Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

На земле и в небе: большое международное турне Президента

07.07.2026

У апошнюю дэкаду чэрвеня, якраз напярэдадні Дня Незалежнасці, што вельмі сімвалічна, Аляксандр Лукашэнка ажыццявіў грандыёзную рабочую камандзіроўку. Усяго лідару трэба было  праляцець каля 25 тысяч кіламетраў.

 

Сустрэча на чароўным Валдаі

Спачатку 26 чэрвеня візіт адбыўся ў братэрскую Расію. Перамовы прайшлі ў нефармальнай абстаноўцы і працягваліся больш за суткі. Не сакрэт, што абразліва-хамскія заявы недапрэзідэнта Тапалінай супраць Мінска многімі сёння ўспрымаюцца як імкненне ЕС рукамі банды Зяленскага ўцягнуць Беларусь ледзь не ў трэцюю сусветную вайну. Бацька ў каторы раз падкрэсліў, што пазіцыя Беларусі міралюбівая, нападаць мы не збіраемся. Дронаў шпуляць таксама, аднак у любой сітуацыі мы будзем з Расіяй разам і побач – і за Саюзную дзяржаву пастаяць здолеем. Наш Прэзідэнт заўсёды гатовы вырашаць многія канфлікты – толькі абавязкова мірнымі, разумнымі сродкамі. Да абмеркавання эканамічнага блока – энергетыкі, прамысловасці – у Валдаі да прэзідэнтаў далучыўся і прэм’ер Міхаіл Мішусцін.

Падчас сустрэчы было адзначана, што на цяперашнім этапе гандлёва-эканамічныя адносіны Расіі і Беларусі развіваюцца рытмічна і шматпланава. Не сакрэт, што плённае міжрэгіянальнае супрацоўніцтва – фундамент Саюзнай дзяржавы. Важнай задачай з’яўляецца менавіта пашырэнне і паглыбленне такога мудрага інтэрнацыянальнага супрацоўніцтва. Дарэчы, сённяшняе міжрэгіянальнае супрацоўніцтва ў агульнай структуры займае ўжо прыкладна 70 працэнтаў. На якасна новы ўзровень выйшлі прамысловыя, адукацыйныя, гуманітарныя сувязі, праекты ў сферы высокіх тэхналогій. Паспяхова развіваецца турыстычны сектар – уцямілі нарэшце: навошта плаціць Еўропе, іншым краінам, з іх турыстычным душком ды безліччу агрэхаў, калі сваё, роднае – значна лепшай якасці. Узаемныя турпаездкі грамадзян вылічаюцца ўжо сотнямі тысяч за год. Усё гэта – шмат у чым вынік удалага, метадычна адпрацаванага супрацоўніцтва, у якое ў той ці іншай ступені ўцягнуты практычна ўсе рэгіёны нашых краін. Наладжваюць сувязі Беларусь і ўз’яднаныя, новыя рэгіёны Расіі – былой Украіны. Нядаўна адразу некалькі беларускіх кампаній праявілі цікавасць да стварэння сваіх прадпрыемстваў у Херсонскай вобласці. Наладжваецца супрацоўніцтва беларускіх прадпрыемстваў  з  Запарожскай вобласцю, у тым ліку наконт паставак сельгастэхнікі. Пашыраюцца  дзелавыя кантакты з ДНР і ЛНР.

У загадкавай Паднябеснай

29 чэрвеня Бацька прыляцеў у Кітай. Лідар КНР Сі Цзіньпінь адразу выказаў задавальненне, што стаў вельмі часта сустракацца з Аляксандрам Лукашэнкам. Апошнія перамовы доўжыліся больш за тры гадзіны. А візіт нашага лідара ў Паднябесную – ужо сямнаццаты па ліку. Не забыты ў Кітаі, вядома ж, быў і ўжо традыцыйны сямейны абед – фармат, які выходзіць па-за межы дыпламатычнага пратакола і ўжо даўно стаў знакам асаблівага даверу і сяброўства паміж Прэзідэнтамі Сінявокай і Паднябеснай. Лідар КНР выразіў гатоўнасць сумесна з Беларуссю «выступаць у якасці стабілізуючай сілы ў нестабільным свеце». Ён ізноў прыгадаў ініцыятыву «Адзін пояс, адзін шлях» у кантэксце мабілізацыі ўсіх рэсурсаў. Сі Цзіньпінь адзначыў, што беларуска-кітайскія адносіны сёння перажываюць гістарычны пік. Ён падкрэсліў: мы пастаянна абменьваемся пунктамі гледжання па міжнароднай павестцы.

Кіраўнік Беларусі акцэнтаваў увагу на тым, што вельмі цэніць станоўчую ацэнку ўзаемаадносін  Мінска і Пекіна з боку старшыні КНР. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта якраз тое, пра што гаварылі і ў нейкай ступені нават марылі, пачынаючы глабальнае супрацоўніцтва. Адным з прыкладаў паспяховага ўзаемадзеяння Мінска і Пекіна наш лідар назваў індустрыяльны парк Вялікі Камень, большая частка замежных інвестыцый у якім належыць кітайскім кампаніям. Лукашэнка выказаўся таксама пра прамысловую кааперацыю Кітая і Беларусі, падкрэсліўшы, што 2026–27 гг. былі аб’яўлены гадамі прамысловай кааперацыі Беларусі і Кітая.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прыйшоў час паглыбіць стасункі  па ўсім спектры інвестыцыйных і эканамічных адносін. Напрыклад, прамысловае супрацоўніцтва Мінска і Пекіна ўключае 11 тэхналогій, якія з’яўляюцца крытычнымі для Беларусі. Мы хочам іх набыць. Сумесна вырабляць з кітайскімі партнёрамі. Гэта для нас вельмі важна – і паглыбленне, і нарошчванне, і развіццё. Продаж айчыннай прадукцыі на кітайскім рынку з’яўляецца бліскучым індыкатарам канкурэнтаздольнасці – ЗРОБЛЕНА Ў БЕЛАРУСІ. Калі ў мінулым годзе мы прыраслі  на 15%, то ў 2026-м  таваразварот склаў ужо $3,7 млрд. Гэта – 117% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Прычым прыраслі па экспарце – плюс 27%. Гэта дазваляе нам канкурыраваць з ігракамі на сусветным рынку.

Перагаворы ў Інданезіі

1 ліпеня Прэзідэнт здзейсніў паездку з афіцыйным візітам у Інданезію. Беларусь гатова сур’ёзна працаваць для таго, каб дапамагчы гэтай краіне, дзе пражывае звыш 238 млн чалавек, рэалізаваць тыя мэты, якія стаяць перад ёй, заявіў беларускі Прэзідэнт на перамовах з інданезійскім калегам Прабава Субіянта ў Джакарце. Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што гэта другі яго візіт у Інданезію за час прэзідэнцтва, і цяперашняй паездцы папярэднічала сур’ёзная падрыхтоўка. А напярэдадні ў Інданезіі Прэзідэнт сустрэўся з прадстаўнікамі інданезійскага ўрада, таксама прайшлі двухбаковыя сустрэчы і перагаворы на ўзроўні міністэрстваў, дзе размова ішла пра прыярытэтныя напрамкі супрацоўніцтва. На думку беларускага лідара, па многіх пытаннях удалося дамовіцца. «Таму нам трэба  зацвердзіць гэтыя дамоўленасці і без затрымак і бюракратыі дзейнічаць. Толькі наперад», – сказаў Аляксандр  Лукашэнка.

Напрыканцы: узаемныя віншаванні

Дональд Трамп таксама не мог не звярнуцца да нашага Бацькі 3 ліпеня ў Дзень Незалежнасці з важным пасланнем. Як удакладніў лідар ЗША, гэтае свята прысвечана вызваленню Мінска ад нацысцкай акупацыі і назаўсёды застанецца напамінкам пра барацьбу беларускага народа за свабоду. Трамп перадаў Прэзідэнту Беларусі і беларусам пажадаў міру і росквіту. І выразіў упэўненасць, што  спадзяецца на сустрэчу ў будучым. Прэзідэнт Расіі таксама павіншаваў беларускі народ. Лідар Беларусі, у сваю  чаргу,  таксама накіраваў 4 ліпеня афіцыйнае віншаванне 47-му прэзідэнту ЗША ў гонар Дня незалежнасці і 250-годдзя ўтварэння ЗША. «Паміж нашымі народамі ніколі не існавала супрацьлегласцей, і я як Прэзідэнт Беларусі гатовы працаваць разам для нармалізацыі беларуска-амерыканскіх адносін, а таксама падтрымліваць вашы імкненні зрабіць планету яшчэ больш небяспечным месцам для нашых дзяцей і ўнукаў», – канстатаваў Аляксандр Рыгоравіч. Бацька 5 ліпеня накіраваў віншаванні і з Днём Незалежнасці Венесуэлы, звярнуўшыся да кіраўніцтва, да выконваючай абавязкі прэзідэнта краіны Дэлсі Элаіну Радрыгес Гомес. Лідар дзяржавы распавёў пра адносіны паміж абедзвюма краінамі. Наш кіраўнік канстатаваў, што нацыянальнае свята – увасабленне мужнасці і самаахвярнасці Сімона Балівара, Франсіска дэ Міранды, а таксама іншых барацьбітоў, што здолелі закласці трывалы падмурак для будучыні суверэннай Венесуэлы. Не мог Бацька цёпла не ўспомніць і свайго сябра і аднадумца Камандантэ Уга Чавеса, сапраўднага лідара і патрыёта. Не сакрэт, што, калі б Чавес сёння быў жывы, беларуска-венесуэльскае супрацоўніцтва выглядала б куды больш салідным. Наш лідар звярнуў увагу, што беларусы першымі падтрымалі Венесуэлу ў найбольш складаны гістарычны перыяд. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што адносіны паміж Мінскам і Каракасам працягваюць дэманстраваць устойлівасць і накіраванасць на ўзмацненне стратэгічнага супрацоўніцтва.

Спецыяльна для «СП»

 Канстанцін КАРНЯЛЮК


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей