Вадзе – быць
У в. Вялікая Раёўка прайшоў сход грамадзян. Галоўнай тэмай стала праблема з водазабеспячэннем: воданапорная вежа дала збой. Паломка аказалася сур’ёзнай, але спецыялісты робяць усё магчымае, каб ліквідаваць яе як мага хутчэй. Мясцовыя жыхары пачулі галоўнае: вадзе – быць!
Сходы грамадзян прайшлі таксама ў Навасёлках, Комсічах, Заракаўцах, Дзягцяных і Вясёлым. Абмеркавалі бытавыя пытанні, якія хвалююць вяскоўцаў. Дыялог з людзьмі працягваецца. А значыць, іх праблемы не застануцца без увагі.
Двайное шчасце з адным імем
У аг. Цімкавічы адразу ў дзвюх шматдзетных сем’ях нарадзіліся дзяўчынкі. Адна стала пятым дзіцем, другая – сёмым. Характэрна, што абе-дзвюх малых назвалі аднолькава – Дарына. Усяго ж за дзевяць месяцаў бягучага года на тэрыторыі сельсавета з’явіліся на свет 12 дзяцей.
Кантроль, які дапамагае
На чарговым пасяджэнні ГПАП абмеркавалі тых, хто патрабуе павышанай увагі. У поле зроку трапілі грамадзяне, якія нідзе не працуюць і злоўжываюць спіртным. Запрасілі таксама сем’і, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Разгледзелі і абавязаных асоб. З запрошанымі не толькі правялі прафілактычныя гутаркі, нагадалі пра адказнасць і магчымыя наступствы асацыяльных паводзін, але і прапанавалі шляхі вырашэння існуючых сітуацый.
«Мы – разам! Мы – сіла!»
Пад такім дэвізам у Вялікараёўскай сельскай бібліятэцы-клубе прайшла інфармацыйная хвілінка для ўдзельнікаў дзіцячага клуба «Страказа». Мерапрыемства прымеркавалі да Дня народнага адзінства. Дзецям расказалі, чаму гэта свята вельмі важнае для нашай краіны, а галоўнае – што згуртаванасць робіць нас больш моцнымі.
Восень касьбу не адмяняе
У населеных пунктах працягваецца абкошванне. Работы вядуцца як за кошт выдзеленага фінансавання, так і пры падтрымцы мясцовых гаспадарак. На дапамогу прыйшлі ААТ «Капыльскае», СГФ «Руднае», філіял «Вялікая Раёўка», філіял «Аўтамабільны парк № 21», буракапункт і Цімкавіцкі вытворчы ўчастак Клецкага камбікормавага завода.

Комментарии