Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Семь дней от рождения – и война: почему судьба Таисии Примак из Копыльского района стала напоминанием о цене мира

22.06.2026

Лёс жанчын, якім давялося застаць ваеннае ліхалецце, незайздросны. Такі ж ён і ў тых, чыё дзяцінства супала з Вялікай Айчыннай. Прыклад таму – Таісія Францаўна Прымак (Зубовіч).

7 дзён было Таісіі Францаўне Прымак (у дзявоцтве Зубовіч ), калі грымнула вайна. Брату споўнілася сем гадоў, сястрычцы – чатыры. Жылі ў Старыцы побач са спіртзаводам.

Ноччу, у час бою паміж адступаючымі чырвона-армейцамі і акупантамі, загарэлася новая хата. Бацькі Франц Францавіч і Алена Сцяпанаўна Зубовіч, што змаглі выратаваць з маёмасці, выкінулі з будынка праз вокны, з хлява павыганялі жывёлу. Таісу вынеслі з калыскай у зараснік крапівы. Дарослыя, брат Валік і сястра Ніна з клункамі праз лес рушылі ў пасёлак Заполле. Апамяталіся, што забыліся неўмаля і прапала карова. Бацька вярнуўся і забраў дачушку. Увечары з поўным вымем малака прыйшла і карова.

Пасяліліся ў дзядулі Сцяпана Зенюка – усіх сем чалавек. Сям’я дапамагала партызанам. 7 лістапада 1942 года карнікі акружылі партызанскую зону ў старыцкім лесе. Бацька яшчэ ўвечары павёз выпечаны хлеб народным мсціўцам. Раніцай у акно пастукаў Толік Салановіч са Слабодкі і папярэдзіў пра небяспеку. Праз раку быў разбураны мост, і нямецкія матыцыклісты прыпыніліся – вырашылі, што пераправа замініравана. Яны чакалі сапёраў. Жыхарам пашанцавала ўцячы. Дзядзька Франусь Язвінскі запрог каня, хуценька пасадзіў на воз некалькі сем’яў аднавяскоўцаў з малымі дзецьмі і накіраваўся ў лес. Увесь дзень знаходзіліся ў загадзя выкапанай зямлянцы, чулі, як ішоў бой у Старыцы. Мароз, холадна і голадна. Увечары запалілі вогнішча. Па святле агню карнікі адкрылі стральбу з кулямёта. Прыйшлося перабрацца глыбей у лес. Раніцай наступнага дня вырашылі вярнуцца ў вёску. Вось тут на уцекачоў выйшлі гітлераўцы, якія схапілі ўсіх мужчын ад 17 гадоў і старэйшых. Ахвяр завялі пад вясковую сушню і расстралялі. Выратавацца змог толькі Лёва Мысліцкі. Астатнім загадалі садзіцца ў воз і рухацца ў бок шашы. Конь заграз у нізіне. Дарослыя ніяк не маглі выштурхнуць воз, колы трывала ўселі ў гразь. І гэта выратавала людзей. З імі застаўся толькі адзін канваір. Ён глядзеў на ўсе гэтыя намаганні, ды ўрэшце махнуў рукой, паказаў куды тым рухацца, а сам пайшоў даганяць сваіх. Дзяцька Франусь распрог каня, высек добры кол. Усе разам наваліліся на рычаг, выцягнулі колы, выпхнулі воз з забалочанай глебы і павярнулі дамоў. Знайшлі забітага дзядулю Сцяпана. Спачатку яго пахавалі ў вішняку на агародзе, а пасля вайны – на могілках у Слабада-Кучынцы.

Пасля вызвалення Капыльшчыны бацьку Франца Францавіча прызвалі ў Чырвоную армію. Чым бліжэй быў Дзень Перамогі, тым больш станавілася ў пасёлку ўдоў. З 16 гаспадарак – восем мужчын загінула. Пахавальны ліст на Франца прыйшоў у сельсасавет праз два тыдні пасля ўсенароднага свята. Старшыня і сакратар не ведалі, як Алене Сцяпанаўне і тром яе дзецям паведаміць, што малодшы сяржант 399-й стралковай дывізіі Зубовіч Франц загінуў 6 мая 1945 года ва Усходняй Прусіі. Мужна жанчына перанесла горкую вестку. Бяссонныя ночы, велізарныя турботы – усё гэта лягло на плечы салдацкай удавы. Толькі праз 50 гадоў старэйшы ўнук Барыс пабывае на магіле дзядулі.

Маці працавала ў калгасе ў суседняй вёсцы, а дзеці самі глядзелі хатнюю гаспадарку. Калі ў пасёлку арганізавалі паляводчую брыгаду, яна прыходзіла ўжо на абед. Пенсія за загінулага бацьку ішла на самае асноўнае: запалкі, соль і крыху хлеба. Па галоўны прадукт маці ездзіла ў Мінск. Калгасны вадзіцель на паўтаратонцы вечарам вёз жанчын у горад. Раніцай займалі чаргу, у якую станавіліся некалькі разоў, каб зрабіць добры запас на месяц. Хлеб падвешвалі да столі, і яго дзеці атрымлівалі маленькімі кавалачкамі на сняданак, абед і вячэру.

У школу хадзілі за два кіламетры. Узімку дарогу замятала снегам. Старэйшыя прабівалі сцяжынку для малодшых. Калі замярзала рака, ішлі па лёдзе. Таіса пад-расла, стала камсамольскай актывісткай, удзельнічала ў школьнай самадзейнасці. 10 клас скончыла ў 1959 го-дзе, але вучыццца далей не пайшла: не было сродкаў, добрага адзення і абутку. Нарэшце перабраліся ў Слабада-Кучынку. Прыйшлося спачатку туліцца ў хляве, спалі на сене, ежу гатавалі на кастры. Паставілі печку ў новай хаце, жылі з земляной падлогай, пакуль не набылі дошак, але і гэтаму былі рады. Адзін год дапамагала глядзець малога пляменніка, а затым пайшла працаваць у родны саўгас «Крыніца». Спачатку на ферме, а далей усё жыццё – у паляводстве. Стала перадавіком сельскай гаспадаркі. Заўжды была надзейным, старанным і працавітым чалавекам. Рана падымалася, даіла карову, паспявала на некалькі гадзін выйсці на праполку асабістай нормы буракоў або выбірала бульбу. Прыбягала дамоў, гатавала сняданак для дзяцей, адпраўляла іх у школу, а сама ішла ў саўгас. За 35 гадоў стажу адзначана медалём «Ветэран працы», шматлікімі знакамі «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва» і «Ударнік 9, 10, 11 пяцігодкі». У час сходаў і ўрачыстасцей заўсёды запрашалася ў прэзідыум, яе парт-рэт вісеў на Дошцы гонару, а прозвішча ўнесена ў Кнігу працоўнай славы саўгаса. У адносінах да людзей шчырасць, сардэчнасць, дабрыню і павагу ставіла на першае месца.

Цяжкі і няпросты лёс Таісіі Францаўны Прымак. Але, нягледзячы на гэта, пранесла праз жыццё і захоўвае ў сэрцы любоў да сваёй зямлі, памяць пра франтавікоў. Дзякуй Вам за чуласць і адкрытасць, сумленнасць і працавітасць, за кветкі, прынесеныя Вамі, якія заўсёды ляжаць ля помніка абаронцам 1941 года ў вёсцы Слабада-Кучынка!

З успамінаў Таісіі Францаўны Прымак:

«Для мяне вайна заўсёды застаецца страшным горам, якое здарылася з нашым народам і маёй сям’ёй. Я ніколі не ведала бацькоўскай ласкі. Увесь час праца, праца і толькі праца. Пасляваенныя гады былі самыя галодныя. Заўсёды хацелася есці. Таму ішлі ў лес па першыя ягады і грыбы, збіралі арэхі, розныя травы. Самай смачнай стравай было шчаўе, якое вымочвалі ў вадзе, змешвалі з кавалачкамі бульбы і яек.

Вельмі ўдзячна брату Валянціну. Ён падлеткам працаваў на валах, бо коней у калгасе не хапала. Пасля працоўнага дня дапамагаў аднавяскоўцам узорваць соткі, хадзіў з плугам і сошкай. Што давалі людзі, сам не еў, прыносіў дамоў. Лустачку хлеба, некалькі параных бульбін, трошкі сальца, а калі пашчасціць, кавалачак цукру – усё аддаваў мне, падкормліваў. Калі пайшоў служыць у армію, то стала цяжэй. Помню, як прыйшоў наш Валічак у водпуск, а сустрэць яго няма чым. Дзякуй старшыні калгаса Кацнельсону Ш.М., што выпісаў нам з фермы 10 літраў малака і пяць кілаграмаў мукі са збожжасклада, каб варыць зацірку і пячы блінцы.

Быў час, што не хапала карове сена. Таму карміцельку выпускалі ў поле, дзе стаялі калгасныя сцірты. Кароўка пад’есць – і дамоў. Прыходзілася плаціць падатак дзяржаве малаком, мясам і яйкамі. Каб закрыць план па мясе, трымалі трусоў, травы навокал хапала. Трэба было здаваць і скуру кабана. Каб ніхто не бачыў, калолі свіней ноччу. Каб выжыць, усёй сям’ёй працавалі на нарыхтоўцы торфу. Толькі там плацілі «жывыя» грошы, што было добрай прыбаўкай у сямейны бюджэт. Капалі торф рыдлёўкамі, рэзалі яго на брыкеты, сушылі і складвалі ў невялікія піраміды, каб добра прадуваў вецер. За свой першы заробак (350 рублёў) купіла гадзіннік і была шчаслівая немаведама як. Сёння жыву дзецьмі, унукамі і праўнукамі. Хачу толькі аднаго: каб на зямлі заўсёды быў мір!»

Барыс ДЗЕНІСЮК, член «Беларускі саюз журналістаў»

Фота з архіва Таісіі ПРЫМАК (адноўлена з дапамогай ШІ)


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей