Наш батальён па суправаджэнні воінскага транспарту з Германіі і Польшчы дыслацыраваўся тады ў горадзе-героі над Бугам. Я і раней бываў ля гэтага святога месца Бацькаўшчыны, але армейскія ўражанні надзвычай настальгічныя і сардэчныя.
Адзначым, што крэпасць пабудавалі яшчэ ў першай палове XIX ст. як стрыжнявы фарпост, што прыкрываў адзін з важнейшых стратэгічных напрамкаў на Мінск і Маскву. А напярэдадні Вялікай Айчыннай у крэпасці дыслацыраваліся часці 6-й і 42-й стралковых дывізій 4-й арміі, падраздзяленні 17-га Брэсцкага пагранатрада, 33-га інжынернага палка, частка 132-га батальёна войск НКУС, штабы часцей – усяго каля 8 тысяч воінаў.
У 1941-м, 22 чэрвеня, гарнізон крэпасці прыняў першыя ўдары фашыстаў. Дарэчы, крэпасць штурмавалі ажно дзве пяхотныя і дзве танкавыя дывізіі гітлераўцаў пры падтрымцы авіяцыі. Захопнікі мелі амаль у дзесяць разоў большыя сілы: была пастаўлена задача авалодаць крэпасцю да дванаццаці гадзін першага дня вайны і прымусіць савецкі гарнізон да капітуляцыі. Аднак самаўпэўненым планам па хуткім захопе не суджана было ажыццявіцца. Савецкія воіны ўступілі ў няроўны шматдзённы паядынак з гітлераўцамі, не маючы прадуктаў харчавання, вады, медыкаментаў: склады былі знішчаны ў першы ж дзень вераломнага наступлення. Праз Цярэспальскае ўмацаванне фрыцы прарваліся ў цытадэль і пачалі наступаць у кірунку Холмскіх і Брэсцкіх варот. Пры вострым недахопе боепрыпасаў гарнізон змагаўся, адбіваючы па шэсць-восем атак за дзень. Толькі за першыя дзевяць дзён абаронцы вывелі са строю каля 1,5 тысячы нямецкіх салдат і афіцэраў. Поплеч з воінамі змагаліся жанчыны і дзеці з сем’яў ваеннаслужачых: дапамагалі параненым, падносілі патроны. Крэпасць была вызвалена ад вандалаў 28 ліпеня 1944-га падчас Люблін-Брэсцкай аперацыі. У 1956-м быў створаны Музей гераічнай абароны крэпасці, размешчаны ў былой кальцавой казарме 33-га інжынернага палка. 8 мая 1965 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за мужнасць воінаў гарнізона крэпасці прысвоілі ганаровае званне «Крэпасць-герой», а ў верасні 1965 года быў упершыню запалены Вечны агонь, дастаўлены з легендарнага Марсава поля.
У 1971-м адбылося доўгачаканае адкрыццё мемарыяла «Брэсцкая крэпасць-герой». Яго аўтарамі сталі скульптары А. Кібальнікаў, А. Бембель, У. Бабыль. Ім дапамагалі архітэктары У. Кароль, В. Волчак, В. Занковіч, Ю. Казакоў, А. Стаховіч, а таксама мастак-архітэктар Г. Сысоеў. Важнай складаючай часткай комплексу стаў Музей абароны крэпасці. Тут у экспазіцыях прадстаўлены ордэн Леніна і медаль «Залатая Зорка», якімі была ўзнагароджана крэпасць, шматлікія рэліквіі, здабытыя з руін яе ўмацаванняў, уласныя рэчы і даваенныя лісты воінаў і афіцэраў, фотаздымкі, творы мастакоў і скульптараў, прысвечаныя абароне. Наведвальнікам і турыстам у кіназале музея дэманструюцца дакументальныя фільмы «Цытадэль Славы», «Я – крэпасць, вяду бой!», «Стаялі насмерць», «Брэсцкая крэпасць». Тут захоўваюцца зборнікі ўспамінаў салдат – «Гераічная абарона» і «Буг у агні». У 2014-м Указам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі комплексу была прысуджана спецыяльная прэмія ў галіне культуры і мастацтва за захаванне гістарычнай памяці пра Вялікую Айчынную і стварэнне новай экспазіцыі ў паўднёва-ўсходняй казарме цытадэлі.
У розных кутках Бацькаўшчыны, якая страціла кожнага трэцяга, таксама створаны мемарыяльныя комплексы, устаноўлены манументы, прысвечаныя падзеям самай трагічнай і кровапралітнай вайны на нашай шматпакутнай зямлі. Беларусы – міралюбівая нацыя: мы не знішчаем, як у загніваючай гора-Еўропе, помнікі. Наадварот, у Сінявокай звыш 9 тысяч помнікаў і пахаванняў Вялікай Айчыннай. Пастаянна ўзводзяцца ўсё новыя мемарыялы. Зразумела: усе яны ўваходзяць у ваенна-гістарычныя экскурсіі, але самае важнае – з’яўляюцца святымі мясцінамі ўшанавання салдат, вечным напамінам суайчыннікам і прадстаўнікам іншых нацый, што прыязджаюць сёння да нас, які каштоўны мір і што яго трэба пільна штодзённа берагчы.
Так, стэла «Мінск – горад-герой», пабудаваная яшчэ ў 1985-м, сёння ўваходзіць у грандыёзны ансамбль Музея гісторыі Вялікай Айчынннай, аднаго з самых вялікіх у свеце. У 1974-м сама сталіца атрымала званне горада-героя за мужнасць і адвагу яго жыхароў падчас абароны. Каля стэлы праходзяць грандыёзны ваенны парад і шэсце ў галоўнае нацыянальнае свята – Дзень Незалежнасці.
У памяць пра трагедыю Хатыні і соцень іншых знішчаных разам з людзьмі вёсак быў заснаваны мемарыял. З часу адкрыцця ў 1969-м тут пабывала больш за 36 мільёнаў чалавек з розных куточкаў свету. Звыш пяці тысяч вёсачак Сінявокай было сцёрта з зямлі ў вайну. Сярод іх і Дальва, якая 19 чэрвеня 1944 года паўтарыла трагічныя пакуты Хатыні.
Грандыёзны Курган Славы быў заснаваны ў гонар вызвалення Айчыны. У аперацыі «Баграціён» – адной з буйнейшых у гісторыі чалавецтва – бралі ўдзел чатыры франты пад камандаваннем праслаўленых палкаводцаў Ракасоўскага, Захарава, Чарняхоўскага і Баграмяна, а таксама маракі Дняпроўскай флатыліі, партызаны нашай Радзімы. На вяршыні ўзгорка (35 м), які захоўвае зямлю з усіх гарадоў-герояў, знахо-дзяцца чатыры штыкі-абеліскі, што сімвалізуюць братэрства воінаў, і кальцо Славы, на якім адлюстраваны твары бясстрашных і непераможных салдат і афіцэраў Чырвонай арміі і партызан.
Спецыяльна для «СП»
Канстанцін КАРНЯЛЮК

Комментарии