У парадку асабістым...
Гэтая бядовая традыцыя павялася ў нас, мусіць, яшчэ з савецкіх часоў, калі ўсялякага кшталту пісуны досыць актыўна накіроўвалі свае лісты ва ўсе магчымыя і нават немагчымыя арганізацыі, адкуль адказу можна было нават не дачакацца. Але не здаваліся ўсё роўна. Слалі допісы нават ананімныя, са змененымі прозвішчамі. Ананімныя наогул з некаторых часоў перасталі разглядаць, аднак калі там утрымлівалася асабліва небяспечная інфармацыя, усё роўна вывучалі пытанне.
Раней скардзіліся абсалютна на ўсё і ўсіх – жонку, мужа, дзяцей, якія не дапамагаюць ім, старым ды нямоглым, начальнікаў са свайго месца працы, ЖКГ, злосных, п’яных суседзяў, парушэнні ў гандлі, якасць дарог, настаўнікаў і дактароў, крытыкавалі органы мясцовай улады і інш. Скардзіліся раней людзі і прама ва ўстановах, крамах, аптэках – можна лёгка было запатрабаваць ад адміністрацыі кнігу скаргаў і прапаноў. Праўда, прапаноў было не так багата, пісунам найбольш падабалася форма скаргі. Быццам заўтра гэты аблезлы магазін стане шыкоўным супермаркетам. А ў некаторых крамах кніжкі скаргаў наогул былі выстаўлены ў адкрытым доступе – на спецыяльнах стэндах. Пішы – не хачу! Праўда, найбольш хітрыя адміністратары з цягам часу набывалі запасныя кніжкі – для актыўных пісуноў у зале, а для правяраючых органаў – у запасніках. У апошніх жа ўсё было прыстойна і амаль без заўваг...
…і не зусім
Я пра гэта ўспомніў, калі нядаўна паглядзеў перадачу «У панядзелак дойдзе да Лукашэнкі». Гэта досыць цікавы новы праект, у якім беларускія рэпарцёры аналізуюць ролікі, што завірусаваліся ў TikTok, дапамагаюць вырашаць насельніцтву шматлікія праблемы, выводзяць на чыстую ваду махляроў, мясцовыя і сусветныя фэйкі. Гэты праект стартаваў напрыканцы мая на тэлеканале Беларусь 1 і ўжо выклікаў вялікую цікавасць у гледачоў. Адзначым, што новая праграма Белтэлерадыёкампаніі амаль не мае аналагаў на БТ. Мэта праекта – рэвізія сацыяльных сетак, разгляд скаргаў, праблем, крыўдаў, рабочых ды звычайных жыццёвых гісторый. Дарэчы, перадача набрала ўжо мільёны праглядаў. Вось што трэба народу. А не бясконцыя крымінальныя здарэнні. Не спяваючыя трусы ды аголеныя лыткі дзяўчатак, не напоўненыя паралонам іх грудзі на сцэне... Бо ў спевака душа і сэрца павінны спяваць, а такіх пявунняў добра, калі набярэцца з дзясятак на ўсю Беларусь.
Так, назва атрымалася вельмі гучнай. Будзем спадзявацца, што сацсеткі чакае маштабная рэвізія. Даўно пара. А то інтэрнэт пераўтварыўся ўжо ў велізарны сусветны сметнік. За праект узялася выдатная троіца дзяўчат, якая павінна дапамагаць нам, гледачам, аддзяляць адкрытыя фэйкі ад сапраўдных сігналаў народу з месцаў прапіскі. Хочацца не сумнявацца, што кожны рэзанансны зварот абавязкова апынецца на сталах Стэфаніі Віннічак, Настассі Бенедзісюк і Дар’і Рачко. У добры шлях ці ні пуху ні пер’я.
Вядома, нешта падобнае было і раней і, на шчасце, захавалася. Многім палюбілася праграма-доўгажыхар «Белорусское времечко», у якой таксама прысутнічаюць скаргі, заўвагі жыхароў з усіх куточкаў Сінявокай – пастаянныя, часовыя, але актуальныя. Гэта нібы цэнтральны пост Беларусі, калі рэпарцёры іншых праграм таксама могуць выехаць у госці да аўтараў скаргаў па своеасаблівых заяўках на месцы, адкуль прыляцела маланка-скарга. Затым ужо больш скрупулёзна аналізуюцца, разглядаюцца праблемы ў выпусках іншых тэматычных праграм.
Першы дапаможа
Безумоўна, найбольш смелыя ды шустрыя пачалі пісаць яшчэ напрыканцы ХХ стагоддзя і працягваюць досыць актыўна гэта рабіць і сёння асабіста Прэзідэнту, у яго Адміністрацыю. Бо перакананы, ведаюць – Першы заўсёды дапаможа. Сам Аляксандр Рыгоравіч вельмі сур’ёзна ставіцца да такіх скаргаў, прапаноў, якія прыходзяць з самой гушчы народа. Вось і нарадзілася такая новая перадача. Тым больш зусім не сакрэт – беларусы не перастаюць давяраць свайму лідару. Людзі перакананы, што калі за разгляд возьмецца сам Бацька – усё будзе як след, якасна і хутка вырашана. «Гэта чынушы на месцах недапрацоўваюць», – так тлумачыць Прэзідэнт. Рэзананс перадачы атрымаўся ўдалы ды перспектыўны – пачалі прыходзіць лісты. Людзі тэлефануюць. Гэта якраз красамоўны адказ-доказ заакіянскім цётухнам ды дзядзечкам, што ў Беларусі няма свабоды слова. Хоць нам і не трэба ні перад якім калектыўным Захадам апраўдвацца – мы незалежная суверэнная дзяржава. А свае забугорныя заўвагі няхай яны пакінуць урсулам, барэлям ды каям падчас іх інтымных застолляў-псеўдаканферэнцый.
Мінск не можа весці дыялог з тымі, напрыклад, хто заклікае да санкцый. Нельга ні ў якім разе пагадзіцца, што ў Беларусі няма свабоды слова ці альтэрнатыўных поглядаў. Сёння з’явіліся паўсюдна нават дыялогавыя пляцоўкі – месцы для камерных і ўсенародных абмеркаванняў. Яны заўсёды былі, а, кажучы, напрыклад, пра сітуацыю 2020 года, некаторыя нават гэтым злоўжывалі. Асобныя гора-журналісты і шэраг СМІ, у тым ліку і беларускіх, замест аб’ектыўнай інфармацыі, займаліся ахайваннем уладаў. Болей за тое, яны самі бралі ўдзел у многіх антыўрадавых дзеяннях. Што наогул вельмі далёка ад аб’ектыўнай журналістыкі. У нас не будзе ніякага дыялогу з тымі, хто праводзіць антыдзяржаўную палітыку і заклікае да санкцый, патрабуе аказаць ціск на Беларусь, з задавальненнем паціраючы рукі, калі ўводзіцца новы пакет санкцый.
Пры чым тут палітыка?
Недапушчальна, калі некаторыя СМІ, у тым ліку і ў інтэрнэце, займаюць свядома антыўрадавую пазіцыю і выступаюць у ролі нейкіх апазіцыйных ідэолагаў. Болей за тое, калі шэраг няўрадавых арганізацый пад выглядам экалагічных, гуманітарных праводзяць антыдзяржаўную дзейнасць – гэта таксама антызаконна. І зусім заканамерна, што беларускія ўлады вымушаны прымаць адпаведныя рашэнні і адэкватна рэагаваць на такія рэчы, каб не дапускаць паўтору падобных сітуацый у будучым.
Напрыклад, не так даўно ў Рызе прыйшлі да высновы, што сайты некаторых нашых выданняў, тэлеканалаў і інфармагенцтваў выкарыстоўваюцца для падтрымкі «агрэсіўнай расійскай прапаганды». Латвійскія ўлады закрылі доступ да сямі расійскіх і двух беларускіх СМІ, паведамляла LRT. Так чамусьці вырашыў Нацыянальны савет па электронных СМІ ў Латвіі. Мясцовыя ўлады палічылі, што гэтыя рэсурсы распаўсюджваюць скажоную і лжывую інфармацыю пра ўкраінскі канфлікт. І, наадварот, усе мы помнім свежыя выпадкі блакіроўкі беларускіх тэлеканалаў у інтэрнэце. Калі скажаюцца цытаты з беларускіх публікацый – і сам змест тады наогул мяняецца.
Я перакананы, што свабода слова ў Беларусі не будзе парушана, а айчынныя СМІ змогуць працаваць, як і раней. Пры гэтым нам, карыстальнікам друкаваных і электронных медыя, вельмі важна навучыцца аддзяляць сапраўдныя сродкі інфармацыі ад тых, якія толькі прыкрываюцца гэтым імем – толькі для таго, каб праводзіць антызаконную дзейнасць. Антыбеларускую палітыку. Тым, хто называе сябе прэсай, хто ганарова называе сябе журналістам, рэпарцёрам, хто выносіць на суд людзей аб’ектыўную, канструктыўную крытыку – не па дарозе з тымі, хто, прыкрываючыся імем журналіста, займаецца дэструктыўнай, падрыўной крытыкай, дыверсійнай дзейнасцю. Ворагі нашага друку ствараюць усялякага кшталту экстрэмісцкія Telegram-каналы, іншыя СМІ для таго, каб парушыць нашу самую прыгожую ў свеце дзяржаву. Ворагі-журналісты нашай дзяржаўнасці не павінны працаваць у нашай краіне.
У нас свабода слова ніколі не прыцяснялася і не будзе прыцясняцца. Пра гэта сведчыць і новая перадача «У панядзелак дойдзе да Лукашэнкі». Загучаў голас народа. Нездарма нават кніга пра Бацьку, якая атрымала пачэсную назву «Наш Прэзідэнт», ужо паспела стаць сапраўды народнай. Гэта ўсё базавыя каштоўнасці нашай нацыі, айчыннага друку, айчыннай духоўнасці.
І трэба вучыцца нам усім разам разумець і ўсведамляць, што дзякуючы сталічным, абласным, раённым газетам, нацыянальнаму тэлебачанню і радыё агольваюцца шматлікія сапраўды народныя праблемы, якія не перастаюць хваляваць грамадзян. І гэта выдатна вырашаецца як у салідных звышразумных сталічных публікацыях, так і ў просценькіх, на першы погляд, перадачах, якія разлічаны на простага чалавека. Таго, што едзе побач з намі ў грамадскім транспарце і чытае газету ці кнігу. Народныя праблемы заўсёды бачны ўладам, Прэзідэнту. Яны імкнуцца вырашаць іх. Гэта працэсы, якія дазваляюць зрабіць наша жыццё лепшым. Яшчэ больш прыгожым і добрым, дзе значна менш зла і абыякавасці – у нашай Бацькаўшчыне.
Спецыяльна для «СП»
Канстанцін КАРНЯЛЮК

Комментарии