Гэта неардынарная асоба, рэжысёр Цімкавіцкага народнага тэатра і дзіцячай студыі, стваральнік музеяў Кузьмы Чорнага і 17-га Чырванасцяжнага пагранічнага атрада, чалавек вялікай душы, які даў пуцёўку ў жыццё многім пакаленням цімкаўцаў. Пра тое, якой запомнілі знакамітую зямлячку, расказалі яе выхаванцы.
Выпускнік школы 1958 г. Эдуард ПОДЧАРКАЎ:
– Той час майго жыцця запомніўся як самы цікавы. Калі я вучыўся, школа размяшчалася ў пяці хатах на розных вуліцах. Гэта было нязручна і для настаўнікаў, і для вучняў. Зінаіда Іосіфаўна пастаралася, каб у Цімкавічах пабудавалі новую трохпавярховую школу. Будаўніцтва пачалося ў 1958 годзе, а ў 1960-м ужо стаяла прыгожая цагляная школа. Працавалі рабочыя са Слуцка, не засталіся ў баку і былыя выпускнікі. Я сам паўгода працаваў на будаўніцтве школы. Зінаіда Іосіфаўна кантралявала ўвесь працэс. Сіламі настаўнікаў і вучняў-старшакласнікаў былі ўзведзены інтэрнат, майстэрні, гаражы, музей Кузьмы Чорнага, цір. Былі ў школе свая грузавая машына і аўтобус.
Выпускніца 1973 года, былая настаўніца гісторыі і геаграфіі Таццяна ХАЎРЭНКАВА:
– 3 вялікім задавальненнем і захапленнем я ўдзельнічала ў гуртках, грамадскім жыцці школы. З першага класа займалася ў танцавальным гуртку. У нашым рэпертуары былі беларускія, украінскія, рускія, малдаўскія, венгерскія танцы. Асабліва мы бераглі новыя беларускія касцюмы, якія з’явіліся ў нас дзякуючы Зінаідзе Іосіфаўне. Яны былі сшыты па заказе. Кожны касцюм каштаваў 60 рублёў (заробак маёй мамы, медыцынскай сястры, тады складаў 75 рублёў).
Калі я вучылася ў 8 класе, наш піянерскі атрад стаў лепшым у школе і атрымаў ганаровае права займацца ў класе-пакоі імя У. І. Леніна. На той час мы былі вельмі адказныя, сумленныя, патрыёты сваёй школы, вёскі, Радзімы. Я жыла школай, любіла яе, мне хацелася хадзіць туды і найперш таму, што ў яе сценах панавала цёплая таварыская і творчая атмасфера. Безумоўна, у гэтым была вялікая заслуга дырэктара школы Зінаіды Іосіфаўны.
Былая настаўніца біялогіі Марыя ПОДЧАРКАВА:
– Зінаіда Іосіфаўна была вельмі патрабавальным і адказным чалавекам. Неяк трэба было выступаць з канцэртам, але адзін з удзельнікаў адчуваў сябе не зусім добра. Яна сказала: «Падымайся, паедзем выступаць, бо мы не маем права зрываць канцэрт».
Разам з тым была і добразычлівая. Часта дарыла сваім знаёмым, блізкім рэчы, якія сама шыла, вязала. Вось у мяне і сёння ляжаць дзве яе сурвэткі. 3 Латвіі прыехала аднакласніца сына Вальдэмара і зайшла да Зінаіды Іосіфаўны ў госці. Даведаўшыся, што тая заўтра ад’язджае дамоў, Зінаіда Іосіфаўна захацела зрабіць ёй што-небудзь добрае. За ноч звязала шапачку і шалік.
Выпускніца школы 1966 г. Зоя ЛЯВАР:
– Зінаіда Іосіфаўна была валявой, разумнай жанчынай, выдатным настаўнікам, кіраўніком з вялікай літары. Яна не баялася ніякай працы. Сама шыла касцюмы для тэатра, танцавальнага калектыву, добра вышывала. Нават калі рамантавалі школу, сама падбірала колер і змешвала фарбы, не давяраючы нікому. У яе быў адмысловы густ да ўсяго. Я не ведаю чалавека ёй падобнага ў адносінах да працы, да лю-дзей. У школе было шмат гурткоў. Пад кіраўніцтвам Кляменція Іванавіча Лятчэні іграла на домры ў аркестры народных інструментаў. Той час пакінуў у мяне вялікія ўражанні на ўсё жыццё.
Былая старшая піянерважатая Антаніна ЖУК:
– Той далёкі час самы цікавы ў маім жыцці. Гэта былі гады духоўнага пад’ёму настаўніцкага і вучнёўскага калектываў. У школе працавалі духавы і струнны аркестры, танцавальны і харавы калектывы, а таксама Цімкавіцкі народны тэатр. Са спектаклямі мы выступалі ў многіх кутках Беларусі, шмат куды ездзілі і на экскурсіі. Праводзілася вялікая пошукавая работа па стварэнні музея 17-га Чырванасцяжнага пагранічнага атрада і Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага. Я вельмі ўдзячна лёсу, што ён звёў мяне з такім цікавым чалавекам, як Зінаіда Іосіфаўна. Яна навучыла мяне жыць і працаваць. Сама прысвяціла ўсё сваё жыццё школе і давала зарад у рабоце ўсяму калектыву.
Былы бібліятэкар школы Ніна НІКАЛАЙЧЫК:
– Заўсёды з пачуццём радасці ўспамінаю пастаноўкі ў Цімкавіцкім народным тэатры. Зінаіда Іосіфаўна была вельмі тонкім псіхолагам. Яна добра разумела людзей і магла кожнаму падабраць ролю па яго характары і здольнасцях. Усе мы з задавальненнем удзельнічалі ў Цімкавіцкім народным тэатры.
Былы дырэктар Цімкавіцкай школы імя Кузьмы Чорнага Ганна ШАРАВАР:
– Зінаіда Іосіфаўна была і застаецца для ўсіх нас прыкладам сапраўднага кіраўніка. Я пастаралася пераняць яе арганізатарскія здольнасці, няўрымслівасць, працавітасць і энтузіязм, а таксама ўменне знайсці падыход да кожнага настаўніка. У рабоце прытрымлівалася тых кірункаў, якім былы дырэктар аддавала перавагу: эстэтычнаму і патрыятычнаму выхаванню школьнікаў. Чалавек, які не вучыўся, пазней пры жаданні навучыцца. Больш важна выхаваць сапраўднага чалавека. Нездарма мы ганарыліся і ганарымся вучнямі нашай школы.
Выпускнік 1981 г., удзельнік дзіцячай студыі пры Цімкавіцкім народным тэатры Алег КОРШАК:
– За ўсё, што бралася рабіць, Зінаіда Іосіфаўна рабіла з душою, укладваючы сябе ў любую справу. У пятым класе роля прыёмнага сына ў спектаклі «Месяцовая саната» дасталася мне. Усё было незвычайна. Мы шмат ездзілі з пастаноўкай. Нас заўсёды вельмі добра сустракалі гледачы. На першыя грошы, якія атрымаў, купіў скураны футбольны мяч.
У 7-8 класах Зінаіда Іосіфаўна дала ролю Нязнайкі ў спектаклі дзіцячай студыі пры Цімкавіцкім народным тэатры. Гэта было весела і цікава. Ролі выконвалі мае аднакласнікі.
Дэкарацыі і дэталі касцюмаў рабілі разам з Зінаідай Іосіфаўнай. А вось капялюш Нязнайкі дапамагала мне рабіць мая маці. Зінаіда Іосіфаўна падчас спектакля была пастаянным суфлёрам. Гэту справу не давярала нікому, а вось трапную імправізацыю адабрала.
Выпускніца 1967 года, былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла БАКУН:
– Зінаіда Іосіфаўна была незвычайным эстэтам. Яна бачыла прыгожае ва ўсім: у прыродзе, у характары чалавека, у адзенні. Мне вельмі запомнілася, як яна ішла па новай школе. Яна была незвычайна прыгожа апранута: строгі блакітны касцюм, пад ім шыфонавая кофта з жабо і белыя туфелькі. Дырэктар нават не ішла, а ляцела, і ўсе вучні зачаравана глядзелі на яе. Дарэчы, мая мама, ды і ўсе дарослыя жанчыны Цімкавіч бралі з яе прыклад, як стыльна, прыгожа апранацца і выглядаць.
Калі я ўжо прыйшла працаваць у сваю родную школу, праз два тыдні Зінаіда Іосіфаўна завітала да мяне на ўрок у 10 клас. Калі разбіралі ўрок, то дырэктар пахваліла мяне. Яна сказала: «Відаць, што лепшыя настаўнікі нашай школы сталі прыкладам для цябе».
Былая настаўніца рускай мовы і літаратуры Соф’я Барысаўна ПАКАЛЕВІЧ:
– Зинаида Иосифовна Романенко – личность, какие рождаются, на мой взгляд, крайне редко. Она жила школой. Человек очень гармоничный, Зинаида Иосифовна умела все. Чтобы мы, участники дом-рового оркестра, могли достойно выглядеть на рес-публиканском заключительном концерте, за одну ночь сшила девочкам юбки.
Вспоминаю урок литературы в шестом классе, когда Зинаида Иосифовна читала нам рассказ «Хамелеон» А. Чехова. Это был не урок в обычном его понимании, это был театр одного актера, такой модный сейчас. Она и Очумелов, полицейский надзиратель, и золотых дел мастер Хрюкин, и городовой, и генеральский повар, и даже несчастная собачонка. Прошло полвека, а то впечатление не стерлось из моей памяти.
Выпускнік школы 1964 г., доктар тэхнічных навук, прафесар Маскоўскага авіяцыйнага інстытута Уладзімір РОДЧАНКА:
– Калі было прынята рашэнне пабудаваць музей Кузьмы Чорнага, я разам з вучнямі свайго класа збіраў і вазіў на кані каменне на падмурак будынка.Мы расчышчалі тэрыторыю, саджалі дрэвы і кусты.
Зінаіда Іосіфаўна праявіла сябе як выдатны арганізатар, уважлівы настаўнік, улюбёны ў сваю справу чалавек. Яна была цэнтрам культурнага жыцця мястэчка. На мой погляд, яна адна з самых яскравых асоб, якія жылі і працавалі ў Цімкавічах.
Алесь Бельскі, доктар філалагічных навук, прафесар, галоўны рэдактар часопіса «Беларуская мова і літаратура», выпускнік Цімкавіцкай СШ 1980 г.:
– Мне пашчасціла вучыцца ў Цімкавіцкай сярэдняй школе імя Кузьмы Чорнага, дзе працавалі сапраўдныя падзвіжнікі народнай асветы. Асаблівае месца ў маіх успамінах займае Зінаіда Іосіфаўна Раманенка, якая зрабіла вельмі многае для таго, каб Цімкавічы былі не толькі адукацыйна-асветніцкім, але і культурным цэнтрам. Яна стаяла ля вытокаў стварэння музеяў Кузьмы Чорнага і 17-га Цімкавіцкага пагранічнага атрада, гуртавала вакол сябе ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці, часта запрашала на сустрэчы з вучнямі пісьменнікаў і дзеячаў культуры, а таксама знакамітых выпускнікоў нашай школы.
Зінаіда Іосіфаўна выдатна разумела сілу мастацтва ў выхаванні чалавека і ведала: нішто так глыбока не кранае чалавечае сэрца, як цудоўная песня, музыка, пранікнёнае паэтычнае слова, захапляльнае тэатральнае дзейства. Спектаклі ў Цімкавічах ставіліся па-беларуску і мелі ў гледачоў вялікі, ашаламляльны поспех. Пры неабходнасці Зінаіда Іосіфаўна сама бралася за пераклад п’есы таго ці іншага іншамоўнага аўтара. Яна не прымала душэўнай абыякавасці, умела падтрымаць чалавека, натхніць яго на творчасць і самараскрыццё.
Зінаіда Іосіфаўна яшчэ ў школьныя гады заахвочвала мяне да творчасці, напісання вершаў. Дзякуючы ёй мне давялося выступаць перад знакамітымі беларускімі пісьменнікамі – Алесем Адамовічам, Янкам Брылём, Васілём Віткам... Я ездзіў у Мінск, дзе выступаў на роднай мове ў Доме мастацтваў перад Заірам Азгурам і іншымі славутымі дзеячамі культуры.
Пазней мы з жонкай часта бывалі ў гасцях у Зінаіды Іосіфаўны, слухалі яе аповеды пра Цімкавічы і цімкаўцаў, гісторыю школы.
Без такіх педагогаў, як Зінаіда Іосіфаўна Раманенка, не адбыліся б маё сталенне, паўнавартаснае духоўнае і творчае развіццё. Памятаю, як Зінаіда Іосіфаўна настойліва прыспешвала мяне з абаронай кандыдацкай дысертацыі. Яе пазіцыя была простай, але патрабавальнай: не адкладваць, не марудзіць, не спыняцца на паўдарозе, бо ўсё трэба рабіць своечасова. Менавіта такой яна і засталася ў маёй памяці – неабыякавай, мудрай, здольнай падтрымаць і натхніць. Таму і сёння згадваю яе з вялікай удзячнасцю і душэўнай цеплынёй.
Падрыхтавала Людміла НІЖЭВІЧ, пазаштатны аўтар «СП»

Комментарии