Мядзельшчына сустракала не па-летняму шэрым небам і кроплямі надаедлівага дажджу. Паабапал аўтамабільнай шашы амаль на працягу ўсёй дарогі ўзмахамі зялёных галінак-лапаў нас віталі векавыя сос-ны і елкі. Сваімі птушынымі справамі на лугах і палетках займаліся буслы і чаплі. Адным словам, звычайныя маляўнічыя беларускія пейзажы.
Першая сотня крокаў: па Мядзелу
Першапачаткова спатрэбілася не так многа крокаў, каб даведацца пра сам горад. Пра яго гісторыю і асаблівасці расказалі намеснікі старшыні райвыканкама Аляксандр Бразоўскі і Руслан Жук. З прывітальным словам да ўдзельнікаў прэс-тура звярнулася начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінаблвыканкама Вольга Тапдэмір.
Такім чынам, мы даведаліся, што Мядзел упершыню ў пісьмовых крыніцах узгадваецца ў 1324 годзе ў пісьме Гедыміна рыжскаму епіскапу. Замак жа на паўвостраве возера Мядзел з’явіўся пазней. У дакументах ХV–ХVІ стагоддзяў сустракаюцца тры імёны з назвай «Мядзела». Лічыцца, што «Малым Мядзелам» называўся Кабыльнік (цяперашні аграгарадок Нарач). Стары і Новы Мядзел, з якіх утварыўся сучасны горад, яшчэ сто гадоў таму былі асобнымі мястэчкамі. На картах ХVІ стагоддзя Мядзел адзначаны ўжо як «судебный город, где разбираются дела шляхты». З 1793-га – казённае мястэчка ў складзе Расійскай імперыі.
У 1921–1939 гадах (у складзе Польшчы) – мястэчка, цэнтр гміны Дунілавіцкага (пазней – Пастаўскага) павета Віленскага ваяводства. З канца 1940-га — райцэнтр Вілейскай вобласці (з 20 верасня 1944 г. — Маладзечанскай). У гады Вялікай Айчыннай вайны быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. А 4 ліпеня 1944-га воіны 850-га стралковага палка 277-й стралковай дывізіі 3-га Беларускага фронту разам з партызанамі вызвалілі Мядзел.
17 лістапада 1959 года населены пункт атрымаў статус гарадскога пасёлка, а 30 снежня 1998 года – горада.
Наступныя дзве тысячы: «Аптекарский сад»
Каб убачыць дзівосы названага месца, прыйшлося крыху патупаць. Але яно таго каштавала, бо шматлікая колькасць кветак і травак парадавала сваёй разнастайнасцю. Адразу нагадаю, што гэты экскурсійна-турыстычны комплекс знаходзіцца ў маляўнічым кутку Нарачанскага краю – на тэрыторыі самага вялікага ў Беларусі вытворчага камбіната лячэбнай сыравіны і лекавых раслін. У непасрэднай блізкасці ад Нацыянальнага парку «Нарачанскі» на плошчы 1,6 га і раскінуўся ўнікальны парк, дзе прадстаўлена больш за 250 лекавых раслін з усіх кантынентаў нашай планеты, прывезеных і адаптаваных да нашага клімату. У аснове планіроўкі парку закладзены прынцыпы стварэння аптэкарскіх гарадоў сярэднявечных манастыроў Еўропы.
Тут сабраны батанічныя калекцыі лекавых траў і іншых раслін, якія аформлены ў тэматычныя кампазіцыі і арт-аб’екты. Кожны куток цікавы і па-свойму ўнікальны.
Так, у «Зеленом лабиринте» наведвальнікі змогуць загадаць запаветныя жаданні, убачыць агарод ядавітых раслін. «Аптекарский огород» пазнаёміць з вострымі араматычнымі раслінамі і легендарнай раслінай старажытных інкаў і ацтэкаў – амарантам, з якога пяклі хлеб на працягу 8 тысяч гадоў.
Ва ўваходзе ў «Ледниковый период» гасцей сустракае жывы выкапень – дрэва гінкага білоба, якое дайшло да нас з далёкай палеазойскай эры, і марознік, які расцвітае ў студзені, у канун Божага Нараджэння.
Адчуць дзіўны водар траў можна ў кутку «Целебная кладовая». Душыца, зуброўка, календула, палын, эстрагон, бадан, радыёла ружовая, бузіна чорная напоўняць вас пахамі і здароўем.
Утульны ложак з зялёнай травы запрашае ў «Сонное царство Морфея». Восем відаў мяты, лаванда, рута духмяная, эхінацэя пурпурная аказваюць гарманізуючае ўздзеянне на арганізм, напаўняюць спакоем і радасцю.
Яшчэ пару тысяч крокаў: Наносы
Што можна сказаць: трапляючы ў Наносы – трапляеш у сапраўдную казку, дзе гасцінна запрашаюць амаль казачныя домікі, бо гэты аб’ект адпачынку ўяўляе сабой гістарычны комплекс, які дае магчымасць пагрузіцца ў атмасферу мінулых стагоддзяў.
Калі вы вырашыце тут адпачыць, то паспрабуеце сапраўднае вясковае жыццё і даведаецеся, што такое падымацца з першым кукарэканнем пеўня, як паліць рускую печ і гатаваць у ёй ежу, збіраць агародніну, даглядаць курэй ва ўласным куратніку, варыць медавуху, рабіць каўбасу, лавіць і вэндзіць рыбу, даіць карову, біць масла, варыць сыр і адтопліваць тварог. Адным словам, рабіць усё тое, чым займаліся нашы продкі.
Кожны дом мае гасцёўню з кухняй і рускай печчу, спальню з двухспальным ложкам, дзіцячы пакой з ложкам і ляжанкай, лазню, асобны санвузел. На тэрыторыі дома ёсць вулічная альтанка з мангалам, склеп з саленнямі і марынадамі.
А яшчэ надзвычай яскравае ўражанне пакінуў вадзяны млын, які працуе па-сапраўднаму і на якім можна змалоць муку. Калі вы прыхільнікі самавараў, то вас запрашае вельмі цікавы музей, дзе сабрана так мною і непадлічаная іх колькасць, пры тым самых розных канфігурацый.
Плюс тры тысячы крокаў: «Сосны»
Вось мы ступаем на зялёны дыван акуратна падстрыжанай травы, крыху праходзім – і трапляем на самы што ні на ёсць марскі пляж з усімі неабходнымі атрыбутамі: бясконцай воднай гладдзю, залатым пясочкам, сучаснымі ляжанкамі. Таму не памылюся, калі скажу, што гэта адзін з самых прыродных санаторыяў Беларусі. Ён размешчаны на беразе возера Нарач у асяроддзі векавога лесу Нацыянальнага парку «Нарачанскі».
Санаторый «Сосны» быў заснаваны ў 1976 годзе і з тых часоў стаў адной з самых вядомых і папулярных лячэбніц не толькі ў Мінскай вобласці, але і ва ўсёй краіне. Кожны год больш за 10 тысяч гасцей выбіраюць для адпачынку і аднаўлення свайго здароўя менавіта яго.
Асаблівасцю санаторыя «Сос-ны» з’яўляецца яго ўнікальны мікраклімат. Таму разумееш: прырода тут стала сапраўдным лекарам, які дапамагае ўмацаваць здароўе. Крыху сучаснасці дадаюць арганізацыя харчавання ў выглядзе шведскага стала, більярд, боулінг.
Роздум падчас вяртання
У дарозе вельмі добра думаецца. Таму, вяртаючыся дадому, перагортвала малюнкі Мядзельшчыны – і шчыра зайздросціла людзям, якія там жывуць. Кожны дзень прачынацца і разумець, што твая малая радзіма надзвычай цікавая і прывабная, – вельмі прыемна. Але пашанцавала і нам, усім беларусам, таму што Мядзельскі край – часцінка нашай вялікай Радзімы.
…Паглядзела на разумны гадзіннік: колькасць крокаў склала амаль 10 000. Што ж, атрымалася своеасаблівая перазагрузка: такая колькасць вельмі карысна для дыхальнай сістэмы – лёгкія лепш напаўняюцца кіслародам і актыўна працуюць. Гэта выдатная трэніроўка і сардэчна-сасудзістай сістэмы: у час руху сэрца пачынае скарачацца больш часта і актыўна, сасуды напаўняюцца крывёю, іх тонус павышаецца. А разам з карысцю для здароўя папоўніліся веды і значна палепшыўся эмацыянальны стан. Хочаце добрага настрою і здароўя – уперад на Мядзельшчыну!
Фота аўтара

Комментарии