Сёння мы прапануем віртуальна павандраваць па Капылі XVII ст. У дапамогу возьмем самы ранні з захаваўшыхся інвентароў Капыля, які датуецца 1638 годам. На той час Капыль складаўся з замка, што месціўся на сучаснай Замкавай гары і, уласна, места – рынку і прылеглых да яго вуліц.
У апісанні замка чытаем: у канцы грэблі (насыпной дарогі) – брама з вежачкай і флюгерам, дом старасты, вялікі дом (з княскім пакоем), два новыя дамы, кухонны дом, дзве стайні, абозня, тры свіраны, старая піўніца, брама з боку поля з флюгерам, унізе якой знаходзіліся дзве турмы. Увесь замак быў агароджаны дыламі.
Рынак (сучасная пл. Леніна) меў форму блізкую да квадрата. На ім знаходзіліся касцёл (там, дзе зараз рэстаран), кальвінскі збор (зараз на гэтым месцы кавярня «Лепім самі»), шпіталь для ўбогіх, гасцінны дом, у якім спыняліся купцы, што прыязджалі на кірмаш (зараз – скрыжаванне пл. Леніна і вул. Савецкай), дамы мяшчан і шляхты.
Самымі вялікімі былі вуліцы Ходкаўская (сёння Савецкая) і Пясецкая (сёння Жылуновіча). Пясецкая была адметна тым, што на ёй (прыкладна ў тым месцы, дзе і зараз) знаходзілася праваслаўная царква. Калі назва Пясецкая мае празрыстае тлумачэнне – яна пераходзіла ў дарогу на мястэчка Пясочнае, бліжэйшую прыстань на Нёмане, дык у назве Ходзькаўская можна бачыць як тое, што па гэтай вуліцы хадзілі, а не ездзілі (бо яна не выходзіла на гандлёвую дарогу), так і прозвішча мяшчан Хадыкаў, якія жылі на рынку, непадалёк ад пачатку названай вуліцы.
У бок Нясвіжа ад рынку адыходзіла вул. Нясвіжская (названа ад горада Нясвіжа), якая замыкалася Дубніцкай брамай (сёння вул. Янкі Купалы на адрэзку паміж пл. Леніна і Камсамольскай вул.). Дубніцкая брама знаходзілася на перасячэнні сучасных вуліц Янкі Купалы і Камсамольскай.
Працягам Нясвіжскай была вуліца, што мела назву ад брамы Дубніцкай. Праходзіла яна на месцы сучаснага жылога квартала паміж вуліцамі Янкі Купалы, Пралетарскай, Горкага і Камсамольскай.
Налева, уніз ад Дубніцкай брамы ішла вуліца Дубніцкая (праходзіла па тэрыторыі сучаснай школы № 2). Сваю назву яна атрымала ад Дубніка (дубовага лесу), каля якога была пракладзена яе траса.
Направа ад Нясвіжскай вуліцы, насупраць Дубніцкай ішла вуліца Слабодская (зараз – вуліца Камсамольская на ўчастку ад Янкі Купалы да завулка Пушкіна). Назва яе можа сведчыць аб існаванні тут некалі Слабады – часткі паселішча, жыхары якой былі на пэўны час вызвалены ад падаткаў.
Насупраць царквы, налева ад Пясецкай, праходзіла вуліца Крыжовая (зараз – вуліца Горкага на ўчастку паміж Жылуновіча і Камсамольскай). Назва Крыжовая сведчыць пра тое, што яна пад прамым вуглом (крыжам) перасякалася з іншымі вуліцамі.
Яшчэ далей па ходзе руху, налева ад Пясецкай, адыходзіла вуліца Завальная (зараз – завулак Пушкіна на ўчастку ад Жылуновіча да Камсамольскай). Назва яе сведчыць пра тое, што яна праходзіла за валам некалі існаваўшых тут гарадскіх умацаванняў.
Асобнае месца ў гарадской прасторы Капыля займалі могілкі, якія знаходзіліся на асвечанай зямлі каля будынкаў царквы, касцёла і кальвінскага збора.
На гэтым аповед пра вуліцы Капыля 1638 г. можна лічыць скончаным і перайсці да размовы пра сельскагаспадарчыя землі, якімі карысталіся тагачасныя мяшчане.
У пераліку сельскагаспадарчых надзелаў чытаем: моргі На Яцкоўшчыне, моргі Па канцы Яцкоўшчыны, агароды Каля дарогі, што ідзе ад млына Мяльчэўскага, агароды Ад Дубніка, агароды Каля Дубніка, агароды Над ставам, агароды Над рэчкай на выпусце, моргі сенажатныя У засценку Скабінскім, моргі Над рэчкай Мажай ад замка, моргі Пад замкам каля дарогі Слуцкай, агароды Па канцы тых моргаў на выпусце, агароды Каля плябаніі над рэчкай Мажай, агароды На іншым баку Мажы, агароды На Салаўёўшчыне, агароды За царквой над ракой Мажай, агароды Пад Аножкамі, моргі На Байкоўшчыне, моргі сенажатныя Над ракой Камяніцай, агароды Над ракой Мажай да дарогі Пацейкаўскай, агароды Насупраць гумна Савашчовага каля Пацейкаўскай дарогі, моргі Ад вуліцы Ходкаўскай, моргі На Казакоўшчыне, агароды Ад Слабодскай вуліцы, агароды Насупраць гумна Савашчовага, агароды Пры гуменніцах мейскіх, пляцы незабудаваныя Ад вуліцы Слабодскай за вуліцай Завальскай пазасеваныя, агароды Па канцы вуліцы Пясечанскай, агароды Па канцы вуліцы Ходкаўскай, Гуменніцы, на якіх гумны стаяць, моргі за млынам На Мяльцоўшчыне, Старыя валокі, Новыя валокі.
З пераліку назваў можна даведацца пра існаванне млына Мяльчэўскага (там, дзе сёння вуліца Трактарная перасякае рэчку Мажу), каталіцкай плябаніі (да 1630 г. існавала каля Замкавай гары, а затым ксёндз прасіў перанесці яе бліжэй да касцёла, бо яму было цяжка ўздымацца ўгару), Савашчовага гумна (знакавага для таго часу тапаграфічнага аб’екта, які знаходзіўся ў раёне сучаснай вуліцы Пралетарскай).
Некаторыя з гэтых назваў, такія, як Скабін, Аножкі, Казакоўшчына, можна і сёння пачуць у наваколлі Капыля, некаторыя – Яцкоўшчына, Байкоўшчына былі вядомы капылянам яшчэ ў сярэдзіне ХХ ст., іншыя – схаваліся за смугою часу.
Мікалай МАРОЗ,
гісторык, краязнавец
Ілюстрацыя створана з дапамогай нейрасетак

Комментарии