў. Мае продкі стваралі  арыгінальныя архітэктурныя і мастацкія школы, непаўторныя музычныя і літаратурныя творы. Сёння многае з таго захоўваецца ў калекцыях буйнешых айчынных музеяў, зборах бібліятэк. А класіка беларускай музыкі і драматургіі дэманструецца ў тэатрах і канцэртных залах.

У Сінявокай пастаянна адбываецца мноства выстаў, музычных, тэатральных і кінематаграфічных фестываляў.  Нацыянальны мастацкі музей – сапраўдны храм нашага гонару. Адкрыты самы вялікі ў свеце музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, адрэстаўраваны гістарычны музей. Адметныя калекцыі прысутнічаюць ў абласных і раённых  краязнаўчых музеях, галерэях. У райцэнтрах працуюць галерэі, дзе можна ўбачыць менавіта працы тутэйшых майстроў і майстрых.

Нацыянальная бібліятэка ў Мінску мае самы вялікі збор друкаваных выданняў у краіне, а таксама права атрымання абавязковага экзэмпляра. Тут сабралі найвялікшы па-за межамі Расіі збор кніг на рускай мове. У 2006 годзе быў  адкрыты новы будынак  бібліятэкі, які мае унікальнае архітэктурнае рашэнне ў форме брыльянта, – прадмет нацыянальнага гонару майго народа.

Штогод у Сінявокай адбываецца Дзень беларускага пісьменства. Нядаўна скончылася свята ў Касцюковічах. Як помнім, 4-5 верасня 2021 года ў Капылі прайшоў XXVІІІ Дзень беларускага пісьменства пад дэвізам “Слова нас аб’ядноўвае”. Галоўнай тэмай маштабнага мерапрыемства стаў Год народнага адзінства.

Напрыканцы

Для мяне культура, духоўнасць - вельмі тонкая і трапяткая матэрыя. Мы павінны нарэшце ўцяміць, што паняцце “культура” ахоплiвае не толькi мастацкую творчасць, але лiтаральна  ўсе сферы штодзённага жыцця. Гэта і парадак на зямлі, і культура на вытворчасці, чалавечыя адносіны. А ў нас ўсё яшчэ многія  мужчыны б’юць жанчын, мацнейшыя крыўдзяць слабейшых.

Некалі Фёдар Дастаеўскі канстатаваў, што культура  -  спалучэнне агульначалавечага i нацыянальнага. Дык вось менавiта наша айчынная  культура праз Еўфрасiнню Полацкую, Сiмяона Полацкага, Кiрылу Тураўскага, Максiма Багдановiча, Янку Купалу, Якуба Коласа, Уладзiмiра Караткевiча, Васіля Быкава, праз усю нашу народную спадчыну, помнiкi гiсторыi, з’яўляецца важнай, саліднай часткай менавiта гэтай агульначалавечай, агульнаеўрапейскай, сусветнай культурнай прасторы.

Спецыяльна для “СП” Кастусь КАРНЯЛЮК


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей