Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Дарогами Победы: от Москвы до Будапешта

09.05.2026

Ёсць лёсы, у якіх, як у люстэрку, адбілася ўся гісторыя нашай краіны. Гвардыі сяржант, старэйшы радыётэлеграфіст Пётр Пятровіч Коршук прайшоў усю вайну з першага да апошняга дня.

Ваяваў на Паўднёвым, Заходнім, Паўночна-Заходнім, Бранскім, Сцяпным, ІІ Украінскім франтах і ў Маскоўскай зоне абароны. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях з ворагам, быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За абарону Масквы», «За ўзяцце Будапешта».  У паслужным спісе 12 Падзяк Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Сталіна за вызваленне гарадоў  Белгарада, Харкава, Ясы, Будапешта, Браціславы, Брно і інш. Дзень Перамогі над Германіяй сустрэў у горадзе Фратынгсдорф (Аўстрыя).

Пётр нарадзіўся ў красавіку 1920 года ў вёсцы Крыніца на Капыльшчыне. Цяжкае дзяцінства выпала на яго долю. Згарэла хата. Сям’я тулілася ў зямлянцы. Бацька ўсе сілы кінуў на тое, каб пракарміць шасцёра дзяцей:  за акраец хлеба ішоў працаваць да  гаспадароў, збіраў грыбы ў лесе, лавіў рыбу ў рацэ, насіў з балота сена для каровы.  У халоднай вадзе застудзіў ногі ў лапцях, памёр ад пнеўманіі.  Маці з маленькім Пятром прыходзілася хадзіць па людзях у пошуках ежы. З дапамогай аднавяскоўцаў  пабудавалі новую хату.

Пасля заканчэння Слабада-Кучынскай сямігодкі юнак зарэкамендаваў сябе чалавекам працавітым, адказным, справядлівым, яму былі ўласцівы годнасць і сціпласць, не па ўзросце разважлівасць.  Таму яго аднагалосна прынялі ў камсамол, затым скончыў курсы рахункаводаў і працаваў у калгасе «Зара свабоды».  Ва ўзросце дваццаці гадоў прызвалі ў рады Чырвонай Арміі. Адразу адправілі на паскораны курс падрыхтоўкі радыётэлеграфістаў   у 137-ы Чырванасцяжны артылерыйскі полк.

Вайну сустрэў на Паўд-нёвым фронце ў складзе магутнага 515-га артылерыйскага палка. Ён удзельнічаў у баях за Растоў, а затым у абароне Масквы. Сувязістаў, якія забяспечвалі правадную сувязь на полі бою, нярэдка называлі смяротнікамі. Правады пастаяна рваліся ад асколкаў. Пад шквальным агнём ворага яму прыходзілася шукаць парывы і ўстараняць іх. Ведаў, што на лініі можа застацца назаўсёды. Гэта была праўдзівая рэальнасць вайны. Аднойчы сутыкнуўся з нямецкім разведчыкам нос у нос. Каб выжыць самому, першым паспеў выстраліць.

Вызначыўся ў Арлоўскай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Кутузаў» падчас  Курскай бітвы ў складзе  109-й гаўбічнай артылерыйскай брыгады рэзерву галоўнага камандавання. Разам з пеханцінцамі на перадавой  трапіў пад моцны артылерыйскі і мінамётны агонь праціўніка, але хутка выявіў агнявыя кропкі ворага, звязаўся па радыёсувязі з  камандаваннем артдывізіёна. Нашы адкрылі агонь у адказ і знішчылі два дзоты з кулямётамі і адзін – з супрацьтанкавай гарматай. Пасёлак Крыўцова быў вызвалены з малымі стратамі. За гэты бой радыётэлеграфіст П. Коршук быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі».

Восенню сорак трэцяга ў раёне горада Крэмянчуг знаходзіўся на плацдарме на правым беразе Дняпра, а артылерыя – на левым. Яго своечасовыя і дакладныя паведамленні дапамаглі гаўбіцам стральбой па навясной траекторыі знішчыць вялікую колькасць пяхоты і ўмацаваных кропак праціўніка, унеслі істотны ўклад у хуткую пераправу нашых войскаў.

У лютым сорак пятага разгарэліся кровапралітныя баі за Будапешт. Карэкціраваў стральбу   артылерыі па ваенных аб’ектах горада. Ноччу на правым фланзе фашысты зрабілі спробу выйсці з акружэння, прарваліся блізка да адной з нашых батарэй. Атрымаў  баявую задачу ад камандзіра ўзначаліць групу з трох чалавек і рушыць на дапамогу. На палове шляху чырвонаармейцы сутыкнуліся з дзесяццю гітлераўцамі. Сяржант Коршук зладзіў ім сапраўдную мясарубку, першым кінуўся ў рукапашную, прыкладам аўтамата разбіў галаву  афіцэру, знішчыў трох салдат, шэсць – узяў у палон. За гэты подзвіг быў удастоены медаля «За адвагу», стаў членам ВКП(б). Яшчэ быў паранены ў руку, але адлежвацца ў шпіталі не збіраўся, застаўся на фронце, каб наблізіць перамогу і сустрэць яе разам з аднапалчанамі. За ўзяцце сталіцы Венгрыі 370 тысяч чырвонаармейцаў, у тым ліку і П. Коршук, былі ўзнагароджаны медалём «За ўзяцце Будапешта», які нашы франтавікі прыраўноўвалі да ордэна. Бо гэта была адна з самых цяжкіх аперацый на заключным этапе вайны.

Апошні бой адбыўся 7 мая 1945 года ў аўстрыйскіх Альпах. Перамогу сустрэў у горадзе Фратынгсдорф. Яшчэ адзін год служыў у арміі. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў родную вёску, працаваў простым рабочым у брыгадзе будаўнікоў і ніколі не выстаўляў свае заслугі на паказ. Пётр Пятровіч праводзіў значную грамадскую работу, выбіраўся мясцовым дэпутатам,  многа сіл і энергіі аддаваў ваенна-патрыятычнаму выхаванню працоўных і моладзі  саўгаса «Крыніца». Калі па стане здароўя пераехаў да дачкі ў Гродна, ахвотна сустракаўся са школьнікамі, расказваў пра  суровыя ваенныя гады і  подзвіг савецкага народа, пра што не напісана ў падручніках. А пра сябе – вельмі сціпла.

– Мы былі сынамі розных народаў адзінай краіны, спаяных франтавым брацтвам. Я ўсё жыццё буду помніць сваіх сяброў, якія загінулі за нашу Радзіму! – гэта былі апошнія словы сапраўднага ветэрана.

П.П. Коршук памёр у 1996 годзе, пахаваны на могілках у роднай Крыніцы.

З успамінаў дачкі Валянціны Хвіцько (г. Гродна):

Наш татачка прывёз з вайны трафейны фотаапарат з трыножкам і машынку для стрыжкі валасоў. Але, на жаль, гэтыя рэліквіі да сённяшняга часу не дажылі. Дапамагаў аднавяскоўцам захоўваць важныя падзеі ў жыцці, рабіў фотаздымкі ў час знамянальных для краіны дат, на вяселлях, радзінах, провадах у армію. У нядзелю наша хата ператваралася ў цырульнюЁн стрыг усіх дзяцей і дарослых, нікому не адмаўляў, радаваўся, што да яго з павагай адносяцца людзі. Быў добрым бацькам для нас, траіх дзяцей. Мы нават не чулі павышанага тону яго голасу. Чалавек з «залатымі рукамі» сам пабудаваў хату, зрабіў шмат мэблі і розных бытавых рэчаў. Паколькі мама, Аляксандра Афанасьеўна, працавала настаўніцай у Ленявіцкай васьмігодцы за сем кіламетраў, заставаўся нас, малых, глядзець, каб трохі падраслі. Таму сваю саўгасную працу сталяра выконваў дома: майстраваў драўляныя колы, дугі, вазы, сані, дзверы і інш. Самым шчаслівым днём для яго быў Дзень Перамогі. 9 мая мы ўсе збіраліся ў вёсцы, а затым на маёй гродзенскай кватэры, каб павіншаваць бацьку і дзядулю.

Барыс ДЗЕНІСЮК,

старшыня РА ГА «Беларускі саюз афіцэраў»


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей